Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Мёры)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі
55°36′52″ пн. ш. 27°37′49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мёры
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неаготыка
Дата пабудовы 1907 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка — каталіцкі храм у горадзе Мёры, помнік неагатычнага стылю. Пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1907 г. Знаходзіцца на ўсходнім беразе Мёрскага возера ў паўднёвай частцы горада. Аб'ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле некаторых звестак, першы касцёл у Мёрах з'явіўся яшчэ ў XVI ст. З 1728 у мястэчку дзейнічаеў кляштар канонікаў рэгулярных.

Пасля здушэння вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1832 расійскія ўлады ліквідавалі кляштар.

Новы касцёл збудавалі ў 1907 з цэглы на месцы драўлянай капліцы. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1951 святыню прыстасавалі пад склад збожжа, але аддалі вернікам ужо ў 1956.

З 1985 года тут служыць ксёндз Уладас Пятрайціс. Ад пачатку дзейнасці ён арганізаваў рамонтныя работы: былі заменены вокны, праведзена рэстаўрацыя алтароў, устаноўлена сістэма ўзмацнення гуку. На ахвяраванні вернікаў у 1994 годзе ўстаноўлены помнік Ненароджанаму дзіцяці, а ў 1998 — манументальная скульптура Маці Божай Ратавальніцы тонучых. На новых могілках пабудавана капліца.

У канцы 1980-х гадоў праводзяцца працэсіі на ўрачыстасць Божага Цела вакол касцёла, для дзяцей, якія рыхтаваліся да сакраманту споведзі, спецыяльныя заняткі. Крыху пазней ксёндз Уладас Пятрайціс стварае нядзельную школу. Літовец па паходжанні, ён вывучыў беларускую і рускую мовы, каб на іх праводзіць Святую імшу. У красавіку 1991 г. запрасіў у касцёл Беларускую дзяржаўную капэлу імя Р. Шырмы, сабраныя грошы ахвяраваны на апаратуру для раённай бальніцы. Арганізоўваў паездкі на сустрэчу з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, паломніцтвы ў святыя мясціны. Упершыню пешая пілігрымка пад яго кіраўніцтвам рушыла ў Будслаў у 1992 годзе. Для моладзі арганізаваў фестываль «Мы хочам Бога», у ім прымалі ўдзел вернікі з розных парафій Беларусі і Польшчы. У канцы 1995 года ў Міёрскі касцёл прывезены камень з Іерусаліма, ён пакладзены ў спецыяльную нішу ва ўнутранай бакавой сцяне святыні.

Ксёндз Уладас Пятрайціс быў пахаваны 15 мая 2012 года ля касцёла.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Трохнефавы двухвежавы храм з пяціграннай алтарнай часткай, да якой з паўднёвага боку далучана сакрысція.

Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі галоўнага фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. Трох'ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, умацаваны ступеньчатымі контрфорсамі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтральны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.

Абразы «Маці Божая Ружанцовая» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак XIX ст.), «Маці Божая Чэнстахоўская» (1878), драўляная скульптура «Укрыжаванне» (XIX ст.)[1].

Каля касцёла помнік ненароджанаму дзіцяці (скульптар Аляксандр Дранец).

Фатаграфіі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 304.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Миорский костёл Вознесения Пресвятой Девы Марии // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И.И. Пирожника. – Мн., 2007. – С. 340–341.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]