Козырава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Козыраўскае прадмесце)

Ко́зырава, Ко́зыраўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёвай частцы горада, уздоўж Лібаўска-Роменскай чыгункі.

На паўночны захад ад Козырава пачынаюцца Сенажаны, на поўнач — Серабранскія Млыны, на паўднёвым усходзе месціцца Лошыца Любанскіх[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў Козыраве, 1944
Фізкультурная вуліца, 2019
Вуліца Сонечная, 2019

Прадмесце з’явілася ў канцы XIX—пачатку XX стст[3]. Козыравам гараджане называлі паўднёвую частку чыгуначнага пасёлка (цяпер паміж вуліцай Маякоўскага і чыгункай ад Сямёнава да камвольнага камбіната) — у гонар кіраўніка Лібаўска-Роменскай чыгункі Козырава, які стаў ініцыятарам пабудовы пасёлка і школы для дзяцей і чыгуначнікаў[4].

Жылі ў прадмесці ў асноўным рабочыя і служачыя чыгункі. Для зручнасці мясцовых жыхароў, аддаленых ад месца працы (Віленскага вакзала) быў арганізаваны прыпынак, пазней станцыя Козырава (будучая станцыя Мінск-Паўднёвы).

У пачатку XX ст. Козырава ўваходзіла ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Германаўская (цяпер Сямёнава), Пушкінская (Фізкультурная), Вялікая Марская (Велікаморская), Лібаўска-Роменская, Лошынская (Сонечная), Лібаўская (Роменская), 1-я і 2-я Лінія вуліцы, Ігуменскі тракт[5][6].

У 1919—1920 гадах у ваколіцах Козырава дзейнічала савецкая антыпольская партызанскай група, вядомая пад назвай Козыраўскія партызаны. Атрад створаны ў кастрычніку 1919 года пад кіраўніцтвам Менскага камітэта КП(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца і інш. Камандзір С. Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую літаратуру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх жаўнераў, перадавалі камандаванню Чырвонай Арміі звесткі пра праціўніка, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, атакавалі польскія войскі. Падпольны партыйны камітэт планаваў нанесці ў траўні 1920 года сіламі партызан Менскага і Ігуменскага паветаў адначасовы ўдар па варожых камунікацыях, але польская дэфензіва 27—28 красавіка 1920 года арыштавала партызан, а 7 траўня частку расстраляла (партызаны пахаваныя на Вайсковых могілках Менска, на магіле помнік).

1 чэрвеня 1922 года ў Козыраве адкрыўся канцэнтрацыйны лагер для «перамешчаных асоб»[A] Першай сусветнай вайны. Лагер займаў 9 колішніх уцалелых казармаў і вайсковых складоў, вакол агароджаны калючым дротам, агульная плошча — 6 гектараў[7].

У 1935 годзе Козырава пераназванае ў пасёлак Фрунзэ[8]. Імаверна у другой палове 1930-х гадоў бальшавікамі спалена Мікалаеўская царква. У 1935 годзе настаяцель царквы Іаан Зянюк, святары і актыўныя прыхаджане былі асуджаны да розных тэрмінаў зняволення[9]. У 1943 годзе намаганнямі протаіерэя Іаана Кур’яна ў прадмесці адбудавана царква Святога Мікалая (зруйнавана ў 1960 годзе)[10]. Ёсць звесткі, што некалі ў Козыраве існавала каталіцкая парафія[11]. У 1917 годзе адкрыліся Козыраўскія могілкі, закрытыя ў 1967 годзе.

Знос дамоў прадмесця адбываўся ў сярэдзіны 1960-х гадоў і значна актывізаваўся ў 2000-я[3].

У наш час пра Козырава нагадвае Козыраўская вуліца, захаваліся Козыраўскія могілкі.

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

  • Пушкінская. Машынабудаўнічы завод «Тэхнолаг», заснаваны ў 1897 годзе інжынерамі І. Залкіндам і Г. Вільбушэвічам. Вырас з інжынерна-механічнай майстэрні. Месціўся ў камяніцы з прыбудовамі для кузні і паравога катла. У 1900 годзе тут вырабляліся станкі для апрацоўкі драўніны, машыны для млыноў і маслабойкі, выконваліся разнастайныя кацельныя і рамонтныя працы. Да 1913 года завод распачаў вытворчасць турбін і машын для вінакурных прадпрыемстваў. Тэхнічнае і электратэхнічнае бюро на заказ ажыццяўляла мантаж абсталявання і выпісванне машын на іншыя прадпрыемствы. Завод размяшчаўся ў раёне цяперашняй Фізкультурнай вуліцы, там, дзе яна набліжаецца да чыгункі (будынкі № 11, 11а)[12].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. «Перамешчаныя асобы» — асобы, што добраахвотна ці прымусова пры наступленні нямецкіх войскаў у часе Першай сусветнай вайны эвакуяваліся ўглыб Расійскай імперыі. Пры захаванні дакументаў, якія даказвалі факт іхнага пражывання на тэрыторыі Польскай Рэспублікі, яны мелі права вярнуцца на дамоў цераз лагер.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 196—197.
  2. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 550—551.
  3. а б Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу. nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 229.
  5. Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  6. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.
  7. Лукашук А. 2005, с. 82.
  8. Минск : энциклопедический справочник 1983, с. 193.
  9. Біруля Уладзімір Вікенцевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  10. к // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 268—269.
  11. Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разумення сучаснага Мінску, «Беларускі калегіум»
  12. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 242—243.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]