Клайпедскі порт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта»
літ.: Klaipėdos valstybinio jūrų uosto direkcija
Тып дзяржаўнае прадпрыемства
Заснавальнікі Ганзейскія купцы з Любека
Размяшчэнне вул. Яноніё, д. 24
Ключавыя постаці Арвідас Вайткус[1], Адомас Алекна[2]
Галіна сфера паслуг
Паслугі арэнда зямлі порта, кіраванне суднаходствам у порце
Матчына кампанія Міністэрства шляхоў зносін Літвы  (літ.)[3]
Сайт portofklaipeda.lt

Клайпедскі порт — дзяржаўны марскі порт Літвы, заснаваны ў ліпені 1252 года.

На 2019 год быў самым паўночным незамярзаючым портам на ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора. У Клайпедскім порце на ўласных прычалах працавала 14 перавозчыкаў і верф. Гадавая магутнасць порта складала 65 млн тонаў грузаў. Клайпедскі порт мог прымаць караблі даўжынёй да 400 метраў, шырынёй да 59 метраў і ўляганнем[en] да 13,8 метраў. Звыш 800 прадпрыемстваў, якія працавалі ў порце, наймалі звыш 58 000 работнікаў і стварылі ў 2018 годзе 6,13 % сукупнага ўнутранага прадукту Літвы. Глыбіня ўваходнага канала порта складала 15,5 метраў, унутранага канала — 14,5 метраў. Клайпедскі порт мог прымаць танкеры грузападымальнасцю да 170 000 тонаў, сухагрузы — да 100 000 тонаў і кантэйнеравозы — да 15 000 20-футавых кантэйнераў абсягам па 33,1 м³ кожны. У 2018 годзе быў найбольшым портам Прыбалтыкі паводле пагрузкі кантэйнераў[4].

Плошча участкаў сушы пад Клайпедскім портам складала 552,4619 гектару (5,5 км²). Плошча воднай дзялянкі — 884,9 га (8,8 км²). Агульная даўжыня прычалаў[en] порта без паўднёвага і ўсходняга молаў складала 24,7 км. Даўжыня чыгункі ў порце — 102 км. Даўжыня паўночнага мола — 733 метры, паўднёвага мола — 1374 метры. Плошча крытых складоў для звычайных грузаў складала 99 380 м² (9,9 га), адкрытых складскіх пляцовак — 1 045 879 м² (104,5 га). Змяшчальнасць складоў для сыпкіх грузаў складала 933 700 тонаў, для замарожаных грузаў — 66 000 тонаў. Рэзервуары для наліўных грузаў мелі аб’ём 749 000 м³[5].

Тэрміналы[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год у тэрміналах Клайпедскага порта працавалі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, АТ «Заходняя верф» (прычалы 129—140) і 14 прадпрыемстваў перавозак на ўласных прычалах:

  • 4 прадпрыемствы ў перавалачных тэрміналах — ЗАТ «Галоўны тэрмінал Клайпеды» (прычалы 80, 80а, 81 і 81а), АТ «Клайпедская кампанія марскіх грузаў» (прычалы 4—18 і 144—152), ЗАТ «Клайпедскі кантэйнерны тэрмінал» і ЗАТ «РНДВ»;
  • 2 прадпрыемствы ў круізных (пасажырскіх) тэрміналах — ЗАТ «Тэрмінал круізных суднаў» (прычалы 28—58) і «Галоўны тэрмінал Клайпеды»;
  • 2 прадпрыемствы ў кантэйнерных тэрміналах — АТ «Клайпедская Смэлтэ» (прычалы 82—100) і «Клайпедскі кантэйнерны тэрмінал» (прычалы 127, 127а, 128, 143 і 143а);
  • 8 прадпрыемстваў у звычайных тэрміналах — ЗАТ «Заходняя пагрузка» (прычалы 129—140), ЗАТ «Драўніна-затокавы тэрмінал» (прычалы 141—142), ЗАТ «Грузавы тэрмінал» (прычал № 3), ЗАТ «Клайпедскі халадзільны тэрмінал» (прычал № 100), АТ «Клайпедская нафта» (прычалы 1—2), ЗАТ «Камінерскі грузавы тэрмінал» (прычалы 118—120), ЗАТ «Тэрмінал сыпкіх грузаў» (прычалы 101—106) і ЗАТ «Бэга» (прычалы 66—72)[6].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год у Клайпедскім порце працавалі прадстаўніцтвы 19 кантэйнерных ліній з 15 дзяржаў:

