Перайсці да зместу

Кейнсіянства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кейнсіянства (англ.: Keynesian economics) — кірунак у эканамічнай тэорыі, які ўзнік у 1930-х гадах дзякуючы працам брытанскага эканаміста Джона Мэйнарда Кейнса. Асновай кейнсіянства з'яўляецца ідэя, што рынкі не заўсёды здольныя самастойна забяспечыць поўную занятасць і стабільны эканамічны рост. Таму, паводле кейнсіянскай тэорыі, дзяржава павінна адыгрываць актыўную ролю ў рэгуляванні эканомікі, асабліва праз фіскальную і манетарную палітыку.

Кейнс лічыў, што падчас эканамічных спадаў попыт на тавары і паслугі зніжаецца, што прыводзіць да скарачэння вытворчасці і росту беспрацоўя. Каб супрацьстаяць гэтым з'явам, дзяржава павінна павялічваць выдаткі і зніжаць падаткі, стымулюючы агульны попыт.

Кейнсіянства аказала значны ўплыў на эканамічную палітыку многіх краін у XX стагоддзі, асабліва пасля Другой сусветнай вайны. У другой палове XX стагоддзя з'явіліся і новыя плыні, заснаваныя на ідэях Кейнса, напрыклад, неакейнсіянства.

Сутнасць кейнсіянства

[правіць | правіць зыходнік]

Кейнсіянства выступае супраць сцвярджэння класічнай эканомікі, што рынак самарэгулюецца і аўтаматычна імкнецца да раўнавагі. Замест гэтага кейнсіянская тэорыя падкрэслівае важнасць дзяржаўнай палітыкі і актыўнага ўмяшання, асабліва ў крызісныя перыяды.

Асноўная мэта кейнсіянскай палітыкі — падтрымліваць высокі ўзровень занятасці, стабільны рост ВУП і кіраваную інфляцыю.

Падчас эканамічных крызісаў або спадаў агульны попыт на тавары і паслугі зніжаецца, што прыводзіць да скарачэння вытворчасці, росту беспрацоўя і зніжэння даходаў. Кейнс лічыў, што для вырашэння гэтых праблем неабходна ўмяшанне дзяржавы ў эканамічныя працэсы. Ён прапаноўваў выкарыстоўваць фіскальную палітыку — павелічэнне дзяржаўных выдаткаў і/або зніжэнне падаткаў — для стымулявання сукупнага попыту. Таксама разглядаецца выкарыстанне манетарнай палітыкі для рэгулявання прапановы грошай (павелічэнне грашовай масы) і працэнтных ставак.

Таксама сродкам супраць эканамічнага заняпаду, паводле Кейнса, з’яўляецца дзяржаўная замова. Калі агульны попыт значна меншы за агульную вытворчасць, дзяржава павінна зрабіць замову, якая будзе гарантавана аплачана. У гэтым выпадку прадпрыемствы ноймуць новых працоўных, што знізіць беспрацоўе. Былыя беспрацоўныя атрымаюць заробак, павялічаць свае выдаткі і, такім чынам, павялічыцца агульны попыт — адбудзецца эканамічны рост. На думку Кейнса, першапачатковая замова дзяржавы можа быць вельмі вялікай і нават малапатрэбнай.

Неакейнсіянства

[правіць | правіць зыходнік]

Неакейнсіянцы імкнуліся адаптаваць тэорыі Кейнса да новых эканамічных умоў і крытыкі з боку неакласічных эканамістаў.

Абноўленая тэорыя павінна была адказаць на два пытанні, на якія класічная школа кейнсіянства не давала адказу. Неабходна было стварыць тэорыю эканамічнага росту і цыклічнага развіцця. Асноўная мадэль Дж. М. Кейнса была статычнай; ён разглядаў эканоміку ў кароткатэрміновым перыядзе, і параметры вытворчасці ў гэтым перыядзе не змяняліся. Такая тэорыя вырашала задачы крызісных 30-х гадоў XX стагоддзя, калі праблемы доўгатэрміновага росту не былі ў цэнтры ўвагі.

Асноўная мэта неакейнсіянства — спалучыць ідэі Кейнса пра неабходнасць дзяржаўнага рэгулявання з элементамі неакласічнай эканомікі, у тым ліку з аналізам рынкавых механізмаў. Неакейнсіянцы прызнаюць, што рынкі могуць быць эфектыўнымі, але сцвярджаюць, што ў рэальнасці часта ўзнікаюць цэнавыя і зарплатныя шокі, што перашкаджае хуткаму вяртанню да раўнавагі.

Важнымі тэмамі ў неакейнсіянскіх мадэлях з'яўляюцца недасканаласць рынку, інфляцыя, дзяржаўная палітыка і занятасць.

Праз эканамічны крызіс 1970-х неакейнсіянцаў выцеснілі неакласікі. Пад іх уплывам адбыліся жорсткія рэформы, скіраваныя на змяншэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы, у шэрагу краін прайшла маштабная прыватызацыя. Неакласікі вылучаюць ідэю пра тое, што галоўным сродкам рэгулявання эканомікі можа быць толькі манетарная палітыка, або палітыка рэгулявання грашовай масы.

Тым не менш пасля крызісу "доткомаў" у ЗША ў 2001 годзе і рэцэсіі 2008 года кейнсіянскі кірунак у эканоміцы зноў вяртаецца як мэйнстрым. Разам з тым канцэпцыі неакласікаў і кейнсіянцаў збліжаюцца, ліквідуюцца "слабыя месцы", а адрозненні паміж двума падыходамі, якія былі відавочнымі ў пачатку XX стагоддзя, у пачатку XXI стагоддзя паступова знікаюць.

Фрыдрых Хаек (аўстрыйская школа) крытыкаваў кейнсіянства за перабольшаную ролю дзяржавы і небяспеку інфляцыі, якую можна выклікаць праз вялікую дзяржаўную замову і павелічэнне дзяржаўных выдаткаў. Ён лічыў, што ўмяшанне дзяржавы парушае натуральны механізм рынку і вядзе да дэградацыі эканамічнай свабоды.

Мілтан Фрыдман (манетарызм) лічыў, што галоўны інструмент эканамічнага рэгулявання — манетарная палітыка, а не дзяржаўныя выдаткі. Ён крытыкаваў кейнсіянскі падыход за негатыўныя наступствы доўгатэрміновага павелічэння бюджэтных выдаткаў, у тым ліку інфляцыю і дэфіцыт бюджэту.

Роберт Лукас (новая класічная макраэканоміка) і ягоныя паслядоўнікі крытыкавалі кейнсіянскія мадэлі за ігнараванне рацыянальных чаканняў. Ён лічыў, што людзі і фірмы адаптуюцца да дзяржаўнай палітыкі, і таму яе эфекты могуць быць непрадказальнымі або нязначнымі.

  • (англ.) Keynes, John Maynard. The General Theory of Employment, Interest and Money. 1936.
  • (англ.) John Maynard Keynes на Find a Grave
  • Абель Э., Бернанке Б. [Абель, Бернанке Макроэкономика] / Пер. с англ. Н. Габенова, А. Смольского; научн. ред. д.э.н., проф. Л. Симкина. — СПб.: Питер, 2008. — ISBN 978-5-469-01110-1.
  • Скидельски Р. [Скидельски Р. Кейнс: Возвращение мастера] / Пер. с англ. О. Левченко; науч. ред. О. Замулин. — М.: ООО «Юнайтед Пресс», 2011. — ISBN 978-5-904522-92-6.