Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
55°08′20,90″ пн. ш. 27°41′51″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Глыбокае
Канфесія Праваслаўе
Епархія Полацкая і Глыбоцкая епархія
Архітэктурны стыль сармацкае барока (да 1735 года)[1][2]; віленскае[3][4]
Архітэктар Іаган Крыштоф Глаўбіц
Будаўніцтва 16391654 гады
Матэрыял цэгла
Стан працуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Раства Багародзіцы знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада Глыбокае, насупраць Троіцкага касцёла.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Храм пабудаваны ў 16391654 г. з цэглы па фундацыі ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісенскага Іосіфа Львовіча Корсака (пахаваны ў крыпце) як касцёл Успення Багародзіцы кляштара кармелітаў «босых». У 1735 г. касцёл быў дабудаваны архітэктарам І. К. Глаўбіцам і асвячоны віленскім біскупам-суфраганам Ежы Анцутам. Аб гэтым сведчыла мармуравая пліта ў капліцы, якую пры закрыцці касцёла ў 1865 г. перанеслі сюды.

Кляштар скасаваны ў 1861 г. Пасля паўстання 1863—1864 гг. касцёл і кляштар былі заняты праваслаўным духавенствам. Кошт перабудовы склаў 27.000 сярэбраных руб. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3 верасня 1878 г. у праваслаўную Ражджаства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвячэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. руб. серабром. У склепе пад царквой, у адной з ніш надпіс на лацінскай мове: «Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго — на небе». Часткова пашкоджаны ў Вялікую Айчынную вайну.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер царквы

Помнік архітэктуры віленскага барока (першы ўзор на Беларусі). У плане храм меў выгляд працяглага прамавугольніка, які ўключаў 3-нефавую базіліку, вылучаную бакавымі сакрысціямі прамавугольную апсіду, шэраг аб'яднаных калідорам келляў за ёй. У адрозненне ад спрошчанага планіровачнага вырашэння аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала шмат'ярусны шматпланавы выгляд. Вуглы храма адзначаны 4 вежамі, 2-ярусны перапад нефаў з вылучэннем крылаў трансепта. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які фланкіруюць 2 зграбныя шмат'ярусныя вежы, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Іх вертыкальны дынамічны рух узмацняецца вузкімі і высокімі арачнымі праёмамі, шматлікімі крапоўкамі. Паміж вежамі ўзнесены фігурны ступеньчаты франтон. Ніжні ярус фасада вылучаны па цэнтры багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі-экседрамі. У сяродкрыжжы будынка пасля 1863 г. быў узведзены драўляны барабан з купалам (згарэў у 1944 г. разам з верхнімі ярусамі вежаў).

У 1735 г. перад храмам пастаўлена барочная 3-арачная 2-ярусная мураваная брама. Да паўночна-заходняга боку апсіды храма дабудаваны 3-павярховы жылы корпус (часткова разабраны ў 1892 г.). Была перароблена арнаментацыя скляпенняў у прэсбітэрыі.

У 1895 г. паміж 4 вонкавымі вежамідабудаваны драўляны візантыйскі купал.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

У інтэр'еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У 1863 г. пастаўлены іканастас. Мастацкую каштоўнасць уяўляе перавезены з царквы в. Сарокі (Глыбоцкі раён) абраз «Маці Божая з дзіцем» (1738).

Зноскі

  1. Габрусь 2001, с. 142—143.
  2. Габрусь, Ярашэвіч 2007, с. 539.
  3. Кулагін 2007, с. 121.
  4. Багласаў 1985, с. 229.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы. — Мн., 2001.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раена / БелЭн; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя П. Броўкі, 1995. — 450,[3] с.: іл. — С. 48. — ISBN 985-11-0014-5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]