Даўжыня цела 28-34 см, размах крылаў 66-80 см, маса каля 200 г. Галава, шыя і валлё чорныя, з сіне-зялёным металічным бляскам, спіна аліўкава-зялёная з пурпуровым адлівам, грудзі і брушка белыя. На галаве доўгі вузкі чубок. Крылы шырокія, закругленыя на канцах. Маладыя цёмна-шэра-карычневыя са светлым жыватом i больш кароткiм чубам. Голас: гучнае, трошкi хрыплае «кiі-р-вi», «кіі-р-віі».
Месцы пражывання — лугi з сярэдняй вiльготнасцю, пашы, вiльготныя палi паблiзу лугоў, дэльты рэк, берагi i рачныя астравы (даходзіць да вышыні ў 800—900 м в.у.м., у выключных выпадках — да 1000 м в.у.м.).
Арэал ад Еўропы (акрамя крайніх паўночнага ўсходу і поўдня) шырокiм поясам праз Цэнтральную Азiю да Цiхага акіяна. Пералёты ў (канцы ІІ) III—IV, (канец V) VI—XI. Паўднёва-заходнія папуляцыі аселыя (напрыклад, у Вялікабрытаніі, Францыі, Паўночнай Італіі, Іспаніі, Турцыі). Распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, адзін з найбольш звычайных пералётных і транзітна мігрыруючых відаў кулікоў (народныя назвы кігіка, кныга, чайка). Месца зiмовак: Заходняя i Паўднёвая Еўропа, Брытанскiя астравы, Малая, Паўднёвая i Усходняя Азiя, Японскiя астравы, Паўночная Афрыка.
Лётае не хутка, але манеўрана. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, таксама малюскамі, чарвямі, насеннем раслін.
Гняздо ў неглыбокай ямцы сярод нiзкай раслiннасцi на адкрытым месцы, скупая высцiлка з сухой травы, D = 10-14 см, H = ~2 см. Яйкi: 4 (2-5), грушападобныя, аліўкавыя, алiўкава-зялёныя альбо светла-зялёныя, часам гліністыя або карычневыя. Дробныя i густыя чорныя альбо карычневыя плямы. Памеры: 46,0 х 33,0 мм (42,0-50,0 х 31,0-34,0 мм).
Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік. Czarnecki Z., Dodrowolski K.A., Jablonski B., Nowak E., Siwek. W. Ptaki Europy. Przewodnik terenowy. PWN, Warszawa, 2000. 391 s., 96 tablic z rysunkami. Пераклад пад агульнай рэд. Міхаіла Нікіфарава, перакладчыкі з польскай мовы: Дзмітры Вінчэўскі, Ірына Самусенка, Аляксандр Зарубаў, Таццяна Паўлюшчык. Навуковае выдавецтва ПВН, 2000. –349с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org