Квакіютль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Квакіютль
('Kwakwakaʼwakw')
Фота 1900 г.
Агульная колькасць 8300 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання Брытанская Калумбія
Мова квакіютль (мовы)
Рэлігія анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы дытыдач, нутка

Квакію́тль (англ.: Kwakiutl, саманазва: Kwakwakaʼwakw) — група малых індзейскіх народаў, якая размаўляе на аднайменных мовах, карэннае насельніцтва вакол праліва Джорджыя ў Брытанскай Калумбіі (Канада). Агульная колькасць (2019 г.) — 8 300 чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле паданняў саміх квакіютль, іх продкі былі жывёламі, якія вандравалі па свету, але на ўзбярэжжы Ціхага акіяна пазбавіліся жывёльнага аблічча і ператварыліся ў людзей. Археалагічныя раскопкі паказалі, што месцы, населеныя квакіютль, былі заняты старажытнымі рыбаловамі і збіральнікамі каля 8000 гадоў таму.

Супольная назва паходзіць ад наймення адной з груп Kwagu'ł, што жыла ў XVIII ст. на месцы сучаснага горада Форт-Руперт на поўначы вострава Ванкувер. Яна замацавалася толькі ў XX ст. за ўсёй этнічнай супольнасцю дзякуючы даследаванням Франца Боаса[2]. Квакіютль Ванкувера апавядаюць, што найменне паселішча Kwagu'ł звязана з даўняй трагічнай падзеяй, калі воін Якодлас забіў правадыра Маквала[3]. Тыя, хто падтрымаў забойцу, сталі звацца Kwixamut або «прыхільнікі забойцы».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фота каля 1899 г.

Першы кантакт квакіютль з еўрапейцамі адбыўся ў канцы XVIII ст., калі населеныя імі землі наведалі іспанская экспедыцыя на чале з Алехандра Маласпіна і брытанская экспедыцыя на чале з Джорджам Ванкуверам. У 1849 г. кампанія Гудзонава заліва заснавала Форт-Руперт, які ператварыўся ў важны гандлёвы цэнтр футрам на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі. Тут пачалася здабыча вугалю[4], завозіліся рабочыя еўрапейскага паходжання. У выніку кантактаў з еўрапейцамі колькасць індзейцаў значна скарацілася з-за выпадкова завезеных эпідэмічных хвароб, ад якіх у квакіютль не было імунітэту.

У 1850 г. некалькі аб’яднанняў квакіютль заключылі дагаворы аб прызнанні іх тэрытарыяльных правоў, аднак яны ахоплівалі далёка не ўсе землі, што былі ў карыстанні абарыгенаў. У 1869 г. брытанскі місіянер Томас Кросбі пачаў распаўсюджванне хрысціянства сярод тубыльцаў вострава Ванкувер і суседніх астравоў. Пры місіі дзейнічалі школа і пільня, што давала працу мясцовым жыхарам.

У канцы XIX ст. культура квакіютль была даследавана Францам Боасам. Яго вучаніца Рут Бенедыкт разглядала племя квакіютль як яскравых прадстаўнікоў «дыянісійскага» тыпу культуры, для якіх характэрны ўзбуджанасць, пачуццё страху і небяспекі[5].

У XX ст. многія традыцыйныя паселішчы былі пакінуты з-за эканамічных прычын, а зямля, на якой яны месціліся, перайшла ў валоданне Брытанскай Калумбіі. У 1884 г. улады Канады забаранілі патлач. Спроба яго арганізацыі ў 1921 г. прывяла да зняволення 22 чалавек[6].

