Катры Вала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Катры Вала
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 11 верасня 1901(1901-09-11)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 28 мая 1944(1944-05-28)[1] (42 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтка, перакладчыца, пісьменніца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Катры Вала (фінск.: Katri Vala; сапраўднае імя Карын Аліса Вадэнстром — у дзявоцтве, Хейкель — пасля замужжа; 11 верасня 1901, Муоніа, Вялікае Княства Фінляндскае, Расійская імперыя — 28 красавіка 1944, Екшэ, Швецыя) — адна з самых вядомых паэтэс Фінляндыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Муоніа ў сям’і Роберта Вальдэмара Вадэнстрома, які працаваў у Службе аховы лясоў, і Аляксандры Фрэдэрыкі Вадэнстром. У 1911 годзе бацька Катры, які пакутаваў на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, памёр у шпіталі, адмовіўшыся прымаць ежу. Сям’я апынулася на мяжы галечы; маці паэтэсы ўладкоўвалася на розныя працы, каб пракарміць сям’ю, нават спрабавала адкрыць краму, якая, аднак доўга не праіснавала.

Пісаць вершы пачала ў 11 гадоў. У 1922 годзе яна скончыла настаўніцкае вучылішча; падчас навучання яна шмат чытала (сярод пісьменнікаў, якімі яна цікавілася, былі Кнут Гамсун і Рабіндранат Тагор). Некалькі гадоў яна выкладала ў школе, перш чым змагла цалкам аддаць сябе творчасці. Раннія творы Катры Вала друкаваліся ў 1920-х гадах у перыядычным выданні Nuori Voima. У гэты час яна выдала першы зборнік вершаў, які называўся «Далёкі сад» (Kaukainen puutarha, 1924). Кніга пачынаецца радаснымі вершамі, прысвечанымі сонцу, зямлі, месяцу, а заканчваюцца творамі пра боль і самоту. За гэтую кнігу паэтэса атрымала дзяржаўную літаратурную прэмію; восем вершаў Вала былі надрукаваныя ў анталогіі Nuoret runoilijat.

У 1928 годзе Катры Вала захварэла на туберкулёз, ад якога так ніколі канчаткова не паправілася. Крыху падлячыўшыся, паэтэса выправілася ў падарожжа на Рыўеру і ў Парыж, а пасля пасялілася ў Хельсінкі, дзе ў 1930 годзе выйшла замуж за Армаса Хейкеля.

У гады Вялікай дэпрэсіі становішча сям’і Хейкеляў было досыць складаным. Катры Вала падпрацоўвала, пішучы для часопісаў і перакладаючы пераважна шведскіх (але не толькі) паэтаў на фінскую мову. У гэты час яна пераклала творы Генрыха Гайнэ, Бертальда Брэхта, некаторых кітайскіх паэтаў. Са шведскіх паэтаў больш за ўсё Катры Вала цікавілася творчасцю Агнэс фон Крузенштэрн і Карын Бое (якую Вала нават наведала ў Стакгольме).

Другая кніга Катры Вала «Сінія дзверы» (Sininen ovi, 1926) уяўляла сабой панегірык каханню і жыццю. У пачатку 1930-х гадоў паэтэса працавала крытыкам у часопісе «Туленкантаят» (Tulenkantajat, т.б. «Носьбіты агню»), дзе друкавала агляды і рэцэнзіі пад псеўданімам Пека (Pecka). Большая частка супрацоўнікаў часопіса мела левыя погляды. Катры Вала часта крытыкавала нацызм і расізм Трэцяга Рэйху, а таксама мілітарызм, і насміхалася з такой значнай асобы ў літаратуры, як Міка Валтары.

Пазнейшая творчасць Катры Вала афарбаваная ў больш змрочныя колеры. Паэтка ўвайшла ў літаратурную групу «Кійла» (Kiila, т.б. «Клін»), аднак не падзяляла цалкам марксісцка-ленінісцкіх поглядаў большасці сяброў групы. У паэзіі Вала гэтага часу атмасфера эпохі адчуваецца праз уласную трагедыю: першае дзіця паэткі (1931) памерла праз дзве гадзіны пасля нараджэння. Вала надоўга заглыбілася ў дэпрэсію і нават паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Многія вершы, у якіх Вала асэнсоўвала сваю страту, трапілі ў зборнік «Вяртанне» (Paluu, 1934).

Пасля нараджэння другога дзіцяці ў 1934 годзе хвароба паэтэсы зноў абвастрылася. У 1940 годзе да гэтага дадаліся яшчэ і фінансавыя праблемы, і Катры разам з сынам Маўры выехалі ў Швецыю. У 1942 годзе арыштавалі Армаса Хейкеля, а паперы паэтэсы канфіскавалі. У тым жа годзе выйшаў апошні зборнік вершаў Вала «Роднае гняздо гарыць» (Pesäpuu palaa), куды ўвайшлі многія вершы, напісаныя ў 1935—1939 гадах.

Памерла 28 красавіка 1944 года ў Швецыі. У 1945 годзе яе прах быў перавезены ў Фінляндыю і ўрачыста пахаваны.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Як мадэрнізатарку фінскай паэзіі Катры Вала часта параўноўваюць са шведскай паэтэсай Эдыт Сёдэргран.

Беларускі пераклад[правіць | правіць зыходнік]

  • Выбраныя вершы. Пераклаў з фінскай Якуб Лапатка. Мн., 2017, 128 с. (серыя «Паэты планеты»).

Зноскі

  1. а б Katri Vala // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Katri ValaSLS.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]