Кацярына Сабеская
Кацярына Сабеская | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
7 студзеня 1634[1] |
Смерць |
29 верасня 1694[1] (60 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Сабескія |
Бацька | Якуб Сабескі[d][2] |
Маці | Соф’я Тэафіла з Даніловічаў[d][2] |
Муж | Уладзіслаў Дамінік Заслаўскі[3] і Міхал Казімір Радзівіл[4][3] |
Дзеці | Тэафіла Людвіка з Заслаўскіх[d][3], Караль Станіслаў Радзівіл, Аляксандр Януш Заслаўскі, Ежы Юзаф Радзівіл, Багуслаў Крыштаф Радзівіл[d], Тэкля Адэлаіда з Радзівілаў[d], Ян Радзівіл[d], Людвік Радзівіл[d] і Мікалай Францішак Радзівіл[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кацярына Сабеская (польск.: Katarzyna Sobieska; 7 студзеня 1634, Золачаў, цяпер Львоўская вобласць, Украіна — 29 верасня 1694, Варшава) — палітычная дзяячка, сястра караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сям’я Сабескіх паходзіла з шляхецкага магнацкага роду герба Яніна. Бацькам Кацярыны быў Якуб Сабескі, кракаўскі кашталян, маці — Сафія Тэафіла, спадчынніца роду Данілевіч. Сям’я жыла ў атрыманых у спадчыну ўладаннях прадзеда, Станіслава Жалкоўскага, у Жолкаўскім замку. Выхаваннем Кацярыны займалася маці, дзяўчына не атрымала класічнай адукацыі, дачку рыхтавалі да манастырскага жыцця.
Лічыцца, што ў юнацкія гады ў яе адбыўся раман з Дзмітрыем Вішнявецкім, ад яго нарадзіўся яе першы сын, якога пасля ўсынавіў першы муж Сабескай. У 1650 годзе маці выдае Кацярыну замуж за князя Уладзіслава Дамініка Заслаўскага-Астрожскага з роду Астрожскіх, які быў старэйшы за нявесту амаль на 20 гадоў.
Пасля смерці мужа ў 1656 годзе Кацярына другі раз выйшла замуж у 1658 годзе за падчашага Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Казіміра Радзівіла, будучага падканцлера і польнага гетмана літоўскага.
Разам з мужам прымала ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных каранацыі Міхаіла Вішнявецкага Карыбута (у 1669) і роднага брата Яна III (у 1674). Разам з мужам здзейсніла паездку ў Італію (1677—1678), наведала Венецыю, Ларэта і Рым, а на зваротным шляху — Вену. Пасля смерці мужа ў 1680 годзе напераменку пражывала ў Варшаве, Жоўкве і Явораве. У 1691 годзе пакінула каралеўскі двор.
У апішнія гады жыцця займалася дабрачыннасцю, рабіла шмат каштоўных ахвяраванняў кляштарам, касцёлам і іншым дабрачынным установам. Нясвіжскаму езуіцкаму касцёлу Кацярына падарыла 40 тысяч злотых, там жа і была пахавана. Падчас жыцця яе называлі «мудрай Кацярынай», а брат-кароль у найбольш сур’ёзных момантах часта звяртаўся да яе за парадай.
Кацярына памерла ў Варшаве 29 верасня 1694 года з-за хваробы печані.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Ад першага шлюбу мела двух дзяцей: Аляксандра Януша Заслаўскага і Тэафілію Людвіку Заслаўскую.
Ад другога: Тэклу Адэлю, Яна і Людовіка, Мікалая Францішка, Багуслава Хрыстафора, Ежы Язэпа і Караля Станіслава.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]У крыпце Нясвіжскага касцёла езуітаў у асобным памяшканні знаходзіцца, як лічыцца, труна Кацярыны Сабескай. Вакол труны размешчаны каля дзясятка маленькіх трун, у якіх, згодна з паданнем, знаходзяцца дзеці Кацярыны Сабескай, якія памерлі ў дзяцінстве. З усіх дзяцей Кацярыны Сабескай толькі Караль Станіслаў дажыў да сталага ўзросту і стаў наступным нясвіжскім ардынатам.
Зноскі
- ↑ а б Katarzyna Radziwiłłowa (z domu Sobieska) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ а б Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu — Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 157. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
- ↑ а б в Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu — Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 341. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
- ↑ Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кацярына Сабеская