Перайсці да зместу

Кляшчы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кляшчы

Aceria anthocoptes
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Acari Leach, 1817

Надатрады

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  733321
NCBI  6933
EOL  2586535
FW  155665

Кляшчы (Acari) — падклас членістаногіх класа павукападобных.

Даўжыня 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае. Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць.

Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць кляшчоў адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператаарэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення кляшчы — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека.

Класіфікацыя і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Адрозніваюцца 3 асобныя надатрады: кляшчы-сенакосцы (Opilioacariformes), акарыформныя кляшчы (Acariformes) і паразітыформныя кляшчы (Parasitiformes), 300 сямействаў, больш за 10 тысяч відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некаторыя ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя, у тым ліку трамбідыформныя (Trombidiformes) і саркаптыформныя (Sarcoptiformes), а таксама паразітыформныя кляшчы.

Значэнне і шкоднасць

[правіць | правіць зыходнік]

Кляшчы-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напрыклад, у жывел — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя кляшчы (свірнавыя, або збожжавыя (Acaroidea)) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя (Tetranychidae) кляшчы выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.