Край свету (беларуская міфалогія)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Край свету — у беларускай міфалогіі ўскраіна зямлі (якая ў лічылася плоскай платформай), дзе адбываліся розныя цуды, а фізічныя законы адрозніваліся ад звычайных зямных. У розных паданнях там знаходзіцца жывая вада ці вялізны дуб. На краі света можа знаходзіцца пекла ў выглядзе высокай гары, дзе сядзіць сам Люцыпар[1] (галоўны д'ябл, Сатана). Апошні вобраз — дахрысціянскага паходжання. Цікава, што у народнай казцы «Каваль» фігурыруе гара, у якой жыве Кашчэй Бессмяротны. На Беларусі таксама распаўсюджаны паданні аб камянях, у якіх было невялічкае акенца, а ўнутры жыў нячысты ці цмок (гл. Камень-кравец). Камень з-пад вёскі Высокі Гарадзец Талачынскага р-на называлі «Сцяпан». Па легендзе унутры яго жыў цмок, які быў падобны на чалавека і шыў людзям адзенне. Трэба было толькі пакінуць ля камня грошы і тканіну, а праз нейкі час можна было забраць гатовую вопратку. Вядома, што святы Сцяпан — адзін з хрысціянскіх займеннікаў язычніцкага бога Вялеса. Такім чынам гара на краі свету, унутры якой жыве Люцыпар, можа быць хрысціянскай інтэрпрэтацыяй жытла Вялеса. Сяргей Санько атоесамлівае гару з казкі «Каваль» са старажытнай гарой (валуном), якая стаяла пасярод першапачатковага акіяну да стварэння сусвету[2]. Можа быць тоеснай з другім вобразам беларускай міфалогіі і фальклору — Залатой Гарой. Хаця апошняя суадносіцца хутчэй з цэнтрам сусвету, але міфалогіям у цэлым уласцівая тоеснасць ускраіны і цэнтру.

Зноскі