Кніга Эсфір (Скарына)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кніга Эсфір, Скарына)

Кніга ЭсфірКнига Есъферъ еже от евреи называютъся Мъгиля») — недатаванае пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет каля 1519 года.

Змест кнігі[правіць | правіць зыходнік]

На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполне выложены доктором Франциском Скориною с Полоцька града славного»), а на адвароце — прадмова: «Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька въ книги Есъфера царици». На 3-17 аркушах выдадзены тэкст першых 9 раздзелаў кнігі Эсфір, на 17 аркушы — кароткае пасляслоўе. Аркуш 18 уяўляе сабой шмуцтытул, на якім адноўлена гравюра першага аркуша, а таксама дададзена: "Сие же речи нижей положеные написаны суть во книгахъ греческаго и латинъскаго языка выкладу посполитого. И абы не было уменъшено в руском языку, положилъ есмъ яко в тых писмахъ все зуполне". Далей на аркушах 18-25 змешчаны тэкст астатніх раздзелаў (з 10 па 16-ы), а ў канцы — кароткае пасляслоўе.

Друкарскія асаблівасці выдання[правіць | правіць зыходнік]

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 26 аркушаў (адваротны бок апошняга аркуша - пусты), якія сабраны ў 3 сшыткі. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на верхнем баку аркуша ўверсе справа. Выданне ўпрыгожана 2 аднольнамымі ілюстрацыямі «Эсфір перад Асверам» (тытульны ліст і 18 аркуш), 2 застаўкамі і 20 ініцыяламі. Вялікая застаўка змешчана перад асноўным тэкстам, на ёй выяўлены шчыт з зацьменнем сонца і сірэн з рыбінымі хвастамі; такая ж застаўка маецца ў яшчэ 7 другіх пражскіх выданнях. Малая застаўка знаходзіцца перад пасляслоўем на аркушы 26. Канцоўка завяршае пасляслоўе да першых 9 раздзелаў кнігі на аркушы 17. Ініцыялы змешчаны ў пачатку раздзелаў, прадмоў і пасляслоўяў.

Захавалася 9 экзэмпляраў выдання, з іх 4 поўныя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]