Кафедра Святога Пятра

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кафедра Святога Пятра ў саборы Святога Пятра

Кафедра Святога Пятра — скульптурная кампазіцыя ў алтарнай прасторы сабора Святога Пятра ў Ватыкане, створаная Джавані Ларэнца Берніні. У каталіцкім багаслоўі тэрмін ужываецца як сінонім папскай улады. У гонар кафедры Святога Пятра адзначаецца аднайменнае каталіцкае свята 22 лютага.

Кафедра Берніні[правіць | правіць зыходнік]

Кафедра Святога Пятра знаходзіцца ў апсідзе сабора Святога Пятра і вянчае яе галоўны неф, завяршаючы перспектыву каласальнага будынка[1]. Кафедра ўтрымлівае ў сабе старажытную хрысціянскую рэліквію — драўляны трон Св. апостала Пятра, які паводле царкоўнага падання належаў апосталу. Рэліквія была падорана Папе Яну VIII Карлам Лысым у 875 годзе[2].

Кафедра створана з пазалочанай бронзы Джавані Ларэнца Берніні ў 1657—1666 гадах і лічыцца адным з галоўным шэдэўраў майстра[3]. Пасля стварэння кафедры Берніні драўляны трон знаходзіцца ўнутры яе і схаваны ад вачэй, аднак у 1867 годзе ў час святкавання 1800-годдзя пакутніцтва апосталаў Пятра і Паўла ён выстаўляўся для шанавання вернікамі[4].

Па сярэдневяковай традыцыі рэлікварый, які змяшчае святыню, павінен у той ці іншай ступені паўтараць яе форму. Таму цэнтральнай часткай кафедры служыць бронзавы трон з ажурнай спінкай, упрыгожанай барэльефам «Хрыстос уручае ключы апосталу Пятру». Трон акружаны фігурамі анёлаў і падтрымліваецца статуямі чатырох вялікіх Настаўнікаў Царквы, прычым двое заходніх настаўнікаў, Амвросій Медыяланскі і Аўрэлій Аўгусцін, знаходзяцца са знешняга боку і паказаны ў заходніх мітрах; а двое ўсходніх, Іаан Залатавуст і Афанасій Вялікі знаходзяцца з унутранага боку трона і паказаны з непакрытай галавой[2].

Кафедра асветлена вітражным акном, размешчаным над ім. Вітраж мае авальную форму, набраны з тонкіх алебастравых пласцін, у яго цэнтры намаляваны голуб, які парыць у прамянях Сонца — сімвал Святога Духа. Акно акружана шматлікімі фігурамі анёлаў[1]. Маштаб усёй кампазіцыі падкрэслівае той факт, што размах крылаў голуба, які здаецца гледачу адносна невялікім, складае каля 3 метраў[5].

Багаслоўскі тэрмін[правіць | правіць зыходнік]

У каталіцкім багаслоўі тэрмін «кафедра Святога Пятра» мае важнае значэнне як сімвал папскай улады. Кафедра ў хрысціянстве з ранніх часоў служыла сімвалам улады біскупа, паколькі апостал Пётр лічыцца ў каталіцтве першым біскупам Рыма, рымская біскупская кафедра называецца «кафедрай Святога Пятра». У сувязі з гэтым у папскую тытулатуру ўваходзяць тытулы «Біскуп Рымскі» і «Пераемнік князя апосталаў».

" Папа, Біскуп Рымскі і пераемнік Св. Пятра, ёсць пастаянны і бачны пачатак і аснова адзінства і біскупаў і мноства верных[6] "

Свята[правіць | правіць зыходнік]

У сучасным літургічным календары рымскага абраду 22 лютага адзначаецца свята кафедры апостала Пятра[7]. Свята існуе ў Заходняй Царкве з IV стагоддзя[7], складзены ў Рыме ў першай палове IV стагоддзя мартыралог Depositio martyrum прыводзіць дату 22 лютага як дату свята кафедры апостала Пятра[8]. Аднак пазней на Захадзе адзначаліся два святы — дата 22 лютага замацавалася за святам «Кафедра Св. Пятра, Антыяхійская» (паводле царкоўнага падання апостал Пётр узначальваў царкву Антыёхіі перш чым стаў біскупам Рыма), а 18 студзеня адзначалася свята «Кафедра Св. Пятра, Рымская»[9]. Гэта практыка ўвайшла ў традыцыю мясцовых календароў з XI стагоддзя, пазней распаўсюдзілася на ўсю Заходнюю Царкву.

Пасля літургічнай рэформы Другога Ватыканскага сабору ў календары засталася толькі дата 22 лютага без удакладнення назвы кафедры[9]. Евангельскае чытанне гэтага дня (Мф.16:13-19) апавядае пра спавяданне Пятром Ісуса Хрыстом, стварэнне Царквы на Пятру, як на камені, і ўручэнне яму ключоў Царства Нябеснага.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 А.Ю.Низовский Собор Св. Петра // Ватикан. Серия "Великие города и музеи мира" — М.: Вече, 2006. — С. 52. — 160 с. — ISBN 5-9533-1652-6.
  2. 2,0 2,1 Interior of the Basilica. Сайт Ватикана
  3. «Бернини» //Большая Советская Энциклопедия
  4. «Chair of Peter» //Catholic Encyclopedia. 1913
  5. «Италия» //Вокруг света. М.:2009
  6. Катэхізіс Каталіцкай Царквы. &881
  7. 7,0 7,1 The Feast of the Chair of St. Peter
  8. «Мартиролог» //Католическая энциклопедия. Т.3. М.:2007
  9. 9,0 9,1 «Кафедра Святого Апостола Петра» //Католическая энциклопедия. Т.2. М.:2005. Ст. 945—947

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]