Краснаселле (Хойніцкі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Краснаселле
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
1506 год
Ранейшыя назвы
Кузняцоўшчына, сяло Кузцоўскае, Кузцоўцы, Кузняцоўцы
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Краснаселле на карце Беларусі ±
Краснаселле (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Краснаселле (Хойніцкі раён)
Краснаселле (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Краснаселле (Хойніцкі раён)

Краснасе́лле[1] (трансліт.: Krasnasiellie, руск.: Красноселье) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае[правіць | правіць зыходнік]

Ліст караля Жыгімонта Старога пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу ад 26 лютага 1509 года паведамляе, што «братъ нашъ щчастъное памяти Александръ, корол и великии князь, за его служъбу далъ ему две земли пустовъскии на Прыпяти у Белосороцкои волостъце Киевсъкого повету на имя Пилиповъщыну а Кузнецовъщыну»[2]. Кароль Аляксандр памёр у 1506 годзе. Тым годам і датуецца першая згадка пра паселішча, хоць на нейкі час яно заставалася пусткаю.

У судовым дакуменце ад 24 кастрычніка 1550 года згаданыя людзі кузцоўскія, што прыналежалі да маёнтка князя Дзмітрыя Любецкага і жонкі яго Фенны, дачкі пана Сямёна Палазовіча: «Жаловал за позвы моими игумен Свтго Михайла Золотоверхого Сава и вся братя чернцы того манастыря [у Кіеве] на кнзя Дмитрея Романовича Любецкого и кнгню его млсти жону Полозовну о том, иж люди его кузцовскии отнимают луг в людей их манастырских в лысковцов». У 1556 годзе сустракаецца звестка пра «сяло Кузцоўзкае».

Назву «сяло Краснасельскае», або «Краснаселле» паселішча атрымала пры панах Харлінскіх, якія валодалі Астраглядаўскім маёнткам з канца 1568 года. У выпісцы з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства ад 20 кастрычніка 1603 года паведамляецца: «А то о кгвалтовное выбите спокойного держаня з луга сполного манастыру Михайловскому от именя их Лысковского и Лучичов з ыменем его млсти п. Харлинского Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем, из озер, прозываемых Подворного и Осетрицы и теж о нестане, яко на завитом року на грунте преречоным лысковским и красноселским…»[3].

Да парэформеннага перыяду Краснаселле належала тым уладальнікам, што і Хойнікі з Астраглядамі, г. зн. Палазовічам, Любецкім, Харлінскім, Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам.

Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 г. Кіеўскае ваяводства (у т. л. Краснаселле) было далучана да Кароны Польскай[4].

29 верасня 1569 года было дасягнута пагадненне паміж струкчашым каралеўскім панам Шчасным Харлінскім і чарняцамі Свята-Міхайлаўскага манастыра ў Кіеве адносна спрэчак за грунты паміж краснасельскімі і лыскоўскімі падданымі[5]. 20 снежня 1625 года датаваны пратэст пані Гальшкі Мікалаевай Харлінскай, пададзены ў Кіеўскі гродскі суд супраць пана Зыгмунта Копця за спаленне млына і ўчыненне іншых гвалтаў у вёсцы Краснаселле[6]. У 1628 г. пан ваяводзіч смаленскі Мікалай Абрагамовіч (Абрамовіч) з двух дымоў Krasnosila мусіў плаціць па тры злотыя[7]. 10 лістапада 1643 года айцец Антоній Гарбачэўскі, намеснік Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве, ад свайго імя і вялебнага айца Філафея Кізарэвіча, ігумена міхайлаўскага, і ўсёй капітулы апратэставаў у Кіеўскім гродскім судзе тое, што пан падстолі кіеўскі Максіміліян Бжазоўскі, дзедзіч добраў Астраглядавічы і іншых, «греблю засыпал на острове монастырским Узлужью, озера власные на монастыр належачие половити казал, с пол и сеножатей, так монастырских, яко и подданых виолентер [гвалтоўна] повыбиял, а потым на въласным кгрунъте, с которых выбил подле Красноселя, осадив слободу, назвисъком Туръжин назвал…»[8]. Менавіта адсюль, ад Краснага Сяла пачалі свой пешы марш прыплыўшыя з нізоўяў Прыпяці на чаўнах казакі палкоўніка Ільі Галоты, каб перад світаннем 17 чэрвеня 1649 года няўдала атакаваць абоз пісара літоўскага Уладзіслава Валовіча пад Загаллем[9].

