Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
![]() | |
54°47′13″ пн. ш. 27°27′05″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Пасёлак | Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобл. |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | бернардзінцы |
Тып будынка | прыхадскі храм |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Архітэктар | К. Пенс |
Будаўніцтва | 28 жніўня 1633 — 1783 |
Рэліквіі і святыні | Будслаўскі абраз Маці Божай |
Сайт | site.catholic.by/budslau/ |
![]() |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі) — былы бернардзінскі, цяпер прыхадскі каталіцкі храм у п. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Помнік помнік архітэктуры позняга барока. У касцёле знаходзіцца Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў, Папа Рымскі Ян Павел II у 1996 г. абвясціў гэту ікону патронкай Беларусі. 28 лістапада 2018 года урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”) была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА[1][2].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца ў дакументах у 1504 годзе, калі вялікі князь ВКЛ Аляксандр падарыў віленскім бернардзінцам (галіна францысканцаў) 6 000 моргаў лесу ў Менскам павеце. Манахі, якія атрымалі зямлю жылі па 2—4 чалавекі ў пабудовах-будах, маючы пры гэтым капліцу.
У 1591 годзе быў пабудаваны драўляны храм Наведвання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзілася цудадзейны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 годзе Янам Пацам з Рыма (дарунак Папы Рымскага Клімента VIII) і ў 1613 годзе перададзены ў касцёл. Пазней, у 1643 годзе, пабудаваны новы касцёл, а ў 1750 годзе — жылы корпус. 29 чэрвеня 1767 года было пачата будаўніцтва новага касцёла, пры гэтым былі выкарыстаны муры бакавой капліцы касцёла XVII ст.
У 1783 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Маці Божай. На працягу другой паловы XVIII стагоддзя да яго былі прыбудаваны розныя касцёльныя памяшканні. З 1756 года пры манастыры існавала музычная школа, у 1793—1842 — двухкласная школа і шпіталь. У 1731—1797 гадах у духоўнай школе манастыра вывучалі маральную тэалогію і рыторыку, пры гэтым манахаў налічвалася 4—17 чалавек.
Пасля зачынення храма ў 1852 годзе некаторыя яго манахі бралі ўдзел у паўстанні 1863—64 гадоў.
У гэты момант у касцёле служаць епархіяльныя святары. Побач з храмам захаваўся будынак плябаніі (дома святара) XIX стагоддзя.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Трохнефная безапсідная двухвежавая базіліка з трансептам. Галоўны фасад з дзвюма шмат'яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкаратыўнай пластыкай: пілястрамі, паўкалонамі, складанымі раскрапоўкамі. Інтэр'ер перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сферычны купал размешчаны на перакрыжаванні галоўнага нефа i трансепта, раскрываецца толькі ва ўнутраную прастору. У капліцы Св. Барбары размешчаны драўляны разны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (каля 1643 г.) — адзін з выдатных помнікаў ранняга барока на Беларусі. Бакавыя часткі алтара вырашаны ў выглядзе карынфскіх каланад, якія служаць кулісамі для 20 скульптур. Захаваліся да нашага часу без пазнейшых перамалёвак выдатныя фрэскавыя роспісы касцёла.
Будслаўскі фэст[правіць | правіць зыходнік]

Штогод ладзіцца ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле.
Зноскі
- ↑ Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest) (англ.) . ЮНЕСКА (9 красавіка 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
- ↑ ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Ярашэвіч А. А. Будслаўская базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. — Мінск, 2005.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 238-240.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў)
- [ Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў)] на сайце Radzima.org
- [ Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў)] на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- У Будславе ўстаноўлены крыж з бярвення Віленскага манастыра
- Будслаў: дзіўнае месца з дзіўнай гісторыяй
- Факты