У 1980 г. было заснавана культурнае таварыства квакіютль U’mista, якое падтрымлівае шчыльныя зносіны з канадскімі навуковымі ўстановамі, утрымоўвае гасцініцу, пры ёй — музей і культурны цэнтр[7]. У нашы дні ў Канадзе існуе 8 рэзервацый квакіютль. Яны ахопліваюць 295 га[3]. Вядуцца перагаворы з уладамі аб вяртанні і кампенсацыі за іншую зямельную маёмасць.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі квакіютль з’яўляюцца рыбалоўства, паляванне на ластаногіх, збіральніцтва. У мінулым існаваў полавы падзел працы. Мужчыны лавілі рыбу і палявалі на марскіх звяроў. Гэтыя заняткі былі сезоннымі. Дзякуючы пасткам і гацям на малых рэках лоў ласосяў меў надзвычай прадукцыйны характар і ствараў некаторы лішак, які абменьваўся з суседнімі народамі. Так, на востраве Ванкувер існавала сетка ўнутраных шляхоў для гандлю паміж квакіютль і нутка. Жанчыны збіралі расліны і малюскаў, рыхтавалі здабычу для захоўвання, гатавалі ежу, выраблялі сеткі, цыноўкі, тканіны, вопратку і кошыкі. Квакіютль былі выдатнымі апрацоўшчыкамі дрэва. З яго выразалі самыя розныя рэчы, ад хатняга посуду да лодак. З канца XIX ст. жыхары ўзбярэжжа былі ўцягнуты ў грашовую эканоміку, наймаліся на еўрапейскія рыбалоўныя судны і рыбакансервавыя заводы.

Квакіютль жылі ў вялікіх вёсках, ад 100 да 750 чалавек у кожнай. Увесну большая частка жыхароў пакідала вёскі і перамяшчалася ў часовыя лагеры здабытчыкаў. Звычайна такія лагеры былі разлічаны на некалькі сем’яў, але ў месцах нерасту ласосяў маглі дасягаць вялізарных памераў. У вёсках і лагерах будавалі каркасныя хаціны, абабітыя дошкамі. Да канца XIX ст. усё насельніцтва было сканцэнтравана ў 3 буйных паселішчах.

Традыцыйнае грамадства не ведала сацыяльнай роўнасці. Поруч са свабоднымі людзьмі існавалі рабы. Ранг і багацце былі важнымі кампанентамі штодзённага жыцця. Гэта відавочна прасочваецца ва ўспадкоўванні масак і танцаў, падарунках паміж чальцамі абшчын. Усё насельніцтва падзялялася на фратрыі Крумкача, Касаткі, Арла і Ваўка. Фратрыі складаліся з падраздзяленняў ‘na’mima, кожнае з якіх прэтэндавала на асобнага продка, правадыроў, міфы, права на пэўныя землі, рэлігійныя абрады, а таксама песні і танцы. Шлюбы знутры ‘na’mima забараняліся. Пошук нявесты ў іншых ‘na’mima лічыўся адказнай справай, паколькі ад удалага шлюбу залежалі набыццё пасады і падтрыманне годнасці. Сям’я жаніха выплачвала за нявесту выкуп, але сям’я нявесты паступова вяртала яго, часцяком з пераплатай. Вяселле суправаджалася перадачай цырыманіяльных прывілегій, сямейных імёнаў і масак. Сем’і, што не мелі дачкі для заключэння саюзу з уплывовай сям’ёй з іншай ‘na’mima, маглі арганізоўваць фіктыўны шлюб. Прызнаныя найбольш годнымі займалі пасаду правадыроў ‘na’mima і ў выніку мелі права кіраваць вёскай. Існавалі таксама пасады знахароў, танцораў, арганізатараў абрадаў. Частка маёмасці знішчалася падчас штогадовай цырымоніі патлач, аднак барацьба за першынство і маёмасць часам перарастала ў ваенныя канфлікты.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай з’яўлялася пашыраная гаспадарка. Яна ўключала некалькі блізкіх сваяцкіх нуклеарных сем’яў, куды ў якасці дадатковых чальцоў уваходзілі рабы. Сваяцтва перадавалася па мужчынскай лініі. Разводы былі магчымымі, але суправаджаліся складанымі цырымоніямі, доўгімі перагаворамі паміж сем’ямі мужа і жонкі, так што здараліся рэдка. Адказнымі за выхаванне дзяцей лічылася маці. Квакіютль рэдка каралі малых хлапцоў і дзяўчат. Падлеткі аб’ядноўваліся ў групы па полу.