У 1683 годзе з 18 дымоў у вёсцы Краснаселле падымнае плацілі астраглядаўскія айцы дамініканы[10], якія, верагодна, трымалі яе ў заставе. Інвентар 1698 года засведчыў, што краснасельцы з 13 гаспадарак не паасобку, але грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтку князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 50 злотых, даніны мядовай 18 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасці для двара Астраглядаўскага. Названыя Ігнат Войт, Андрэй Арцюшэнка, Мацвей Арцюшэнка, Астап Панчанка, Даніла Аляксеенка, Іоў Аляксеенка, Харытон Аляксеенка, Лявон Патапенка, Васіль Карпенка, Ігнат Кананенка, Кузьма Кармазенка, Лука Клімянок, Усцін Клімянок[11]. Пэўна, плацілі і за тыя 5 гаспадарак, што пакінулі грамаду. 9 чэрвеня 1707 года князь Дамінік Шуйскі, харунжы берасцейскі, абвінаваціў у Мазырскім гродскім судзе пана Крыштафа Маніцкага, падчашага кіеўскага, за гвалтоўны наезд з вялікай грамадой людзей на добры Краснасельскія і падданых тамтэйшых збіццё, будынкаў спаленне і розных іншых гвалтаў учыненне[12].

Згаданыя выплаты чыншу і даніны мядовай краснасельцамі яшчэ і ў рэвізіі 1716 года[13] А вось у кастрычніку 1719 года Оўруцкі гродскі суд, выконваючы пастанову Люблінскага трыбунала, перадаў Краснаселле за даўгі пану оўруцкаму мечніку Мацвею Трыпольскаму[14]. Відавочна, па той прычыне пра вёску няма згадкі ў інвентары 1721 года.

У лістападзе 1723 года складзены інвентар на маёнтак Краснаселле, які перадаваўся ў пасэсію пану Грузевічу, лоўчаму новагародскаму, ім жа і падпісаны[15]. Валодаў вёскай Krasnosile з 15 халупамі (хатамі) пан лоўчы Базыль Грузевіч і ў 1734 годзе[16] 7 чэрвеня 1746 года князь Шуйскі пратэставаў у Оўруцкім гродзе супраць ужо былога пасэсара пана Базыля Нячая і іншых Грузевічаў, выстаўляў прэтэнзію на 4 400 злотых за наезд на вёску Краснаселле, збіццё людзей, спаленне будынкаў і рабункі[17]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Краснаселле было ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18]. 31 ліпеня і 6 жніўня 1749 года айцы цыстэрцыянцы Кімбараўскага канвента, якім належала вёска Малочкі, і князь Ігнацы Шуйскі, уладальнік Краснаселля, абмяняліся пратэстамі ў Оўруцкі гродскі суд за насланне сваіх людзей і ўчыненне розных гвалтаў і рабункаў[19]. Шматлікія непаразуменні і канфлікты паміж ўладальнікамі (кіеўская мітраполія, оўруцкія базыляне, кімбараўскія цыстэрцыянцы), жыхарамі вёскі Малочкі ды ўладальнікамі (князі Шуйскія, апякуны паны Быстрыя, старосты ліноўскія, альбо пасэсары — паны Грузевічы, Загароўскі), жыхарамі Краснаселля адбываліся на працягу 1730 — 1780-х гадоў.

