Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў
53°40′27″ пн. ш. 23°49′42″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Ордэнская прыналежнасць ордэн кармелітаў
Дата заснавання XVIII стагоддзе
Дата скасавання 1903
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў — страчаны помнік архітэктуры віленскага барока ў Гродне, комплекс касцёла і кляштара кармелітаў, пабудаваны ў 1738-1765 гадах і існавалы да 1903 года. Станам на 2021 год ад помніка захаваліся падмуркі і часткі сцен касцёла, на якіх пабудаваны адміністрацыйны будынак па адрасе Гродна, вул. Маставая, 37.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ордэн кармелітаў з'явіўся ў Палестыне, а пасля выгнання крыжакоў са Святой зямлі ў XIII ст. кармеліты пасяліліся ў Заходняй Еўропе. У Каталіцкім касцёле ордэн лічыўся «жабрацкім», яго сябры павінны былі займацца місіянерствам, адукацыяй і дабрачыннасцю. Для распаўсюду каталіцкай веры ў пачатку XVII ст. кармеліты пачалі шлях у Персію, а сваёй базай абралі Рэч Паспалітую. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала не менш за 10 кляштароў, гродзенскі быў адным з буйнейшых.

Упершыню босыя кармеліты з’явіліся ў Гродне ў 1650 годзе, калі віленскі кашталян А. Катовіч падараваў ордэну ўчастак зямлі насупраць праваслаўнай Часнахрэсцкай царквы, якая належала цэху гарбароў, а ў XVII ст. стала уніяцкай. Першы драўляны касцёл кармелітаў знаходзіўся направа ад моста праз Нёман на нізкай падпоймавай тэрасе. Кляштар атрымаў дадатковыя ахвяраванні ў XVII ст. і паступова пашыраў свае ўладанні ў тым ліку і за кошт уніяцкай абшчыны.

Новыя каменныя будынкі ўзведзены насупраць старога кляштара і былі адзіным архітэктурным ансамблем. Касцёл быў прамавугольнай ў плане трохнефавая базілікай без трансепта, да заходняга тарца касцёла прымыкаў трохпавярховы корпус кляштара. Алтар касцёла быў арыентаваны на захад, апорныя слупы мелі складаную канфігурацыю у выглядзе лацінскага крыжа. Страга прамавугольны абрыс прэзбітэрыя быў скарэктаваны пышным мураваным алтаром з дынамічнай групоўкай калон. Агульная дынаміка архітэктурных формаў падкрэслівалася цэнтральна-восевым праёмам, які вёў у светлае памяшканне за алтаром. Галоўны фасад касцёла, на думку даследчыкаў, быў адным з напрыгажэйшых бязвежавых («брамкавых») фасадаў стыля віленскага барока. Астатнія фасада касцёла і кляштара былі пазбаўлены аздобы і ў параўнанні з галоўным фасадам выглядалі асабліва сурова і манументальна. Трохпавярховы будынак кляштара стаяў на адным узроўні з двухпавярховым аб’ёмам санкрысцій і быў накрыты агульным з ім двухсхільным дахам. Гэтыя адбывалася таму, што вышыня санкрысцій была большая, а ў сваю чаргу кляштар быў пастаўлены ніжэй па узроўню мясцовасці. На трох паверхах кляштара рытмічна паўтораныя келлі перакрываліся мураванымі скляпеннямі і злучаліся светлымі калідорамі. На першым паверсе калідор вёў да аднапавярховай прыбудовы трапезнай з кухняй, пякарні і кладовак, апошняя мела асобны выхад да Маставой вуліцы. Комплекс быў распрацаваны з улікам супрацьпажарных мераў, калі памяшканні рознага прызначэння знаходзіліся ў розных будынках, што на той час была вельмі рэдкай, амаль адзінкавай з’явай.

У XVIII ст. кармеліты вялі ў горадзе актыўную асветніцкую дзейнасць, бібліятэка кляштара налічвала звыш за 1000 кніг. Аднак да канца стагоддзя колькасць манахаў зменшылася, і ў пачатку XIX ст. іх было толькі 4. У сувязі з гэтым трэці паверх кляштара стаў нежылым: у ім не было ніводнага цэлага акна, падлогі, печы. Кляштар быў пашкоджаны падчас напалеонаўскіх войнаў і ўжо не аднаўляўся. Пасля роспуску кляштара босых кармелітаў, у 1843 годзе маёмасць ордэна перайшла да ваеннага ведамства, адначасова былі зроблены абмеры будынкаў. У 1875 годзе планавалі перарабіць комплекс пад акруговы суд, таму былі зроблены паўторныя абмеры, паводле іх часткі будынкаў і памяшканняў ужо не было. У 1881 годзе комплекс перадалі гораду, а ў памяшканнях размяшчалася гаўпвахта і перасыльная турма. У 1901 годзе ў Расійскай імперыі адмяняецца ссылка ў Сібір, таму ўзнікла патрэба ў новых турмах, адна з іх павінна была з’явіцца ў Гродне. У тым жа 1901 годзе дзяржаўная камісія ацаніла будынкі комплекса ў 41 тысячу рублёў, а гарадская Дума разглядала прапанову губернатара пра пераробку пад турму былога кармеліцкага кляштара, але будынкі прызналі непрыдатнымі для гэтых мэтаў.

Касцёл разабралі ў 1903 годзе, ад яго засталіся толькі падвалы і невялікая частка сцен. У 1904—1906 гадах па праекце гродзенскага губернскага інжынера У. Небальсіна на месцы касцёла і кляштара пабудаваны казармы Гродзенскага крапаснога батальёна. У 1920-1930-я гады у будынку знаходзіліся казармы 81-га пахотнага палка. У ліпені 1937 года прадстаўнікі кармелітаў звярнуліся да польскіх уладаў з просьбай вяртання казармаў, аднак улады вырашылі перадаць кармелітам зямельны участак у іншым месцы, а таксама грашовую субсідыю. Аднак будоўля новага кляштара так і не пачалася — парашкодзіла Другая сусветная вайна. У 1994 годзе праведзена рэстаўрацыя будынка, падчас якой будынку былых казармаў дабудаваны стылізаваны франтон, які аддалена нагадвае абрысамі фасад колішняга касцёла кармелітаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X
  • Квитницкая Е. Монастыри XVIII в. с безбашенными храмами в Белоруссии // Архитектурное наследство № 33. — М., 1985.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. — ISBN 985-01-0415-5
  • Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa trockiego. Grodno, część IV, tom 4. — 2018. — 224 s. — ISBN 978-83-63463-76-2 — (Materiały do Dziejów Sztuki Sakralnej)
  • Przemysław Borowik Jurydyki miasta Grodna w XV—XVIII wieku : stanowy podział nieruchomości // Acta Collegii Suprasliensis; t. 7. — Supraśl: Collegium Suprasliense, 2005.