Кніга Быццё (Скарына)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тытульны аркуш. «Библия руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению».

Кніга Быццё (Первыя книги Моисеовы рекомыя Бытия) — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет у 1519 годзе. Выданне адкрываецца тытульным лістом да ўсёй Бібліі.

Змест кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Гравюра «Тройца». Абварот тытульнага аркуша
Гравюра «Стварэнне свету»
Гравюрная застаўка «Бог у раі»

У гравіраванай рамцы змешчаны тэкст, надрукаваны кінаварам: «Библия руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению». На адвароце тытула надрукавана гравюра. У кнізе дадзена «Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во всю Библию рускага языка». У прамове асветнік тлумачыць слова Біблія, указваючы, што ў яе ўваходзяць «вси книги Ветхаго и Новаго закону», прыводзіць цытаты з Адкрыцця, ліста да Рымлянаў, Евангелля ад Матфея. Прамоўца дае разгорнутую характарыстыку Бібліі, звязваючы яе з універсітэтскім курсам Сямі вольных мастацтваў. Пералічваючы кнігі Бібліі, Скарына коратка анатаваў іх змест, сканчваючы словамі: «О сих книгах всея Библии, подле малости розуму моего, розделы вократцы положих. А о чем бых ся олылих (палыліўся), разумнейшие поправте, прошу вас для Бога и для посполитого доброго».

Далей змешчана разгорнутая анатацыя зместу кнігі «Сказание во первые книги Моисеовы рекомые Бытия доктора Франъциска Скорины», у канцы якой Скарына падкрэслівае цяжкасць успрымання кнігі Быцця. Пасля падрукаваны тэкст усіх 50 раздзелаў кнігі, на апошнім аркушы выдання — пасляслоўе.

Друкарскія асаблівасці выдання[правіць | правіць зыходнік]

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове ў беларускай рэдакцыі. Фармат выдання кнігі — у чвэрць аркуша, аб'ём — 94 аркушы, якія сабраны ў 12 сшыткаў. Набор выкананы ў 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. У мастацкай аздобе выдання выкарыстаны 3 ілюстрацыі, застаўка, 54 ініцыялы і арнаментная рымка тытульнага ліста. На абвароце тытульнага ліста знаходзіцца гравюра «Тройца», над якой калантытул: «Книги І Моисеовы». На 8 аркушы — гравюра «Стварэнне свету», а на наступным — гравюра «Бог у раі». Перад пасляслоўем размешчана вузкая застаўка. Рамка тытульнага ліста складаецца з чатырох частак. Вертыкальныя часткі запоўнены арнаментным малюнкам. Верхняя частка змяшчаегербавы шчыт, акружаны раслінным уюнком. Ніжняя частка рамкі мае два гербавых шчыта, на адным з іх выява зацмення сонца, на другім — манаграма.

Усяго вядома 15 экзэмпляраў кнігі Быццё, з іх толькі 2 поўныя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]