Перайсці да зместу

Кеневічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кеневічы
Перыяд з канца XV ст. па сярэдзіну XX ст.
Родапачынальнік: татарын-мусульманін Кень (ці Кенька) ва ўланскай харугве ВКЛ у час праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка
Радзіма Новагародскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае
Падданства Вялікае Княства Літоўскае;
Расійская імперыя;
Польская Рэспубліка (1918—1939)
Маёнткі маёнтак Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве; маёнткі Малыя Арлы, Вялікія Арлы, Вугалец, Дубай, Дубенец у Пінскім павеце Мінскай губерні; маёнтак Снядзін (Снядзін, Мардзвін), маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Лобча, Паўлінаў, Судзібар, Засоп'е, Капцэвічы), маёнтак Брынёў (Брынёў, Ляскавічы і інш.) у Мазырскім павеце Мінскай губерні; маёнтак Жамыслаўль у Ашмянскім павеце Віленскай губерні
Палацы Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Жамыслаўль; Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Брынёў; Сядзіба Кеневічаў у маёнтку Дарашэвічы; Сядзіба Кеневічаў у Мазыры
Грамадзянская дзейнасць вайсковая справа, дзяржаўна-адміністрацыйная дзейнасць, прадпрымальніцтва
Рэлігійная дзейнасць мусульмане, католікі

Кеневічы (польск.: Kieniewiczowie, руск.: Кеневичи) — каталіцкі маянтковы шляхецкі, дваранскі род гербу «Равіч» у Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939).

Гісторыя роду

[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне вядуць ад заволжскіх татар. Першым вядомым прадстаўніком роду быў татарын-мусульманін Кень (ці Кенька), які лічыўся ва ўланскай харугве ВКЛ у час праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка (1427—1492). Яго сыны Товыш, Цемеш і Ісак Кенкевічы атрымалі ва ўладанне ў 1514 г. незаселеную зямлю (пустку) у Новагародскім ваяводстве, якая пазней атрымала назву Кенеўшчына (Кенеўшчызна), і належалі да татарскай шляхты ВКЛ. З сыноў Кеня Ісак Кенкевіч выступаў у 1515 г. у якасці суддзі па адной са спраў паміж татарамі Новагародскага ваяводства. Верагодна, яго сынам быў Цемеш Кенкевіч, які ў 1559 г. валодаў Кенеўшчынай, а ўнукамі — Ахмет Цемешавіч Кенкевіч і Шчэнсны Цемешавіч Кенкевіч, згаданыя ў 1565—1567 гг. у воінскіх попісах ВКЛ. З гэтага часу сям'я Кенкевічаў у люстрацыі (попісах) татарскай шляхты ВКЛ не значыцца, бо, верагодна, Кенкевічы (Кеневічы, Кіневічы) прынялі каталіцтва ў канцы XVI ст. і пачалі фіксавацца ў попісах каталіцкай шляхты Новагародскага ваяводства ВКЛ у XVII—XVIII стст.

Казімір Юзафавіч Кеневіч у 1747 г. набыў фальварак Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве і меў ад сваёй жонкі Марыянны Вярыгі[1] пяць сыноў (Павел, Міхал, жыжморскі плябан Ян, Габрыэль і Андрэй)[2]. Шляхціцы Павел Казіміравіч Кеневіч, пасол шляхты ад Новагародскага ваяводства на сойм Рэчы Паспалітай і ўласнік маёнтка Дараў (Дарава), і Міхал Казіміравіч Кеневіч падпісалі разам з іншымі прадстаўнікамі Новагародскага ваяводства ў 1764 г. акт элекцыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста[3]. Андрэй Казіміравіч Кеневіч валодаў маёнткам Дараў (Дарава) у Новагародскім ваяводстве і маёнткамі ў Пінскім павеце (Малыя Арлы, Вялікія Арлы, Вугалец), быў пінскім ротмістрам і ў 1789 г. дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння зямель ВКЛ у склад Расійскай імперыі, Кеневічы 31 снежня 1798 г. (11 студзеня 1799 г.) былі афіцыйна прызнаны ў дваранстве Расійскай імперыі[2].

