Катастрофа бронзавага веку
Катастрофа бронзавага веку, або бронзавы калапс — тэрмін, якім археолагі і гісторыкі пазначаюць пераход ад бронзавага да жалезнага веку на старажытным Блізкім Усходзе і ва Усходнім Міжземнамор'і. У гэтым рэгіёне змена эпох была звязана з катастрафічнымі зменамі ў грамадскім укладзе, стратай многіх традыцый, у тым ліку пісьменнасці, разбурэннем усіх буйных дзяржаў і многіх гарадоў таго часу. На вялікай тэрыторыі пачынаецца перыяд «цёмных вякоў» (у Грэцыі перыяд вядомы як Грэчаскія цёмныя вякі).
У перыяд 1206—1150 гг. да н.э. нашэсце «народаў мора», падзенне мікенскіх царстваў, Хецкага царства ў Анатоліі і Сірыі[1] і канец дамінавання Егіпецкай імперыі ў Сірыі і Ханаане[2] прывялі да згасання гандлёвых шляхоў і зніжэння пісьменнасці (у сувязі з чым зніклі мікенская лінейная і лувійская пісьменнасці). На першым этапе гэтага перыяду амаль кожны горад паміж Трояй і Газай быў разбураны і часта пасля гэтага больш не быў заселены: так, былі закінуты Хатуса, Мікены, Угарыт.
Крызіс завяршыўся паступовым заканчэннем цёмных вякоў, а таксама ўзвышэннем Ізраільска-Іўдзейскага царства (факт існавання на тэрыторыі Ізраіля адзінай магутнай дзяржавы з'яўляецца прадметам дыскусіі), сіра-хецкіх арамейскіх царстваў сярэдзіны X ст. да н.э. і Новаасірыйскай імперыі.
Рэгіянальныя прыкметы[правіць | правіць зыходнік]

Анатолія[правіць | правіць зыходнік]
У кожным важным хецкім горадзе выяўлены слой разбурэнняў, звязаны з познім бронзавым векам, і як паказваюць археалагічныя звесткі, хецкая цывілізацыя так і не змагла вярнуцца на ўзровень, які папярэднічаў катастрофе. Сталіца хетаў, Хатуса, была спалена і занядбана і больш так і не адрадзілася. Карааглан быў спалены, на вуліцах засталіся непахаваныя целы. Троя руйнавалася прынамсі двойчы, перш чым яе канчаткова закінулі, яшчэ да надыходу рымскай эпохі.
Кіпр[правіць | правіць зыходнік]
Катастрофа аддзяляе познекіпрскі перыяд II (LCII) ад наступнага перыяду LCIII, пры гэтым такія гарады, як Энкамі, Кітыян і Сінда, былі разрабаваны і спалены, часам двойчы, перш чым іх канчаткова пакінулі. Шэраг меншых гарадоў таксама апынуліся пакінутымі, хоць і не падвергліся разбурэнням. Нядоўга існавала паселішча Какінакрэмас, дзе наяўнасць шматлікіх скарбаў металічных прадметаў паказвае на тое, што іх уладальнікі так і не вярнуліся за маёмасцю, таму што былі забіты ці трапілі ў рабства. Разам з тым, у адрозненне ад большасці іншых рэгіёнаў Усходняга Міжземнамор'я, «бронзавы калапс» прывёў не да заняпаду, а да росквіту Кіпра, які працягваўся да X ст. да н.э., таму што Кіпр служыў адпраўным пунктам для экспансіі «народаў мора» ў Левант, багацеючы культурна і матэрыяльна за кошт раздрабнення некалі вялікіх імперый.
Сірыя[правіць | правіць зыходнік]
У археалагічных слаях Сірыі позняга бронзавага веку бачныя сляды гандлёвых сувязяў з Егіптам і Эгейскім рэгіёнам. Паводле даных раскопак Угарыта, масавыя разбурэнні адбыліся пасля кіравання Мернептаха і нават пасля падзення першага міністра Бая. Тэксты на гліняных таблічках, абпаленых у полымі пажару разбуранага горада, паведамляюць пра напады з мора, а ў лісце з Аласіі (старажытны Кіпр) гаворыцца пра гарады, ужо разбураныя да таго часу нападнікамі з мора. У лісце таксама гаворыцца пра адсутнасць угарыцкага флоту, занятага патруляваннем узбярэжжа.
