Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Іўе)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
53°55′57,25″ пн. ш. 25°46′51,16″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне Іўе
Канфесія каталіцтва
Епархія Іўеўскі дэканат
Архітэктурны стыль першапачаткова — готыка, цяпер — барока/ракако
Дата заснавання 1631
Будаўніцтва 14911495 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000286шыфр 412Г000286
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўлакаталіцкі храм, помнік сакральнага дойлідства XV—XVIII ст. у Іўі Гродзенскай вобл. Касцёл цяпер мала нагадвае гатычны храм, і барочны фасад добра маскіруе яго старажытную гісторыю.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў узведзены ў 14911495 гадах на сродкі Пятра Яновіча, які не паспеў дакументальна аформіць яго будаўніцтва праз сваю раптоўную смерць. У 1499 годзе гэтую справу дарабіў яго сын Ян Пятровіч. Больш за паўстагоддзя належаў арыянам, а ў другой палове XVI стагоддзя быў прыстасаваны пад кальвінскі збор. У пачатку XVII стагоддзя перайшоў ва ўладанне мсціслаўскага ваяводы Мікалая Кішкі, які ў 1612 годзе аддаў яго каталікам[1]. У 1631 годзе з дазволу віленскага біскупа Абрама Войны ён засноўвае пры касцёле кляштар бернардынаў. У часе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. касцёл быў спалены.

Да апошняга часу існуе некалькі датаванняў храму. У энцыклапедычных выданнях па гісторыі і культуры Беларусі адзначаецца, што касцёл быў узведзены ў 16001633 гады на сродкі мсціслаўскага ваяводы Мікалая Кішкі[2], што вынікае з вопісаў касцёла XIX стагоддзя, аднак паводле першапачатковага фундуша, выяўленага ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, заснавальнікам касцёла быў троцкі ваявода Пётр Яновіч[1]. На падставе звестак з захаванага фундуша Алесь Кушнярэч робіць вывад, што касцёл будаваўся ў апошнія гады жыцця ваяводы — у 14911495 гадах[1].

У 1631 годзе ваявода мсціслаўскі і віцебскі, падскарбій літоўскі Мікалай Кішка, уласнік мястэчка, звярнуўся да адміністратара Віленскай дыяцэзіі біскупа Тышкевіча, каб заснаваць пры касцёле кляштар бернардынаў (спачатку планаваў размясціць дамініканцаў). Атрымаўшы дазвол, Кішка падпісаў 10 студзеня 1633 фундацыю і пачаў будаваць для манахаў двухпавярховы брацкі корпус. Касцёл быў кансэкраваны ў 1781 годзе віленскім біскупам Тамашам Зяньковічам. На карце Літоўскай правінцыі ордэна бернардынаў, выкананай гравёрам Гершкам Ляйбовічам у сярэдзіне XVІІІ ст., Петрапаўлаўскі касцёл паказаны як трохнававая базіліка, што, хутчэй за ўсё, недакладнасць. А вось барокавыя франтоны на тарцах кляштарнага корпуса, верагодна, былі на самой справе.

Комплекс кляштара бернардынаў дабудоўваўся і рэканструяваўся і ў другой палове XVІІ ст., і ў XVІІІ ст. У выніку, на пачатку ХІХ ст. гатычнымі ў касцёле заставаліся толькі апсіда і пара контрфорсаў на паўднёвым фасадзе. У астатнім святыня цалкам адпавядала стылю барока – атынкаваныя фасады дэкараваны слаістымі пілястрамі, прарэзаныя арачнымі вокнамі. Над галоўным фасадам узнесліся дзве стромкія чацверыковыя трох’ярусныя тэлескапічныя вежы-званіцы пад фігурнымі барокавымі купаламі, фланкуючы крывалінейны барокавы франтон.

У 1858 годзе кляштар бернардынаў быў скасаваны[2], а манахі высланыя. Касцёл перайшоў у ранг проста парафіяльных, а ў кляштарных мурах было адчынена парафіяльнае вучылішча і зроблена плябанія.

У ХІХ ст. да іўеўскай парафіі належалі філіяльны касцёл у Дудах, капліцы на мясцовых могілках і ў в. Ятаўтавічы (апошняя цяпер далучана да юрацішскай парафіі). Капліца на могілках пад тытулам св. Барбары была пабудавана на сродкі графіні Замойскай у першай палове ХІХ ст. у стылі класіцызм з бутавага каменю і цэглы.

