Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Сігневічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл апекі Маці Божай Ружанцовай
52°25′58″ пн. ш. 24°53′44″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Сігневічы
Канфесія Каталіцызм
Епархія Пінская дыяцэзія
Пружанскі дэканат
Архітэктурны стыль барока, сармацкае барока
Заснавальнік Рудагоўскія, Прозары
Першае згадванне 1534 г.
Будаўніцтва 17851795 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000148шыфр 112Г000148
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сігневічах Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, адзін з апошніх помнікаў архітэктуры сармацкага барока на тэрыторыі Беларусі[1]. Цэнтр парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай[2]. Таксама вядомы як Касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай, Пакроўскі касцёл, Пакроўская царква[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы драўляны касцёл у Сiгневiчах быў заснаваны ў 1534 (1548) годзе Фларыянам і Ганнай Рудагоўскімі. У 1785 годзе на яго месцы будуецца новы цагляны храм, пры якім дзейнічалі школа і шпіталь. Фундатарам касцёла быў ўладальнік маёнтка Юзаф Прозар разам з жонкай Марыяй. Пасля смерці Юзафа, яго цела ў 1788 годзе было пахавана ў касцёле[4].

У 1848 годзе тагачасны ўладальнік Сігневічаў граф Рамуальд Лей-Нейгеф правёў рэстаўрацыю касцёла, пасля якой ён стаў называцца Пакроўскай царквой[5]. Тым не менш, парафія працягвала існаваць, і станам на 1853 год налічвала 1553 вернікаў, пробашчам быў ксёндз Міхал Скібіцкі. На тэрыторыі прыхода знаходзілася капліца ў Міжлессі, царскі ўрад вылучаў 275 рублёў на падтрымку святароў[4]. 3 закрыццем касцёла ў Бярозе, усё яго начынне 4 красавіка 1866 года было перададзена ў Сігневіцкі храм[5].

У 1899 годзе новая ўтрымальніца касцёла Ганна Мікульская аднавіла будынак. Па звестках 1911 года, прыход налічваў 1128 вернікаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе касцёл быў спалены рускімі войскамі. Адноўлены ў 1922 годзе намаганнямі шляхцічаў Лей-Нейгефаў пры дапамозе святара Ізідора Нідрашлянскага. У міжваенны час колькасць парафіян складала прыкладна 1600 чалавек, у 1938 годзе дасягала 2068 вернікаў. Працы па аднаўленні будынка ў 1939 годзе праводзіў ксёндз Далінец, аднак пасля яго арышту ў 1949 годзе савецкія ўлады ператварылі касцёл у склад мінеральных угнаенняў[6].

У 1989 годзе дзякуючы намаганням вернікаў будынак быў вернуты каталіцкай грамадзе. Пабудова знаходзілася ў дрэнным стане, была цалкам разбурана (засталіся толькі сцены, на якіх раслі дрэвы). Намаганнямі ксяндза В. Касінскага і прыхажан касцёл быў адрамантаваны і рэкансэкраваны 22 кастрычніка 1991 года біскупам Казімірам Свёнтакам. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаны ў паўднёвай частцы вёскі. Помнік архітэктуры з рысамі барока, паводле Т. В. Габрусьсармацкага барока. Мураваны аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і слаба развітым трансептам. Бакавыя крылы трансепта аб’яднаны з сакрысціямі ў невысокіх бакавых прыбудовах. Сцены расчлянёныя лапаткамі. Двухярусны галоўны фасад завершаны дзвюма вежамі з атыкавым франтонам паміж імі. Плоскасці фасадаў раскрапаваны пілястрамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Дах пакрыты жалезам (раней — гонтам), двухсхільны пад нефам і вальмавы над апсідай.

Касцёл мае тыповую для помнікаў сармацкага барока аднанефавую структуру з масіўнымі вежамі, якія выступаюць за межы нефа і атыкавым франтонам, што закрывае тарэц даху паміж вежамі. Кампазіцыя будынка важкая і прысадзістая, што абумоўлена ўплывам класіцызму пры захаванні барочнай архітэктонікі. Архітэктурнай асаблівасцю храма з’яўляюцца невялікія сіметрычныя прыбудовы з аднасхільнымі дахамі, у якіх спалучаюцца рудыменты трансепта і сакрыстый[1].

У інтэр’еры асноўнае зальнае памяшканне злучана аркавымі праёмамі з апсідай і бакавымі памяшканнямі трансепта. Над прытворам размешчаны хоры. Бакавыя сцены раскрапаваны пілястрамі, якія ўверсе злучаны паўцыркульнымі і лучковымі аркамі. Перакрыцце бэлькавае, з падшыўной столлю.

Арыгінальная дэкаратыўная аздоба інтэр’ера не збераглася. Колішні алтар быў знішчаны за савецкім часам, цяперашні алтар сучасны, выкананы віленскімі майстрамі. З левага боку, над уваходам у сакрысцію, уладкаваны абраз Святога Сямейства, насупраць знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці. На бакавых сценах размешчаны 13 абразоў, захаваных вернікамі пасля закрыцця касцела, якія адлюстроўваюць крыжовы шлях Хрыста. Таксама ў храме захоўваецца манстранц 1877 года[4].

Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]

  • Міхал Скібіцкі (згадваецца ў 1853 годзе, скончыў Віленскую семінарыю місіянераў у 1866 годзе).
  • Франц Мацкевіч (1871—1888).
  • Іосіф Ванген (1888—1899).
  • Фердынанд Гайковіч (1899—1910).
  • Юльян Юрэвіч (1910—1913, 1915).
  • Ізідор Недрашланскі (1915—1925).
  • Станіслаў Хацінскі (1925—1933).
  • кс. Далінец (згадваецца ў 1939 годзе).
  • Уладзімір Мазалеўскі (1991—1992).
  • Андрэй Марэц (1992—2005).
  • Пётр Кубіцкі (2005—2009).
  • Станіслаў Вашкевіч (2009—2012).
  • Уладзімір Буклярэвіч (з 2012 года).

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. С.259—260
  2. Сігневічы — парафія Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі РужанцовайCatholic.by (бел.)
  3. Касцёл Святой Дзевы Марыі ў в. Сігневічы — Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма, 16 лістапада 2015 (бел.)
  4. а б в Гісторыя і краязнаўства роднага краю Архівавана 1 снежня 2019. — Сігневіцкі яслі-сад—сярэдняя школа Бярозаўскага раёна (бел.)
  5. а б к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С.331
  6. Касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай Архівавана 3 жніўня 2019. — Гісторыя Пружанскага павету, 13 мая 2017 (бел.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]