Левант[правіць | правіць зыходнік]
З часоў кіравання Харэмхеба ўсё большую пагрозу для Егіпта ўяўлялі качэўнікі-шасу. Рамзес II, які ледзь не пацярпеў паражэнне ў бітве пры Кадэшы, неўзабаве павёў вайну супраць іх, пераследваючы іх да Маава, дзе ён заснаваў крэпасць. Шасу ўяўлялі сабой праблему, асабліва ў часы кіравання Мернептаха, калі яны пагражалі «Дарозе Хора» на поўнач ад Газы. Маюцца звесткі, што г. Дэйр-Ала (Сукот) быў разбураны пасля смерці царыцы Таўсерт. Разбураны горад Лахіш быў на кароткі час ізноў заняты часовымі перасяленцамі і егіпецкім гарнізонам у часы Рамзеса III. Усе гарадскія цэнтры ўздоўж прыморскай Дарогі Хора — Газа, Ашдод, Ашкелон, Ака і Яфа — былі разбураны і не засяляліся зноў на працягу да трыццаці гадоў. На мацерыку былі разбураны гарады Хацор, Вефіль, Бейт-Шэмеш, Эглон, Дэбір і шэраг іншых. Спыніла сваё існаванне старажытная дзяржава Амуру.
Грэцыя[правіць | правіць зыходнік]
Ніводны з палацаў мікенскага перыяду не перажыў бронзавай катастрофы. Найбольшым разбурэнням падвергліся палацы і ўмацаваныя паселішчы. Да 90 % невялікіх паселішчаў на Пелапанесе былі закінуты, ёсць сведчанні рэзкага зніжэння колькасці насельніцтва. З канцом бронзавага веку пачынаюцца Грэчаскія цёмныя векі, якія доўжыліся больш за 400 гадоў. Некаторыя гарады — такія, як Афіны, працягнулі існаванне, аднак іх значэнне паменьшылася да лакальнага, гандлёвыя сувязі рэзка скараціліся, упаў культурны ўзровень. Новы ўздым адбыўся толькі ў перыяд геаметрычнай керамікі.
На Крыце насельніцтва ратавалася ад набегаў з мора ў высакагорных сховішчах, такіх, як Карфі, вельмі нязручных для жыцця ў звычайных умовах.
Месапатамія[правіць | правіць зыходнік]
Былі разбураны гарады Нарсунтэпэ, Эмар і Кархеміш. Асірыйцы змаглі адбіцца ад уварвання мушкаў у часы кіравання Тыглатпаласара I. Па меры таго, як распаўсюджваўся ўплыў «ахламу» (арамейцаў), Вавілон і Асірыя амаль не кантралявалі свае тэрыторыі па-за межамі гарадскіх сцен. Вавілон быў разрабаваны эламцамі на чале з Шутрук-Нахунтэ, і страціў кантроль над далінай Дыяла.
Егіпет[правіць | правіць зыходнік]
Вытрымаўшы шэраг знешніх пагроз, Егіпецкая імперыя ўсё ж загінула ў сярэдзіне XII стагоддзя да н.э. (пры кіраванні Рамзеса VI). Да гэтага, паволе паведамленняў стэлы Мернептаха, Егіпет падвяргаўся нападам «народаў мора», якія прыйшлі праз Лівію, у склад якіх уваходзілі ахейцы, сікулы (?), лікійцы (?), шэрдэны (сардынцы?) і тырсены, а таксама перажыў паўстанне ў Ханаане ў гарадах Ашкелон і Енаам і паўстанне народа Ізраіля. Падчас кіравання Рамзеса III адбыўся новы напад «народаў мора», у якім удзельнічалі філістымляне (пеласгі?), чэкер (тэўкры?), шэрдэны і данайцы.
Заключэнне[правіць | правіць зыходнік]
Роберт Друс (Robert Drews) апісвае «бронзавы калапс» як «найбуйнейшую катастрофу ў старажытнай гісторыі, нават яшчэ больш жудасную, чым падзенне Заходняй Рымскай імперыі»[3], цытуючы пры гэтым Ф. Брадэля, паводле меркавання якога культуры Усходняга Міжземнамор'я вярнуліся амаль да таго, з чаго яны пачыналі («нулявога ўзроўню»)[4]. Шэраг антычных аўтараў пісалі пра час да катастрофы як пра страчаны «залатым веку». Да прыкладу, Гесіёд піша пра эпохі Залатога, Сярэбранага і Медных вякоў, аддзеленых ад сучаснага яму жорсткага Жалезнага веку Векам герояў.
Магчымыя прычыны катастрофы[правіць | правіць зыходнік]
Тэктанічная актыўнасць[правіць | правіць зыходнік]
У якасці патэнцыйнага стымулу катастрофы разглядалася павелічэнне тэктанічнай актыўнасці ў названы час, у прыватнасці, звышмагутнае вывяржэнне вулкана Гекла, якое датавалася 1159 г да н.э.[5][6] Іншыя археолагі адносяць гэта вывяржэнне да пазнейшага часу. Амас Нур лічыў, што стымулам было землетрасенне магнітудай 6,5 па шкале Рыхтэра ў Міжземнамор'і[7].
