Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча (Сапоцкін)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча
Сапоцкін. Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі.jpg
Краіна Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Стан дзейнічае

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча — рымска-каталіцкі храм у г.п. Сапоцкін (Гродзенскі раён). Пабудаваны ў пач. XX ст. з цэглы. Помнік эклектычнай архітэктуры са стылізаванымі элементамі готыкі, барока і класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1514 годзе кароль Жыгімонт Стары падараваў мясцовасць Свяцк пану Шымку Сапоцьку. У 1560 ён заснаваў мястэчка, якому даў назву Сапоцкін. У 1612 Ян Валовіч стаў фундатарам касцёла Унебаўзяцця Божай Маці ў Сапоцкіне. Гэта была філіяльная святыня і належала да каталіцкай парафіі Гожа.

27 красавіка 1789 створана рыма-каталіцкая парафія ў Тэоліне, так называлася мястэчка ў тыя часы. 22 лютага 1879 цар Мікалай I закрывае касцёл у Тэоліне, а тутэйшая каталіцкая парафія перастае дзейнічаць. У 1890—1916 гады касцёл становіцца ўласнасцю кляштара праваслаўных манашак. У 1905 цар Мікалай II дае права легалізацыі каталіцкіх парафій на тэрыторыях царскай Расіі. 15 лютага папа Пій Х выдаў акт аб заснаванні парафіі. Католікам не вярнулі касцёл, але яны мелі магчымасць пабудаваць невялікі касцёлік ля парафіяльных могілак.

Толькі 15 жніўня 1916 г. святыня была вернута католікам. У Тэоліне была адноўлена каталіцкая парафія. У 1935—1939 касцёл разбудаваны. Падчас Другой сусветнай вайны ён панёс значныя страты. 22 верасня 1939 г. савецкія салдаты пашкодзілі касцёльную вежу і галоўны алтар з абразом Вастрабрамскай Божай Маці. 22 чэрвеня 1941 была цалкам знішчана касцёльная вежа нямецкімі войскамі, якія наступалі. 15 ліпеня 1944 падчас ваенных дзеянняў святыня была сур’ёзна пашкоджана, згарэў яе дах. Пасля 1944 года парафіяне парамантавалі касцёл. Але затым парафія засталася без святара.

У 1970—1984 гады сюды прыязджаюць ксяндзы з навакольных парафій, затым яе пробашчам стаў малады святар Вітальд Лазавіцкі. 16 лістапада 1989 года ксёндз біскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў тры новыя вежы і новы звон св. Язафата Кунцэвіча. 15 снежня ў касцёле выбухнуў пажар, які знішчыў галоўны алтар. Парафіяне пастараліся аднавіць святыню. 9 мая 1993 года кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў адбудаваны галоўны алтар.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Манументальная 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам. Плоскасць галоўнага фасада расчлянёна прафіляванымі карнізамі на 4 ярусы і вылучана ў цэнтральнай частцы плоскасным порцікам з трохвугольным франтонам і паўкруглым шчытом над ім. Фасад фланкіруюць чацверыковыя ярусы званіц з фігурнымі купаламі і зашклёнымі ліхтарамі над імі. Архітэктура заснавана на геаметрычных чляненях фасадаў лапаткамі, нішамі, прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскасных ліштвах. Сілуэт галоўнага фасада ўпрыгожаны дэкаратыўнымі вазамі.

Касцёл абнесены мураванай агароджай з манументальнай брамай па восі галоўнага фасада.

У інтэр’еры вылучаецца галоўны алтар, у другім ярусе якога знаходзіцца абраз Святога Іасафата Кунцэвіча, які быў створаны ў пачатку XX стагоддзя. На выяве Святы паказаны ў поўны рост. Ён апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі; у правай паднятай руцэ святы трымае крыж, у левай — посах з фігурным навершшам[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]