  • 5 з 4 дзяржаў Азіі, у тым ліку 2 з Кітаю — ТАА «Гандлёвае суднаходства Хёндэ» (Сеул, Паўднёвая Карэя), ТАА «Акіянічны сеткавы экспрэс» (Сінгапур, акруга Марской бухты, праезд Затокаў, д. 7), ТАА «Кітайская кампанія акіянічнага суднаходства» (Шанхай, Кітай), «Усходняя заморская кантэйнерная лінія» (Ганконг, Кітай), ТАА «Янміньскія марскія перавозкі» (Цзілун, Тайвань);
  • адна з Паўночнай Амерыкі — «Атлантычная кантэйнерная лінія» (Уэстфілд, штат Нью-Джэрсі, ЗША);
  • 13 з 10 дзяржаў Еўропы, у тым ліку 3 з Нямеччыны і 2 з Даніі — «Марская фрахтавая кампанія» (Парыж, Францыя), ААТ «Кантэйнеравозы» (Эспаа, Фінляндыя), АТ «Зялёны насільшчык» (Гётэборг, Швецыя), ПАТ «Далёкаўсходняе марское параходства» (Масква, Расія), ТАА «Паўднёваамерыканскае параходства Гамбурга» (Нямеччына), АТ «Хапаг-Лойд» (Гамбург, Нямеччына), АТ «Ісландскае параходнае таварыства» (Рэйк’явік, Ісландыя), «Лінія Маерск» (Капенгаген, Данія), «Лініі Ман» (Херыч, графства Эсэкс, Англія), АТ «Міжземнаморская суднаходная кампанія» (Жэнева, Швейцарыя), ААТ «Марская повязь» (Клайпеда, Літва), ТАА «Дружынныя лініі» (Гамбург, Нямеччына), АТ «Уніфідэр» (Орхус, Данія)[7].

Пасажырскія лініі[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год пасажырскае параходства з Клайпедскага порта ажыццяўлялі тры прадпрыемствы:

Ад красавіка да кастрычніка 2018 году ў Клайпедскі порт зайшло 58 круізных караблёў пад сцягамі 10 краін:

Цягнікі[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год кантэйнерныя перавозкі з Клайпедскага порта ажыццяўляліся чыгункай 7-ю цягнікамі у 2 краіны Азіі і 5 краін Еўропы:

  • «Вікінг[be-tarask]» хадзіў тройчы на тыдзень праз Вільнюс (Літва), Мінск (Беларусь) і Кіеў у Адэсу (Украіна), а таксама праз Мінск, Бэлць (Малдова) і Бухарэст (Румынія) у Стамбул (Турэччына);
  • «Сонца» — праз Мінск, Смаленск і Самару (Расія), Астану і Алматы (Казахстан) да сяла Дастык у Алакольскім раёне (Алмацінская вобласць);нн
  • «Балтыйскі вецер» — тройчы на месяц праз Мінск і Самару ў Кастанай (Казахстан);
  • «Меркурый» — у Маскву (Расія);
  • «Віленскі шатл» і «Віт экспрэс» — двойчы на тыдзень у Вільнюс;
  • «Нёман» — у Мінск[10].

Мінуўшчына[правіць | правіць зыходнік]

29 ліпеня 1252 году куршаўскі епіскап і намеснік Лівонскага ордэну падпісалі Дамову аб пабудове Мемельскага замку. Пры замку ганзейскія купцы з Любека (цяпер Нямеччына) абсталявалі порт. Пазней у порце сталі спыняцца караблі купцоў з Брэмену. У 1550-я гады купцы з Гданьску завалілі мемельскі порт камянямі, што абмежавала заход у порт караблямі малой грузападымальнасці. У 1743 годзе ў Мемелі (Прусія) адчынілі кантору гандлю драўнінай, што зрабіла порт найбольшым у гандлі драўнінай у Прыбалтыцы. За 1797 год у рачным порце прынялі звыш 300 караблёў для пагрузкі драўніны. У 1820 годзе порт ачысцілі ад камянёў, што зноў дазволіла прымаць велікагрузныя караблі да 1850-х гадоў. Паводле Версальскай мірнай дамовы 1919 году порт перадалі дзяржавам Антанты. У 1920 годзе ў Мемелі размясцілі французскі гарнізон. 15 студзеня 1923 году 1090 літоўскіх вайскоўцаў занялі Мемель. 24 студзеня 1923 году Сейм Літвы ухваліў далучэнне Клайпедскага краю. 8 траўня 1924 году ў Парыжы 4 дзяржавы Антанты (Брытанія, Францыя, Італія і Японія) падпісалі з урадам Літвы Пагадненне аб Мемельскім краі[en], які прызналі за апошнім разам з портам[11].