Касцёл да 1914 года. Фота: Ян Балзункевіч

За польскім часам да іўеўскай парафіі далучылася капліца ў в. Урцішкі, касцёл у Дудах стаў цэнтрам асобнай парафіі. Перад ІІ Сусветнай вайной колькасць вернікаў парафіі перавышала 10600 чалавек.

Петрапаўлаўскі на працягу ХХ ст. дзейнічаў увесь час. Залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ад кляштарнага корпуса захаваліся толькі заходняя лінія і частка, далучаная да прэзбітэрыя касцёла. Некалькі гадоў таму тут яшчэ былі жылыя пакоі, але сёння будынак ужо цалкам вернуты парафіі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Іўеўскі касцёл перабудаваны пад стыль барока

Па сваёй першапачатковай структуры касцёл быў падобны да храма ў Ішкальдзі, хаця зараз гатычны воблік касцёла амаль знішчаны шматлікімі перабудовамі. Будаўніцтва першага гатычнага касцёлу, відаць, не было завершана: былі збудаваны нясучыя сцены кафалікону і апсіды з масіўнымі контрфорсамі, частка з якіх захавалася дасюль, але скляпеннямі касцёл перакрыты не быў. Сучасныя крыжовыя скляпенні травеяў і апсіды — з часоў, калі ўвесь храм быў грунтоўна перабудаваны ў стылі Віленскага барока.

Архітэктура касцёла мае рысы готыкі, рэнесансу, барока і ракако. Двухсхільны дах асноўнага аб'ёму пераходзіць у гранёнае пакрыццё больш нізкай 5-граннай апсіды з буйнымі контрфорсамі па вуглах (рудыменты готыкі, сцены храма і апсіды ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі). Лагічным працягам гэтай ступеньчатасці з'яўляецца вышынны франтальны фасад. Яго пластычная распрацоўка адлюстроўвае розныя этапы будаўніцтва: простая і строгая з выразнай пілястравай крапоўкай сцяны і яе падзелам карнізам на 2 ярусы — рэнесанс пачатку XVII ст.; вытанчаныя і насычаныя вертыкальна выцягнутыя вежы з фігурнымі ківорыямі ў завяршэнні і фігурны шчыт паміж імі — ракако сярэдзіны XVIII ст. Цэнтральны ўваход вырашаны лучковым праёмам, над якім высокае паўцыркульнае акно хораў. Гладкія бакавыя сцены прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. У ХІХ ст. да паўночнай сцяны касцёла прыбудавана капліца.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер касцёла

Інтэр’ер святыні падзелены чатырма магутнымі слаістымі слупамі на тры навы і перакрыты крыжастым скляпеннем на падвоеных падпружных арках, у ім 7 алтароў. Галоўны алтар у выглядзе трыфорыума, дзе вялізнае Укрыжаванне атачаюць фігуры святых Пятра і Паўла, падзяляе прэзбітэрый на алтарную частку і хор законны. Цэнтральная частка алтара над гзымсам завяршаецца барокавым франтонам з гарэльефнай выявай Сыходжання Святога Духа і хусткі св. Веранікі ў акружэнні двух анёлаў з залатымі крыламі. Левы бакавы алтар прысвечаны Маці Божай Анёльскай і св. Францішку, правы – Ахвяраванню Маці Божай. З паўночнага боку да касцёла далучаецца капліца Маці Божай Снежнай з аднайменным алтаром (раней абраз быў аточаны шматлікімі вотамі). Яшчэ тры алтары ўсталяваны пры сценах малітоўнай залы: злева – св. Антонія, справа – св. Францішка (магчыма, пэндзля вядомага мастака Чаховіча) і св. Ганны.

Жылы корпус[правіць | правіць зыходнік]

Жылы корпус

Архітэктура 2-павярховага жылога корпуса, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор з паўночнага боку касцёла, захоўвае рысы ранняга барока. Галерэяй, якая аб'ядноўвае келлі, корпус злучаны з апсідай. Мастацка-дэкаратыўная рэліквія будынка — печ XVII ст., пакрытая тэракотавай кафляй з раслінным і геаметрычным арнаментам.

Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Кушнярэвіч, А. Готыка ў Іўі // Спадчына. — Мінск: Полымя, 1992. — № 1. — С. 55—57.
  2. а б А.М. Кулагін. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардынаў // Каталіцкія храмы на Беларусі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 200.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]