Перайсці да зместу

Катастрофа Іл-76 пад Віцебскам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Катастрофа Іл-76 пад Віцебскам
Іл-76 савецкіх ВПС
Іл-76 савецкіх ВПС
Агульныя звесткі
Дата 23 лістапада 1979
Характар Сутыкненне з зямлёй у некіравальным палёце
Прычына тэхнічная няспраўнасць
Месца Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Вёска Гараны, Віцебскі раён, Віцебская вобласць, (БССР)
Загінулыя 7
Паветранае судна
Мадэль Іл-76
Пункт вылету Віцебск-Паўночны (БССР)
Пункт прызначэння Віцебск-Паўночны (БССР)
Рэйс трэніравальны палёт
Бартавы нумар СССР-86714
Дата выпуску 1975
Экіпаж 7
Выжылых 0

Катастрофа Іл-76 пад Віцебскам — авіяцыйная катастрофа самалёта Іл-76 савецкіх ВПС, якая адбылася ў пятніцу 23 лістапада 1979 года каля вёскі Гараны Віцебскага раёна[1], Віцебскай вобласці, БССР, пры гэтым загінуў экіпаж самалёта (7 чалавек). Першая катастрофа з удзелам ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 у гісторыі авіяцыі.

У 1973 годзе група авіятараў 339-ы ваенна-транспартнага авіяцыйнага полка на чале з падпалкоўнікам Васілём Недаборавым прайшла навучанне ў Ташкенце, дзе толькі пачынаўся выпуск Іл-76. 14 ліпеня 1974 года першы серыйны Іл-76 («01-06») быў перагнаны ў Віцебск і паступіў на ўзбраенне палка, які размяшчаўся на ваенным аэрадроме Віцебск-Паўночны. 339-ы полк стаў асноўнай базай па падрыхтоўцы экіпажаў Іл-76 у СССР, у Віцебску дзейнічаў вучэбны цэнтр і 93-я авіяцыйныя майстэрні па рамонце і абслугоўванні самалётаў[2]. Полк прымаў удзел у буйных вучэннях Узброеных сіл СССР і краін Варшаўскага дагавора, выконваў задачы па перавозцы грузаў у больш як 70 краінах, а таксама аказваў дапамогу пры ліквідацыі наступстваў землятрусаў у Ташкенце і Спітаку[1].

Іл-76 з рэгістрацыйным нумарам CCCP-86714 (завадскі — 053403067, серыйны — 02/07) быў выпушчаны Ташкенцкім авіяцыйным заводам у 1975 годзе. Самалёт перададзены Мiнiстэрству абароны СССР і далей ён паступіў у полк

  • Капітан Панфілаў Ю. І. — камандзір, меў кваліфікацыю лётчыка 1-га класа і рыхтаваўся да пераводу ў 1-ю эскадрыллю палка, якая часцей прыцягвалася да спецыяльных заданняў за межамі СССР[1].
  • Лейтэнант Крайноў Ю. Е. — памочнік камандзіра.
  • Старшы лейтэнант Папкоў А. Н. — штурман.
  • Старшы лейтэнант Белазёраў А. Д. — бортінжынер.
  • Старшы лейтэнант Лагода В. А. — бортінжынер.
  • Прапаршчык Парафіянавічус Р. А. — радыст.
  • Прапаршчык Здароўцаў А. В. — стралок.

У той дзень у палку праводзіліся трэніровачныя палёты па схеме «вялікая скрыначка» ў складаных метэаўмовах: воблачнасць складала 10 балаў пры ніжняй мяжы каля 150 м, бачнасць — каля 2 км. Кожны палёт доўжыўся прыкладна 12 хвілін і ўключаў чатыры развароты на вышыні 500 м, пасля чаго самалёт вяртаўся на аэрадром. У небе адначасова магло знаходзіцца да шасці машын з інтэрвалам у 2 хвіліны паміж узлётамі[1].

Пасля чацвёртага развароту, пры выпуску закрылкаў на 43° і адлегласці каля 12 км да ўзлётна-пасадачнай паласы, самалёт раптам пачаў інтэнсіўна крэніцца налева (да 65°) і зніжацца з хуткасцю да 25—27 м/с. Камандзір экіпажа праз секунду паспрабаваў выправіць сітуацыю — адхіліў элероны і руль напрамку направа, падняў руль вышыні і загадаў прыбраць закрылкі. Гэта крыху паменшыла крэн да 36,5° і змяніла вугал тангажу. Аднак кароткае вяртанне элеронаў у нейтральнае становішча зноў выклікала павелічэнне крэну, які камандзір паўторна парыраваў. Самалёт развярнуўся на 180°, страціў вышыню і з крэнам каля 33—35° закрануў зямлю левым крылом, пасля чаго цалкам разбурыўся і загарэўся.

Катастрофа адбылася ў поле блізу вёскі Гараны Віцебскага раёна. Экіпаж загінуў. Паводле ўспамінаў, трое членаў экіпажа спачатку выжылі, аднак памерлі ад атрыманых траўмаў ужо пасля катастрофы[1].

Вядома, што катастрофу назіралі жыхары вёскі, якія пачулі выбух і ўбачылі полымя ў полі. Раён крушэння быў ачэплены. Весткі пра катастрофу дайшлі да абласнога цэнтра і ваколіц трагедыі, але ў СМІ пра яе не паведамлялі[1].

Высновы расследавання

[правіць | правіць зыходнік]

Для расследавання быў створаны спецыяльны штаб на чале з галоўнакамандуючым Ваенна-паветранымі сіламі СССР у Журжава. Афіцэры і камандзіры палка на працягу некалькіх дзён знаходзіліся на казарменным становішчы. Праводзілася праверка тэхнічнай дакументацыі і механізмаў закрылкаў на іншых самалётах палка, у тым ліку з той жа серыі, што і самалёт Панфілава[1].

Падчас расследавання спецыялісты інжынернай службы выказвалі папярэднюю версію пра магчымасць непаладкі закрылкаў левага крыла. Да таго часу дайшлі весткі пра падобнае здарэнне з Іл-76 «Аэрафлота», які знаходзіўся на дастатковай вышыні, каб даць рады з сітуацыяй[1].

Катастрофа адбылася з-за канструктыўна-вытворчага недахопу — разбурэння трансмісіі левага закрылка — абрыў вала з-за разбурэння вілкі вядучай шасцярні левага вуглавога рэдуктара, у выніку чаго левы закрылак пад уздзеяннем аэрадынамічных сіл прыбраўся да 10 °. Гэта, пры цалкам выпушчаным (43º) правым закрылку, стварыла вялікі нахіляльны момант налева. У дадзенай аварыйнай сітуацыі экіпаж дзейнічаў правільна. Для вываду самалёта са складанага становішча не хапіла запасу вышыні[1].

Экіпаж быў пахаваны на Старосемёнаўскіх могілках у Віцебску. На сродкі баявых таварышаў быў створаны мемарыял, за якім штогод 23 лістапада даглядаюць ветэраны палка, ушаноўваючы памяць загінулых[1][3].

  1. а б в г д е ё ж з і Сяргей Ляшук. Авиакатастрофа в Витебском районе: подробности трагедии, которая произошла в прошлом веке (руск.)(недаступная спасылка). Витебские вести. Архівавана з першакрыніцы 15.05.2025. Праверана 21 жніўня 2025.
  2. Ил-76: крылатый богатырь с витебской пропиской (руск.). SB.by. Праверана 21 жніўня 2025.
  3. Белорусский авиадневник - Мемориал экипажу Ил-76. aircraft-museum.ucoz.ru. Праверана 21 жніўня 2025.