Перайсці да зместу

Квінт Курцый Руф

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Квінт Курцый Руф
Дата нараджэння I стагоддзе
Месца нараджэння
  • невядома
Дата смерці I стагоддзе[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, пісьменнік, палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Квінт Курцый Руф (лац.: Quintus Curtius Rufus) — рымскі гісторык, які напісаў «Гісторыю Аляксандра Вялікага Македонскага» (Historiae Alexandri Magni Macedonis) — адзін з найбольш поўных жыццяпісаў палкаводца, што дайшлі да нашых дзён.

Пра час жыцця Квінта Курцыя Руфа існуюць розныя меркаванні. Называюцца даты пачынаючы ад мяжы I стагоддзя да н.э. і I стагоддзя н. э. аж да пачатку II стагоддзя н. э. Паводле меркавання большасці даследчыкаў, ён жыў у I стагоддзі н. э. і напісаў сваю працу ў часы кіравання імператара Клаўдзія (4154 гады).

Імя Квінта Курцыя Руфа згадваецца ў некаторых старажытнарымскіх гістарычных дакументах, якія дайшлі да нашых дзён. Аднак у даследчыкаў няма адзінага меркавання наконт таго, ці тычацца ўсе гэтыя згадкі аўтара «Гісторыі Аляксандра Вялікага».

Тацыт згадвае нейкага Курцыя Руфа як аднаго з вядомых дзеячаў эпохі Юліяў-Клаўдзіяў. У «Аналах» (Annalium ab excessu divi Augusti, 16 кніг, якія ахопліваюць перыяд з 14 па 68 гады) гаворыцца наступнае: «Пра паходжанне Курцыя Руфа, пра якога некаторыя перадаюць, што ён сын гладыятара, не стану сцвярджаць няпраўды і саромеюся сказаць праўду». Паводле Тацыта, дасягнуўшы сталага ўзросту, Курцый Руф адправіўся ў Афрыку разам з квестарам, «якому дасталася гэта правінцыя». У Афрыцы ў Курцыя Руфа быў прывід у вобразе жанчыны, ад якой ён пачуў наступнае: «У гэту правінцыю, Руф, ты вернешся праконсулам». Пасля вяртання ў Рым Курцый Руф атрымаў квестуру, а затым і прэтуру. Пры гэтым, як сцвярджае Тацыт, імператар Тыберый пра паходжанне Курцыя Руфа заявіў: «Руф, як мне здаецца, нарадзіўся ад сябе самога». У дакуменце таксама даецца і характарыстыка Курцыя Руфа: «Дажыўшы да глыбокай старасці, з вышэйшымі агідна ліслівы, з ніжэйшымі — напышлівы, з роўнымі — няўжыўчывы, ён дабіўся консульства, трыумфальных адзнакаў і, нарэшце, правінцыі Афрыкі, пражыўшы жыццё ў адпаведнасці з прадказаным яму лёсам».

Апавяданне пра Курцыя Руфа змешчана і ў адным з лістоў Плінія Малодшага. Там гаворыцца пра чалавека, які нарадзіўся пры імператары Аўгусце, пачаў кар'еру пры Тыберыі, пры Клаўдзіі ў 45 годзе стаў консулам, атрымаў трыумфальныя адзнакі, камандаваў рымскім войскам у Верхняй Германіі і, нарэшце, пры Нероне стаў намеснікам Афрыкі.

Імя Квінта Курцыя Руфа згадваецца таксама ў спісе знакамітых рытараў сярэдзіны I стагоддзя н. э. у Светонія[2].

  1. Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968. Праверана 5 кастрычніка 2021.
  2. Квинт Курций Руф. История Александра Македонского. С приложением сочинений Диодора, Юстина, Плутарха об Александре / Отв. ред. А. А. Вигасин. — 2-е изд., испр. — М.,: Издательство МГУ., 1993. — 464 с.