Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Вілейка)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа | |
---|---|
54°29′20,23″ пн. ш. 26°54′55,30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Вілейка |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | неаготыка, неараманскі стыль |
Архітэктар | А. Клейн |
Заснавальнік | Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932) і іншыя асобы |
Будаўніцтва | 1906—1913 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Е000002 |
Вышыня | 50 м |
Стан | дзейнічае |
Сайт | vilejka.catholic.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа — каталіцкі храм у г. Вілейка. Пабудаваны ў 1906–1913 гг. з цэглы пры значнай фундацыі мясцовага памешчыка Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і паводле праекта архітэктара А. Клейна . Архітэктура храма спалучае кампазіцыйныя прынцыпы і дэкаратыўныя формы раманскага і гатычнага стыляў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XIX ст. у Вілейцы існавала толькі драўляная капліца, якая згарэла ў пажары 1810 г[1].
Першы мураваны касцёл у Вілейцы быў заснаваны ў 1862 г. кс. Севярынам Мікутовічам, калі Вілейка ўжо мела статус горада і цэнтра павета Віленскай губерні. Пасля здушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г. яшчэ незавершаны будынак касцёла быў перададзены праваслаўнай царкве, у 1874 г. перабудаваны ў псеўдарускім стылі і асвечаны як Георгіеўская царква[1].
Нягледзячы на тое, што Вілейка заставалася цэнтрам дэканата, вернікі вымушаны былі доўгі час мясціліся ў невялікай капліцы. Толькі пасля царскага маніфесту аб свабодзе сумлення ў 1906 г. пачалося ўзвядзенне новага касцёла ў гонар Узвышэння Святога Крыжа па праекту інжынера Аўгуста Клейна, аўтара праекта касцёла ў Ільі. Фундатарам грошай і ўласнай зямлі для ўзвядзення касцёла, а таксама закладальнікам пры яго будаўніцтве стаў мясцовы памешчык Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932). Будаўніцтва храма было скончана ў 1913 г[1].
У 1922-28 гг. касцёл, які пацярпеў ад артабстрэлаў падчас Першай сусветнай вайны, быў адрэстаўраваны[1].
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены і ператвораны ў склад. Пазней храму быў нададзены статус помніка архітэктуры. Пасля рэстаўрацыі ў ім размясцілася выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча [2].
У 1990 г. касцёл перададзены вернікам. Пасля рэстаўрацыі прэзбітэрый быў упрыгожаны неагатычным алтаром, а у левым крыле трансепта ўсталяваны новы бакавы алтар Маці Божай[1].
У 2005 г. над шатром званіцы на вышыні звыш 50 м усталяваны крыж.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл з жоўтай цэглы на падмурку з каменных блокаў уяўляе сабой трохнефную базіліку з развітым трансептам і высокай вежай з паўднёвага боку бабінца. Спалучае рысы неараманскага стылю і неаготыкі[1]. Мае асіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Інтэр'ер упрыгожаны арабескавым арнаментальным роспісам[3].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д е Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Вілейка) на сайце Radzima.org
- ↑ Вольга Коласава: Зала імя Нікадзіма Сілівановіча, нарэшце, зноў знайшла сабе месца // «Рэгіянальная газета», 23 мая 1997 года, №21, стар. 2
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 2. — Минск, 2006.
- Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск, 2008.
- Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мінск, 2000.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Вілейка) на Вікісховішчы |