Мастацтва квакіютль шчыльна звязана з сацыяльнымі і рэлігійнымі ўяўленнямі. Большасць святаў ладзілася ў зімовы перыяд, вольны ад здабычы. Існаваў нават сезонны падзел цыклаў песень на зімовы і летні. Зіма пачыналася з чатырохдзённага свята tsetseqa, што суправаджалася памятнымі спевамі, прысвечанымі памерлым на працягу года. Узімку таксама арганізоўваліся абрады ініцыяцыі. Патлач мог праводзіцца ў любы сезон. Звычайна ён прысвячаўся ўключэнню моладзі ў танцавальныя таварыствы, узыходжанню або смерці правадыра ‘na’mima і г. д.

У квакіютль мелася 4 танцавальныя таварыствы. Гэта былі досыць замкнёныя калектывы, што валодалі асобнымі будынкамі ў вёсках. Стаць чальцом танцавальнага таварыства лічылася вельмі пачэснай справай. У таварыства Hā`mats'a прымалі толькі сыноў правадыроў. Таварыства Winalagilis шанавала аднайменнага бога вайны, які, па ўяўленнях, прыходзіў з поўначы. Таварыства Dluwalakha арганізоўвала веснавыя абрады. Танцы таварыства Atlakim мелі больш забаўляльны характар, прадстаўлялі канкрэтнага танцора. Песні і танцы суправаджаліся музыкай. Квакіютль карысталіся такімі музычнымі інструментамі, як барабан, свісток, бразготка, сухое бервяно, па якому калацілі палкамі.

Выяўленчае мастацтва прадстаўлена арнаментальным пляценнем, разьбой рытуальных масак, татэмных слупоў, паўсядзённых рэчаў.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Мовы квакіютль адносяцца да вакашскай сям’і моў, распаўсюджанай на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі. Існуе некалькі варыянтаў запісаў слоў на гэтых мовах лацінскімі літарамі. У выніку працэсу асіміляцыі колькасць тых, хто карыстаецца квакіютль у сучасным паўсядзённым жыцці, вельмі малая. Вядуцца дыскусіі аб магчымасці адраджэння гутарковых дыялектаў сярод моладзі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія квакіютль была заснавана на касмалагічным уяўленні пра існаванне свету смяротных, нябеснага свету, марскога свету і свету прывідаў[8]. Сезонныя цыклы святаў павінны былі падтрымліваць сусветны парадак. Хаця апавяданні пра стварэнне сусвету сярод розных квакіютль адрозніваліся, усе яны сыходзіліся на тым, што ў мінулым продкі маглі трансфармаваць свае целы, ператварацца з жывёл у людзей. Водгукам гэтай веры ў звышнатуральныя магічныя ўласцівасці з’яўлялася выкарыстанне рытуальных масак і падзел на фратрыі, кожная з якіх мела свой татэм і міф пра паходжанне.

Квакіютль верылі ў звышнатуральныя істоты, у тым ліку багоў. Асабліва шанаваліся бог вайны Winalagalis, а таксама Kumugwe, бог мора, багацця і апрацоўшчык металаў. Памерлых хавалі ў трунах на дрэвах або ў пячорах.

Большасць сучасных вернікаў — пратэстанты, аднак многія старажытныя вераванні працягваюць захоўвацца і ў нашы дні.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Kwakiutl
  2. Гл.: Boas, F. Ethnology of the Kwakiutl. — Washington: Government Printing Office, 1921. — 1481 p.
  3. а б Our Land: In the Beginning
  4. Suquash (Fort Rupert) Архівавана 18 лютага 2020.
  5. Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ.; навук. рэд. П. Церашкевіч. — Мн., 1995.
  6. The Potlatch Ban
  7. U’mista Cultural Centre
  8. Cosmology & Ceremonial Life

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]