Кашкайцы
Кашкайцы (Qaşqaylar) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 940000 (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | кашкайская |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | азербайджанцы, туркі |
Кашка́йцы (саманазва: Qaşqaylar; перс.: قشقایی) — цюркскі народ у Іране. Агульная колькасць (2017 г.) — 940 000 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Кашкайцы паходзяць ад агузаў. Моўна і генетычна найбольш блізкімі да іх народамі з’яўляюцца туркі і азербайджанцы. Згодна з паданнямі саміх кашкайцаў, яны перасяліліся ў Іран пры хане Хулагу. Першапачатковым месцам іх рассялення былі землі вакол Ардэбіля ў Іранскім Азербайджане. У пачатку XVI ст. Ісмаіл I перасяліў іх на поўдзень Ірана для прадухілення нападаў партугальцаў.
Кайшкайцы падзяляліся на асобныя плямёны. Найбольш буйнымі з іх з’яўляліся дарэшуры, шашбулюк, кашкулі, фарсімадан і амалех. На чале плямён стаялі спадчынныя правадыры-ільханы. Кашкайскія плямёны мелі статус саюзнікаў шахіншахаў і карысталіся шырокай аўтаноміяй. З канца XIX ст. іх уплыў на ўрад Ірана спрабавалі выкарыстаць прадстаўнікі іншых дзяржаў. У выніку падчас I сусветнай вайны частка кашкайцаў падтрымала Германію і Асманскую Порту. Спроба шаха Рэзы Пахлеві падпарадкаваць кашкайцаў іранскім законам выклікала паўстанне ў 1921 г. У гады II сусветнай вайны кашкайцы вялі баявыя дзеянні супраць іранскай арміі, а таксама пагражалі брытанскім сілам на поўдні Ірана.
Кашкайцы паўставалі супраць іранскіх улад у 1945—1946 гг., 1962—1964 гг. Сумесная барацьба спрыяла яднанню і з’яўленню сярод іх агульнапрынятых лідараў. У 1964 г. большасць правадыроў была вымушана пакінуць Іран. Лідар кашкайскай апазіцыі Хасроў-хан Кашкай вярнуўся толькі пасля Ісламскай рэвалюцыі, аднак быў арыштаваны і публічна пакараны смерцю ў Шыразе ў 1982 г.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]
Галоўным заняткам кашкайцаў здаўна з’яўляецца качавая жывёлагадоўля. Трымаюць авечак, коз, кароў, вярблюдаў, коней. Зімовыя пашы кашкайцаў знаходзяцца на поўнач ад Персідскага заліва. Увесну перакачоўваюць далей на поўнач. Распаўсюджаныя рамёствы: апрацоўка скур, выраб сыру, дываноў, ваўняных тканін і г. д. Традыцыйнае жытло — шацёр чадар.
Асноўная сацыяльная адзінка — племя тайфэ. Яно валодае пашамі і шляхамі сезонных вандровак. Плямёны падзяляюцца на роды тырэ. Кожны род мае свой статус. Паходжанне з пэўнага роду вызначае і асабісты статус чалавека. Найбольш высокае становішча ў родаў ільханаў, якія кіруюць саюзамі плямён. Буйныя роды могуць падзяляцца на падраздзяленні з некалькіх сямей. На чале родаў стаяць старэйшыны. Родавыя і племянныя старэйшыны займаюцца судом, збіраюць падаткі, прызначаюць супольныя адпрацоўкі. Частка кашкайцаў знаходзіцца па-за межамі родаў. Гэта прафесійныя рамеснікі, музыканты, наёмныя рабочыя. Яны складаюць асобны найбольш сацыяльна прыніжаны пласт насельніцтва табакатэпаст. Для іх характэрны прафесійныя карпарацыі. Сем’і звычайна малыя нуклеарныя. У паўднёвых кашкайцаў сустракаюцца сямейныя абшчыны — аб’яднанні сваякоў па мужчынскай лініі, што валодаюць агульнай маёмасцю.
Ужо ў XIX ст. паміж кашкайцамі не мелася сацыяльнай роўнасці. Ільханы і іх памагатыя ільбегі валодалі большасцю статкаў і наймалі простых суайчыннікаў за натуральную плату. Некаторыя ільханы мелі сталыя рэзідэнцыі ў гарадах. У выніку эміграцыі лідараў паўстання 1962—1964 гг. і Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ўлада традыцыйных правадыроў значна скарацілася.
Кашкайцы маюць багаты вусны і музычны фальклор. Традыцыйныя святы звязаны з рэлігійным календаром.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — мусульмане-шыіты. Захоўваецца вера ў духаў і магію.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Кашкайцы на Вікісховішчы |
---|