Існуе версія пра магутнае вывяржэнне вулкана Сантарын падчас Зыходу, гісторыкі і археолагі датуюць яго мяжой XII—XIII стагоддзяў да н.э.[8][9][10], паводле якой вогненны слуп — гэта шлейф вывяржэння вулкана Сантарын, а мора, «якое расступілася» — вядомая з'ява, калі падчас прыходу цунамі марская вада спачатку хутка адыходзіць ад берага, а затым ізноў вяртаецца.
Міграцыі і набегі[правіць | правіць зыходнік]
Экрэм Акургал, Густаў Леман і Фрыц Шахермайр, абапіраючыся на ідэі Гастона Масперо і на знаходкі вялікай колькасці мячоў тыпу Naue II, якія паходзяць з поўдня Усходняй Еўропы, а таксама егіпецкія і ўгарыцкія згадкі пра нашэсце «народаў мора», лічаць менавіта міграцыі асноўнай прычынай катастрофы.[11] У той жа час, запісаныя лінейным пісьмом B дакументы Мікенскага царства, якія адносяцца да перыяду непасрэдна перад калапсам, сведчаць пра рост пірацтва і набегаў для захопу рабоў, асабліва з узбярэжжа Анатоліі. Неўзабаве пасля кіравання Рамзеса II былі пабудаваны егіпецкія крэпасці ўздоўж узбярэжжа Лівіі для таго, каб супрацьстаяць марскім набегам.
Апрацоўка жалеза[правіць | правіць зыходнік]
Леанард Палмер выказаў здагадку, што жалеза мелася ў значна большай колькасці, чым бронза, і дазваляла ўзбройваць больш шматлікія войскі, якія маглі адолець меншыя арміі, якія выкарыстоўвалі бронзавую зброю і калясніцы, хоць зброя з жалеза была горшай якасці.[12] Гэты аргумент, аднак, з часам быў раскрытыкаваны, паколькі было ўсталявана, што канчатковы пераход да жалеза адбыўся ўжо пасля бронзавага калапсу. Магчыма, сваю ролю адыграў фактар разрыву гандлю на далёкія адлегласці ў выніку сістэмнага крызісу, з-за чаго спынілася ці істотна паменшылася пастаўка волава, што, у сваю чаргу, зрабіла немагчымым вытворчасць бронзы.
Засуха[правіць | правіць зыходнік]
Харві Вайс, прафесар блізкаўсходняй археалогіі з Ельскага ўніверсітэта,[13], абапіраючыся на індэкс засух Палмера для 35 пунктаў у Грэцыі, Турцыі і на Блізкім Усходзе, прыйшоў да высновы, што адным са стымулаў калапсу была працяглая засуха, якая пагоршыла сацыяльна-эканамічнае становішча вялікага рэгіёна, прывяла да войнаў і міграцый.[14] Пазней Браян Фейган выказаў меркаванне, што атлантычныя штармы ў сярэдзіне зімы на поўнач ад Пірэнеяў і Альпаў прынеслі больш вільготны клімат у Цэнтральную Еўропу, і адначасова засушлівы — ва Усходняе Міжземнамор'е, што і стала штуршком да калапсу бронзавага веку.[15]. Гэта стасуецца і са старажытнагрэчаскімі крыніцамі, якія гавораць пра засуху, якая здарылася пасля Траянскай вайны. Насельніцтва Заходняй Анатоліі было вымушана міграваць.
Сістэмны крызіс[правіць | правіць зыходнік]
Агульны сістэмны калапс адбыўся, відаць, не толькі ва Усходнім Міжземнамор'і. Так, у Цэнтральнай Еўропе адбыўся прыкметны рэгрэс паміж перыядам культуры палёў пахавальных урнаў XIII—XII стст. да н.э. і з'яўленнем гальштацкай культуры ў X—IX стст. да н.э.[16], што адбылося сінхронна з грэчаскімі цёмнымі вякамі пасля заняпаду мікенскай цывілізацыі. Застаецца, аднак, нявырашаным пытанне, ці быў гэты сістэмны крызіс прычынай ці следствам бронзавага калапсу. Прыхільнікам данай тэорыі з'яўляецца Джозеф Тэйнтэр[17].
У спецыфічным кантэксце Блізкага Усходу спалучэнне цэлага шэрагу фактараў — уключаючы рост насельніцтва, пагаршэнне глебы, засуху, тэхналогіі ліцця з бронзы і кавання жалеза — магло прывесці да росту кошту зброі (у параўнанні з коштам зямлі) да ўзроўню празмерна высокага для традыцыйных вайсковых арыстакратый.
