Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (Канвелішкі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса
Канвелішкі. Касцёл Найсв. Сэрца Ісуса (01).jpg
Краіна Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Стан дзейнічае

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса знаходзіцца ў цэнтры вёскі Канвелішкі (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці). Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча вядома з другой паловы XVIІ ст. як маёнтак Калвелішкі ў Ашмянскім павеце, які належаў роду Пражмоўскіх і ў склад якога ўваходзілі вёска Калвелішкі і мястэчка Смолінск (пазней Канвалішкі). Смолінскі касцёл адзначаны ў 1738 годзе як дзеючы і прыпісаны ў якасці капліцы да беняконскай парафіі. Гэта была пабудаваная ў выглядзе цэнтрычнай, хутчэй за ўсё васьміграннай ратонды святыня. У алтары быў змешчаны абраз св. Ганны. У канцы ХІХ ст. капліца па невядомых прычынах стаяла зачыненая.

У 1808 годзе Мікалай Янкоўскі, канонік мінскай катэдры і тагачасны ўладальнік вёскі, сумесна з пляменнікамі Амброзіем і Алойзам Янкоўскімі, зафундавалі тут самастойную парафію і касцёл, кансэкраваны пад тытулам св. Мікалая 28 жніўня 1809 года. Дзвюхвежавая святыня была пабудавана з сасны над каменнай крыптай – родавай пахавальняй роду Янкоўскіх. Першымі тут былі пахаваны тры фундатары касцёла – Мікалай Янкоўскі (1821), Амброзій, маршалак шляхты ашмянскай (1828) і Алойзы, ветэран польскага войска (1840). У галоўным алтары было змешчана вялікае разьбянае Укрыжаванне.

Да 1827 года канвелішскі касцёл абслугоўвалі ксяндзы з віленскага кляштара місіянераў (парафія лічылася місійнай пляцоўкай), а потым толькі дыяцэзіяльныя пробашчы. У ХІХ ст. парафія ўваходзіла ў склад Вішнеўскага дэканата, у той час да парафіі адносілася капліца ў Стоках (сёння Літва) і дзейнічала місіянерская школка ў саміх Канвелішках. “За польскім часам” парафія ўвайшла ў новаўтвораны Беняконскі дэканат, пры гэтым капліца ў Стоках атрымала статус філіяльнага касцёла. Колькасць вернікаў парафіі тады перавышала 3500 чалавек.

У канцы ХІХ ст. касцёл у Канвелішках уяўляў сабою дзвюхвежавую святыню ў стылі г.зв. “станіславаўскага класіцызму”. Чатыры магутныя круглыя слупы неслі хвалісты франтон галоўнага фасада, які фланкавалі дзве двух’ярусныя чацверыковыя вежы пад паўсферычнымі купаламі з васьміграннымі барокавымі глаўкамі. Злева, асобна ад касцёла, стаяла двух’ярусная (меншы чацвярык на большым), таксама драўляная званіца пад чатырохсхільным гонтавым дахам з крыжам. Комплекс быў агароджаны драўляным плотам.

Дзеючы сёння драўляны неагатычны касцёл у Канвелішках быў пабудаваны на гістарычным месцы (стары касцёл згарэў, крыж ад яго знаходзіцца над безымяннай магілай на парафіяльных могілках) у цэнтры вёскі ў 1916 г. і асвечаны пад новым двайным тытулам – у гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

У 1970-я гады касцёл у Канвелішках быў залічаны да помнікаў архітэктуры неагатычнага стылю, дзейнічаў увесь час бесперапынна.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры неаготыкі. Складаецца з аднолькавых па вышыні 4-сценнага зруба і выцягнутай 5-граннай апсіды з бакавымі сакрысціямі. Над фасадам узвышаецца стромкая 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца са шпілем, якую фланкіруюць падобныя, але меншыя сігнатуркі; паміж імі 3-вугольны франтон. Тры ўваходы аформлены арачнымі парталамі з вокнамі-ружамі над імі. Астатнія праёмы з паўцыркульнымі архівольтамі.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер падзелены 6 слупамі на 3 нефы, бакавыя з якіх апяразаны абхаднымі галерэямі пад плоскай столлю, цэнтральны неф вышэйшы за бакавыя. У архітраве цэнтральнага нефа па перыметры змешчаны карціны на евангельскія сюжэты ў паўкруглых рамах. У касцёле тры алтары: галоўны – у стылі неабарока, з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў цэнтры і абразом Маці Божай Балеснай у другім ярусе, левы бакавы – прысвечаны св. Ганне, правы бакавы – тытульны, прысвечаны св. Мікалаю, біскупу і мучаніку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]