Менавіта з сына Андрэя Казіміравіча КеневічаАнтона Нестара Кеневіча (1775—1822) — пачынаецца ўзвышэнне гэтай галіны роду Кеневічаў са стану малазаможнай маянтковай шляхты ў буйных землеўласнікаў беларускага Палесся[4]. Новагародскі падкаморы Антон Нестар Кеневіч (1775—1822), уласнік вёскі Вугалец (150 рэвізскіх душ)[1] і трымальнік застаўнога маёнтка Юркевічы (134 душы) ад князя Радзівіла[1], у 1806 г. купіў у Юзафа Шчыта маёнтак Жамыслаўль у Ашмянскім павеце Віленскай губерні, але ўжо ў 1807 г. прадаў яго Якубу Геранімавічу Умястоўскаму (?—1809). У 1807 г. Антон Нестар Кеневіч і Казімір Рудзяеўскі купілі за 333 тыс. польскіх злотых у графіні Гелены Патоцкай (з роду Масальскіх) буйны маёнтак Снядынь (Снядзін)[1], які ў 1808 г. набыўцы падзялілі паміж сабой: мазырскі падсудак Казімір Рудзяеўскі атрымаў маёнткі Махнавічы і Асавец (вёскі Асавец, Балажэвічы, Глініца, Мастовічы, Вялаўск, Майсеевічы, Манчыцы, Замошша і Рудні Астражанская і Скалодзінская)[5], а Антон Нестар Кеневіч атрымаў маёнтак Лобча (Лобча, Макарычы, Турок, Вышалаў), маёнтак Снядзін (Снядзін, Мардзвін) і маёнтак Дарашэвічы (Дарашэвічы, Галубіца, Капцэвічы). Сямейнай сядзібай Антона Нестара Кеневіча стала вёска Лобча[6].

Сын Антона Нестара Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884), уласнік маёнтка Лобча, купіў у 1837 г. у графа Аляксандра Францішка Хадкевіча (1776—1838) маёнтак Брынёў (Брынёў, Ляскавічы і інш.) — 614 рэвізскіх душ[7]. Маёнткі Дарашэвічы, Брынёў, Снядзін, Лобча і іншыя дробныя вёскі склалі аснову буйных зямельных валоданняў Кеневічаў у Мазырскім павеце Мінскай губерні, там былі пабудаваны прыгожыя сядзібы, дзе меліся прыватныя зборы мастацтва і бібліятэкі.

Другі сын Андрэя Казіміравіча Кеневіча — мазырскі павятовы падкаморы Францішак Андрэевіч Кеневіч (к.1764—пасля 1817) — валодаў маёнткамі Малыя Арлы, Дубай, Дубенец у Пінскім павеце Мінскай губерні. Яго сын Юліян Францішкавіч Кеневіч (нар. каля 1794) быў выбраны на пасаду мазырскага павятовага маршалка (1844—1847)[8], а ўнук Францішак Юліянавіч Кеневіч (каля 1840—пасля 1880) стаў уласнікам маёнтка Дубой і ўдзельнікам Студзеньскага паўстання (1863—1864)[9]. Яшчэ адным мазырскім павятовым маршалкам (1861—1862, 1863—1872) быў Геранім Геранімавіч Кеневіч (1830—1911).

Калі ў XVIII ст. у ВКЛ Кеневічы звычайна займалі невысокія земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве (галоўным чынам, пасаду ротмістра), то ў Расійскай імперыі нашчадкі Андрэя Казіміравіча Кеневіча ўжо займалі выбарныя дваранскія пасады ў Мазырскім павеце Мінскай губерні (павятовага маршалка, падкаморага, харунжага, суддзі, вывадовага дэпутата) і былі цесна параднёны з мясцовымі ўплывовымі дваранскімі сем'ямі (Горватамі, Яленскімі, Прыборамі, Ордамі і інш.).

У час Лістападаўскага паўстання (1830—1831) Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863), уласнік маёнтка Дарашэвічы, узначаліў паўстанцаў у Мазырскім павеце і са сваім атрадам (у якім быў і Ян Казіміравіч Рудзяеўскі[10], сын Казіміра Рудзяеўскага, з якім Антон Нестар Кеневіч супольна купілі маёнтак Снядзін) спрабаваў заняць Мазыр, а пасля зрабіў рэйд з Мазыра на Міхалкі, Ельск, Нароўлю і Мухаеды. Яго сын Геранім Уладзіслаў Кеневіч (1834—1864), інжынер-будаўнік, прыняў прыкметны ўдзел ў Студзеньскім паўстанні (1863—1864). Калі напярэдадні паўстання ў 1862 г. у Мінску ў знак салідарнасці праходзілі паніхіды па загінулым у Варшаве маніфестантам і мінскія гараджане (у тым ліку Каміла Марцінкевіч — дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча) спявалі ў мінскіх касцёлах патрыятычныя гімны, то дваранка Мазырскага павета Кеневіч, якую мінскія афіцыйныя ўлады хацелі прыцягнуць да адказнасці за спяванне гімну, напісала, паводле афіцыйных чыноўнікаў, у палітычны суд «з’едлівую насмешку на скажонай беларускай мове»[11].

