Клейтасму́нда (Claytosmunda) — род папарацей сямейства чыставуставых. Уключае ў сябе адзін рэліктавы від — клейтасмунда Клейтана (Claytosmunda claytoniana).
Маладыя расліны ружова лямцава-апушаныя, пасля пушок радзее. Карэнішча, як і ва ўсіх прадстаўнікоў гэтага сямейства, моцна развітое, кароткае. Вегетатыўнае лісце даўжынёй да 60 см і шырынёй 30 см, разгалістае, даўгаватае, тонка скурыстае, адзін раз або двойчы перыстае або перыста-рассечанае. Сегменты 1‑га парадку даўжынёй 10-15 см, шырынёй 2,5 см, лінейна-ланцэтныя або ланцэтныя, перыста рассечаныя амаль да рахіса або перыстыя. Сегменты 2‑га парадку збліжаныя каля асновы, авальныя, амаль суцэльнакраёвыя. Чаранкі лямцава-апушаныя ў маладых раслін, разгалістыя; даўжыня 30 см і больш. Фертыльныя (спараносныя) ваі з больш доўгімі чаранкамі, прамастаячыя, з паніклымі верхавінкамі, размешчаны ў цэнтры разеткі. Маюць стэрыльныя і фертыльныя сегменты адначасова. Спараносныя сегменты 1‑га парадку падобныя да вегетатыўных, але нашмат карацейшыя. Сегменты 2‑га парадку густа размешчаныя, цыліндрычныя, моцна завостраныя, пакрытыя чорнымі спарангіямі, размешчаны ў сярэдняй частцы ваі па 3-7 пар.
Па будове лісця практычна неадрозны ад выкапнёвага віду Osmunda claytoniites, знойдзенага ў верхняй трыясавай сістэме Антарктыкі (220 млн гадоў). У Швецыі ў выкапнёвых слаях ранняй юрскай сістэмы было выяўлена карэнішча асмундавай папараці з захаванымі храмасомамі, ідэнтычнымі храмасомам сучасных відаў.
Сучасны арэал — Усходняя Азія (Кітай, Японія, Гімалаі) і ўсходнія раёны Паўночнай Амерыкі. На Беларусі вядомы толькі ў культуры.
Клейтасмунда вельмі марозаўстойлівая, вытрымлівае паніжэнні тэмпературы да −40 °C. Восенню, перад адміраннем, ваі афарбоўваюцца ў яркія аранжавыя адценні. Гэты від рэкамендуецца вырошчваць у паўцені, на вільготных урадлівых глебах каля вадаёмаў. У прыродным асяроддзі ўтварае шчыльныя калоніі дзякуючы развіццю дадатковых гарызантальных парасткаў.