Змены ў вядзенні вайны[правіць | правіць зыходнік]
Роберт Друс (Robert Drews) мяркуе,[18] што з'яўленне масавай пяхоты, якая выкарыстоўвала новыя віды ўзбраення і даспехаў, як, напрыклад, адлітыя (а не каваныя) наканечнікі дзід і доўгія мячы — колюча-сякучая зброя (меч тыпу Naue Type II, які з'явіўся ва ўсходніх Альпах і Карпатах каля 1200 г. да н.э., хутка распаўсюдзіўся і стаў адзіным відам мяча ў XI ст. да н.э.; жалеза было заменена бронзай без істотнай змены дызайну)[19] і дроцікаў, а таксама з'яўленне бронзавых ліцейных майстэрняў, даюць падставу меркаваць, што «масавая вытворчасць бронзавых артэфактаў нечакана набыла вялікае значэнне ў Эгейскім рэгіёне». Да прыкладу, Гамер выкарыстоўвае слова «дзіды» як сінонім слова «воін», што гаворыць пра рост значэння дзід у вайне. Такая новая зброя, якой карысталіся прота-гопліты, здольныя адбіваць масіраваныя атакі баявых калясніц, змагло дэстабілізаваць дзяржавы, дзе арміі былі заснаваны на выкарыстанні калясніц кіруючым класам, і спрыяць рэзкаму сацыяльнаму калапсу, калі такая пяхота стала здзяйсняць набегі на старажытныя гарады.[20][21]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ M. Liverani, «The collapse of the Near Eastern regional system at the end of the Bronze Age: the case of Syria», in Centre and Periphery in the Ancient World, M. Rowlands, M.T. Larsen, K. Kristiansen, eds. (Cambridge University Press) 1987.
- ↑ S. Richard, «Archaeological sources for the history of Palestine: The Early Bronze Age: The rise and collapse of urbanism», The Biblical Archaeologist (1987)
- ↑ Drews, The End of the Bronze Age: changes in warfare and the catastrophe c. 1200 B.C., 1993:1
- ↑ Braudel, F. (Ed) (1977), La Mediterranee: l'espace et l'histoire (Paris)
- ↑ Yurco, Frank J. (1999). «End of the Late Bronze Age and Other Crisis Periods: A Volcanic Cause». in Teeter, Emily; Larson, John (eds.). Gold of Praise: Studies on Ancient Egypt in Honor of Edward F. Wente. Studies in Ancient Oriental Civilization. 58. Chicago, IL: Oriental Institute of the Univ. of Chicago. pp. 456—458. ISBN 1-885923-09-0.
- ↑ a b c Cunliffe, Barry (2005). Iron Age Communities in Britain (4th ed.). Routledge. pp. 256. ISBN 0-415-34779-3. Pg 68
- ↑ Nur, Amos and Cline, Eric; (2000) «Poseidon's Horses: Plate Tectonics and Earthquake Storms in the Late Bronze Age Aegean and Eastern Mediterranean», Journ. of Archael. Sc. No 27 pps.43-63 — http://srb.stanford.edu/nur/EndBronzeage.pdf Архівавана 21 верасня 2006.
- ↑ Навіны The Daily Telegraph: Biblical plagues really happened say scientists (англ.)
- ↑ Навіны Lenta.ru. Біблейскім Карам егіпецкім знайшлося навуковае тлумачэнне
- ↑ Навіны@mail.ru Біёлагі знайшлі тлумачэнне егіпецкім пакаранням смерцю Архівавана 3 красавіка 2010.
- ↑ Robbins, Manuel (2001) Collapse of the Bronze Age: the story of Greece, Troy, Israel, Egypt and Peoples of the Sea" (Authors Choice Press)
- ↑ Palmer, Leonard R (1962) Mycenaeans and Minoans: Aegean Prehistory in the Light of the Linear B Tablets. (New York, Alfred A. Knopf, 1962)
- ↑ Weiss, Harvey: (1982) «The decline of Late Bronze Age civilization as a possible response to climatic change» in Climatic Change ISSN 0165-0009 (Paper) 1573—1480 (Online), Volume 4, Number 2, June 1982, pps 173—198
- ↑ Wright, Karen: (1998) «Empires in the Dust» in «Discover Magazine» March 1998 issue. http://discovermagazine.com/1998/mar/empiresinthedust1420
- ↑ Fagan, Brian M. (2003), "The Long Summer: How Climate Changed Civilization (Basic Books)
- ↑ http://www.iol.ie/~edmo/linktoprehistory.html
- ↑ Tainter, Joseph: (1976) «The Collapse of Complex Societies» (Cambridge University Press)
- ↑ Drews pp192ff.
- ↑ Drews 1993:194
- ↑ Drews, R. (1993) The End of the Bronze Age: Changes in Warfare and the Catastrophe ca. 1200 B.C. (Princeton 1993).
- ↑ [1][2]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Oliver Dickinson. The Aegean from Bronze Age to Iron Age: Continuity and Change Between the Twelfth and Eighth Centuries, BCRoutledge (2007), ISBN 978-0-415-13590-0.