У 1879 г. Іпаліт Іпалітавіч Кеневіч і Зыгмунт Іпалітавіч Кеневіч прадалі свой маёнтак Снядзін графу Юзафу Юзафавічу Тышкевічу (1835—1891).

Ад малазаможных прадстаўнікоў роду Кеневічаў паходзіць Баляслаў Альбінавіч Кеневіч (1907—1969), савецкі і польскі военачальнік, генерал дывізіі (1945) Войска Польскага, генерал-лейтэнант (1946) Савецкай арміі, прадзед якога Феліцыян Кеневіч валодаў невялікім маёнткам у Мазырскім павеце і па выбару дваран Мазырскага павета быў засядацелем у Мазырскім ніжнім земскім суддзе.

У канцы XIX — пачатку XX ст. Геранім (1867—1925) і Антон Геранімавічы Кеневічы (1877—1960) у сваіх маёнтках разам з вядзеннем на высокім узроўні традыцыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці (земляробства, жывёлагадоўля, паравыя млыны), броварствам (выган гарэлкі і спірту), пілаваннем, сплавам па мясцовым рачным каналам і продажам лесу стварылі ў маёнтках Дарашэвічы і Брынёў прадпрыемствы па вытворчасці фанеры і дошак, якія прадаваліся пераважна ў Англію[12]. Кеневічы правялі тэлефонныя лініі, якія злучалі палацы ў Брынёве і Дарашэвічах з усімі сваімі фабрыкамі, фальваркамі, большасцю леснічовак і гаёвак[12]. З'яўляліся членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі (1917) быў ліквідаваны падзел грамадства на саслоўі, таму Кеневічы перасталі быць дваранамі, а сталі толькі землеўласнікамі. Пасля прыходу ў 1917 г. бальшавікоў да ўлады ў Маскве і Петраградзе, выдання бальшавіцкага Дэкрэта аб зямлі і распальвання грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 1917—1921 гг., зямельная ўласнасць Кеневічаў у Мінскай губерні апынулася пад пагрозай нацыяналізацыі савецкай уладай без кампенсацыі Кеневічам. У 1917 г. палацы былі разрабаваны і разгромлены.

Геранім Геранімавіч Кеневіч (1867—1925) разам з іншымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі шчыра падтрымліваў ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі, уваходзіў у склад т.зв. «групы Эдварда Вайніловіча», якая 16 чэрвеня 1918 г. у Мінску падпісала і звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі»[13]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага ў Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[14].

Фактычна ў 1920 г. Кеневічы страцілі ўсе свае маёнткі, прадпрыемствы і палацы, якія апынуліся на савецкім баку пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921), і пераехалі на сталае жыхарства ў Польшчу, дзе грамадскага поспеху і прызнання атрымалі гісторыкі Стэфан Кеневіч (1907—1992), яго сын Ян Кеневіч (нар. 1938) і ўнук Лешак Кеневіч (нар. 1959). У канцы свайго жыцця ў Польшчы Антон Геранімавіч Кеневіч (1877—1960) напісаў успаміны аб жыцці Кеневічаў і суседзяў у маёнтках на Беларускім Палессі да 1918 г., якія апрацаваў, дадаў фатаграфіі і апублікаваў яго сын Стэфан Кеневіч (1907—1992) пад назвай «Над Прыпяццю, даўным-даўно...» (1989). Стэфан Кеневіч на аснове сямейных дакументаў таксама напісаў і апублікаваў кнігу «Дарашэвічы. 1863» (1986) з выявамі сядзібы і партрэтамі продкаў.

