Корань (мовазнаўства)
Ко́рань сло́ва — галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марфалагічнай дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова.
У невытворных словах корань супадае з асновай. Значэнне кораня больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова.
Карані службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напрыклад: значэнне прыназоўніка і прэфікса без (без білета і безбілетнік), часціцы і прэфікса не (не прывабліваць і непрывабны).
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Структурна карані падзяляюць на:
- свабодныя — сустракаюцца на правах аўтаномнага слова без афіксаў: сцян-а, сцен-ка;
- звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі: ада-мк-нуць, за-вул-ак.
Корань, які закончваецца галосным гукам, называецца адкрытым (аб-у-ць), зычным — закрытым (з-бір-аць). У беларускай мове закрытыя карані заўсёды ва ўласнабеларускіх назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы.
У залежнасці ад колькасці каранёў словы падзяляюць на:
- простыя — адзін корань: бульб-ін-а;
- складаныя — больш аднаго кораня: вад-а-лаз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).