У жніўні 1750 года ў Хойніках былі схопленыя краснасельскія сяляне Саўка Лутчанка, Лук’ян Кананенка, Ігнат, войтаў сын (у інвентары 1698 года краснасельскага войта таксама звалі Ігнатам[20]), Селівон, Іванаў унук, Цімох і Іван Панчанкі і «іншыя», а таксама атаман іхні Кулешык, абвінавачаныя ў гайдамацтве — нападзе на Малочкі і зрабаванні (забралі 20 тыс. грывень) тамтэйшага арандатара Бэні Ізраэлевіча[21]. У 1754 годзе з 31 двара вёскі Krasnosile Хойніцкага маёнтка выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя і 25 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 19 зл. і 12 гр.[22] Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў Краснаселлі пражывалі адпаведна 15, 3 і 6 чалавек (głow), якія належалі да Хойніцкага кагала[23]. Значнае ўбыванне насельнікаў-яўрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) паселішча апынулася ў складзе Рэчыцкай акругі (павета) Чарнігаўскага намесніцтва, потым Маларасійскай губерні, з 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі. У 1811 годзе ў вёсцы 19 двароў. На снежань 1844 года ў інвентары аднайменнага маёнтка Юзафа, сына Караля, Прозара згаданы фальварак Краснаселле[24]. У 1850 годзе 34 двары, 181 жыхар. У 1879 годзе Краснаселле названае ў ліку паселішчаў Аравіцкага царкоўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 года тут былі 63 двары, 360 жыхароў, хлебазапасная крама. Побач — аднайменны фальварак. На 1909 года налічвалася 70 двароў, 451 жыхар, у фальварку 1 двор, 5 жыхароў, у Дзёрнавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні[25].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

З 8 снежня 1926 года да 9 чэрвеня 1927 года цэнтр Краснасельскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі. У маі 1943 года акупанты спалілі 82 двары, забілі 18 жыхароў (пахаваныя ў магіле ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі). У 1941—1943 гадах каля вёскі загінулі 3 воіны і 3 партызаны (пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры). 50 вяскоўцаў загінулі на фронце.

Паводле перапісу 1959 года 375 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад саўгаса «Аравічы» (цэнтр — вёска Аравічы).

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499—1514). — Vilnius, 1995. N. 424
  3. Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю. А. Мицик, С. В. Сохань, Т. В. Міцан, І. Л. Синяк, Я. В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В. І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського. — Київ, 2011. № 289, 290, 293, 295, 296, 297
  4. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
  5. Аrchiwum Główny Akt Dawnych (AGAD). Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sign. 1. S. 16, 17
  6. AGAD. S. 17
  7. Архив Юго-Западной России. — Ч. 7. — Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  8. Документальна спадщина… № 306
  9. Kotłubaj Ed. Życie Janusza Radziwiłła. — Wilno i Witebsk, 1859. S. 136. Dodatek XII. S. 365—367; Мицик Юрій. Полковник Ілля Голота і Загальська битва 1649 р. у світлі нових документів. // Мицик Юрій. Albaruthenica. — Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. С. 164 і наст.
  10. АрхивЮЗР. Ч. 7. Т. 1. — Киев, 1886. С. 489
  11. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133
  12. AGAD. S. 18
  13. НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 143
  14. Описи актовых книг Киевского центрального архива. — № 34. / Сост. А. Т. Белоусов — Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1907. С. 13
  15. AGAD. S. 18
  16. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 292
  17. AGAD. S. 24
  18. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  19. AGAD. S. 25
  20. НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133
  21. АрхивЮЗР. — Ч. 3. — Т. 3: Акты о гайдамаках (1700—1768). — Киев, 1876. С. 511—512
  22. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 183
  23. Архив ЮЗР. — Киев, 1890. Ч. 5. Т. 2. С. 301, 391, 710
  24. НГАБ. Ф. 142. Воп.1 Спр. 1481
  25. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 95

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 5, 12 — 18, 34
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]