Польскі гісторык Лешак Кеневіч (нар. 1959) быў першым з членаў сям'і Кеневічаў за 89 год адсутнасці Кеневічаў у Дарашэвічах і Брынёве, які прыехаў з Польшчы і наведаў летам 2009 г. у Беларусі мясціны, звязаныя з гісторыяй яго продкаў (Дарашэвічы і Брынёў), а таксама Прыпяцкі нацыянальны парк, Мазыр, Юравічы (касцёл і калегіум езуітаў), Нароўлю, Слуцк, Бабруйск, Гомель, Быхаў, Магілёў і Мсціслаў[15]. У Лешака Кеневіча (нар. 1959) ад яго жонкі Агаты Млынарскай-Кеневіч (нар. 1969), вядомай польскай журналісткі, з якой ён развёўся, нарадзілася два сыны Станіслаў Кеневіч (нар. 1989), польскі дзяржаўны дзеяч і псіхолаг[16][17], і Тадэвуш Кеневіч (нар. 1989), польскі фатограф, кінааператар, дакументаліст, кінарэжысёр, кліпмэйкер, кампазітар[18]. Са сваёй жонкай Сільвіяй Тадэвуш Кеневіч (нар. 1989) пераехаў у Лос-Анджэлес (ЗША), дзе спрабуе зрабіць кар'еру ў кінаіндустрыі[19].

Кеневічы перадалі ў Музей гісторыі горада Мінска копію фотапартрэта Ядвігі Геранімаўны Кеневіч (жонкі Яўстаха Любанскага — перадапошняга ўласніка Лошыцкай сядзібы)[20]. Фотапартрэты Ядвігі Кеневіч і Яўстаха Любанскага ёсць і ў музейнай Лошыцкай сядзібе[21].

Рэзідэнцыі, храмы, капліцы і прадпрыемствы

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя прадстаўнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 29.
  2. а б Малы гербоўнік наваградзкай шляхты. — Мінск, 1997. — С. 62.
  3. Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
  4. Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź, 1986. — С. 11.
  5. Хроніка Убарцкага Палесся / аўтар-уклад. А. І. Атнагулаў. — Мінск : Тэхналогія, 2001. — 495 с.
  6. Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 30.
  7. Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… – Wrocław, 1989. — С. 32.
  8. а б Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. // Европа: актуальные проблемы этнокультуры. — Минск, 2013. — С. 194—196.
  9. Матвейчык, Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік. — Мінск, 2016. — С. 327.
  10. Луговцова, С.Л. Судьба арестованного по делу Ш. Конарского: Ян Рудзиевский / С.Л. Луговцова // Европа: актуальные проблемы этнокультуры. — Минск, 2013. — С. 188—190.
  11. Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі... С. 84.
  12. а б Urbański, A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — С. 92.
  13. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  14. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  15. Wspomnienia z podróży sentymentalnej Leszka Kieniewicza // Echa Polesia. — 2014. — №2. — С. 24—26.
  16. Stanisław Kieniewicz przez wiele lat związany był z polityką
  17. Stanisław Kieniewicz
  18. Tadeusz Kieniewicz
  19. Syn Agaty Młynarskiej robi karierę za oceanem
  20. Редкое фото Ядвиги Любанской – знаменитого лошицкого привидения Архівавана 17 студзеня 2020.
  21. Легенды Лошицкой усадьбы: «Если она приближается к вам, значит, ваша любовь искренняя и стоит как можно быстрее пожениться»(недаступная спасылка)
  • Анішчанка, Я.К. Збор твораў : у 6 т. / Я.К. Анішчанка. — Мінск : Выд. В. Хурсік, 2004–2010. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 2008. — 532 с.
  • Луговцова, С.Л. Судьба арестованного по делу Ш. Конарского: Ян Рудзиевский / С.Л. Луговцова // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 188—190.
  • Малы гербоўнік наваградзкай шляхты / Склад. С.А. Рыбчонак. — Мінск : БелНДІДАС, 1997. — 161 с.
  • Матвейчык, Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863―1864 гадоў: біяграфічны слоўнік: (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Д.Ч. Матвейчык. — Мінск : Беларусь, 2016. — 734 с.
  • Раюк, А.Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А.Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол. В.В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.
  • Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
  • Boniecki, А. Herbarz polski. T.X. — W-wa. 1907.
  • Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
  • Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. – Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
  • Szpoper, D. Pomiędzy caratem a snem o Rzeczypospolitej: Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich w guberniach zachodnich Cesarstwa Rosyjskiego w latach 1855–1862 / D. Szpoper. – Gdańsk : Wyd-wo Uniwersytetu Gdańskiego, 2003. — 624 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Urbański, A. Memento kresowe / A. Urbański. — Warszawa : Drukarnia St. Niemiry syn i S-ka, 1929. — 156 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.