20 сакавіка 1939 году міністр замежных спраў Іаахім Рыбентроп вусна перадаў нямецкі ўльтыматум Літве, згодна з якім 22 сакавіка ўрад Літвы вярнуў Нямецкай дзяржаве Мемельскі край разам з портам. 28 студзеня 1945 году Чырвоная армія заняла Мемель, дзе пасля эвакуацыі Усходняй Прусіі засталося 50 жыхароў. 2 жніўня 1945 году на Патсдамскай канферэнцыі старшыні ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР зацвердзілі перадачу Мемеля Савецкаму Саюзу, дзе таму вярнулі назву Клайпеда ў складзе Літоўскай ССР. Са савецкім часам Клайпедскі порт стаў найбольшым рыбалоўным у еўрапейскай частцы СССР. У 1986 годзе ў порце пабудавалі міжнародную марскую паромную пераправу. У 1991 годзе Міністэрства шляхоў зносін Літвы[lt] зацвердзіла Пастанову аб стварэнні дзяржаўнага прадпрыемства «Дырэкцыя марскіх портаў Літвы». Адначасна заснавалі Кіраўніцтва капітана Клайпедскага порта, якому ў 1992 годзе надалі статус дзяржаўнага марскога порта. У 1993 годзе ўрад Літвы перайменаваў «Дырэкцыю марскіх портаў Літвы» ў «Дырэкцыю Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта», да якой далучылі Кіраўніцтва капітана Клайпедскага порта. 16 траўня 1996 году зацвердзілі Закон Літоўскай Рэспублікі № I-1340 «Аб Клайпедскім марскім дзяржаўным порце», паводле якога ў порце забаранілі прыватызаваць марскія і наземныя дзялянкі, прычалы і водныя збудаванні, водныя шляхі і каналы. Давернае кіраванне ўсклалі на Дырэкцыю порта. У 2001 годзе міністр шляхоў зносін Літвы падпісаў Загад аб стварэнні Адміністрацыі бяспечнага суднаходства Літвы ў якасці аддзялення Дырэкцыі порта, якую ў 2002 годзе вылучылі ў самастойную ўстанову[11]. У 2003 годзе ў Клайпедскім порце пабудавалі круізны тэрмінал плошчай 1,2 гектары, якім кіруе АТ «Клайпедскі суднарамонт». Каля прычалаў круізнага тэрміналу (№ 28—33) маглі швартавацца караблі даўжынёй да 330 метраў, шырынёй да 45 метраў і ўляганнем да 8,6 метру[12].

У 2003 годзе запусцілі кантэйнерны цягнік «Вікінг», які злучыў парты Клайпеды і Адэсы (Ільчэўск). Пры канцы 2011 году цягнік «Сонца» злучыў Літву з Кітаем. У 2011 годзе беларускія транзітныя грузы склалі 30,5 % (каля 11 млн тонаў) абароту Клайпедскага порта. Увесну 2013 году суднаходны канал Клайпедскага порта паглыбілі з 13 да 14,5 метру, што дазволіла на 50 % павялічыць колькасць грузу, што змяшчаецца ў адзін сухагруз[13]. У 2013 годзе асноўнымі кліентамі Клайпедскага порта былі беларускія сыравінныя прадпрыемствы: «Беларуськалій» (Салігорск), «Беларуская нафтавая кампанія», «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласць) і «Нафтан» (Наваполацк)[14]. У 2016 годзе грузаабарот Клайпедскага порту вырас на 4,2 % да 40,139 млн тонаў. З іх перавалілі 16,617 млн тонаў сыпкіх грузаў (41,4 %), 12,35 млн тонаў звычайных грузаў (30,8 %) і 11,172 млн тонаў вадкіх грузаў (27,8 %). У порт зайшло 6898 караблёў. Пасажырапаток вырас на 3 % да 350 623 чалавек[15].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. "Генеральны дырэктар" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 19 лютага 2014. Праверана 1 лютага 2019.
  2. "Капітан порта" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 31 студзеня 2014. Праверана 1 лютага 2019.
  3. "Кіраванне портам" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 15 ліпеня 2013. Праверана 1 лютага 2019.
  4. "Пра порт" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 14 студзеня 2019. Праверана 1 лютага 2019.
  5. "Асноўныя зьвесткі" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 13 лютага 2018. Праверана 1 лютага 2019.
  6. "Тэрміналы" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 25 сакавіка 2015. Праверана 1 лютага 2019.
  7. "Прадстаўніцтвы кантэйнэрных лініяў" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 10 кастрычніка 2018. Праверана 1 лютага 2019.
  8. "Суднаходныя лініі для пасажыраў" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 10 кастрычніка 2018. Праверана 1 лютага 2019.
  9. "Пара круізнага суднаходзтва (2018 г.)" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 17 студзеня 2019. Праверана 1 лютага 2019.
  10. "Маршруты цягнікоў" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 30 жніўня 2017. Праверана 1 лютага 2019.
  11. а б "Гісторыя" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 13 лютага 2018. Праверана 1 лютага 2019.
  12. "Пасажырскія тэрміналы" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 13 лютага 2018. Праверана 1 лютага 2019.
  13. Вітаўт Жэймант. Існуюць старыя і вельмі цесныя сувязі // Звязда : газета. — 3 кастрычніка 2013. — № 186 (27551). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  14. Аляксандар Шпакоўскі. Каму патрэбна «атамная» спрэчка // Звязда. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 2.
  15. "Агляд грузаабароту ў Клайпедскім порце, тэрмінале Буцінге і іншых партах усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 31 снежня 2016. Праверана 1 лютага 2019.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • "Кантакты" [руская]. ДП «Дырэкцыя Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта». 22 студзеня 2019. Праверана 1 лютага 2019.