Краёўскі мірны дагавор

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Анексія Паўднёвай Дабруджы Румыніяй 1913. Перадача яе Балгарыі па Краёўскім пагадненні ў 1940

Краёўскі мірны дагавор, Краёўскае пагадненне (балг.: Крайовска спогодба, рум.: Tratatul de la Craiova) — мірнае ўрэгуляванне тэрытарыяльных пытанняў паміж па-прафашысцку настроенымі ўрадамі Балгарыі і Румыніі, падпісанае ў румынскім горадзе Краёва, паводле якога 7 верасня 1940 года Румынія саступіла Балгарыі рэгіён Паўднёвая Дабруджа і абедзве ўдзельніцы дагавора пагадзіліся правесці абмен насельніцтвам (меншасцямі) на прылеглых да новай мяжы тэрыторыях.

Перадумовы і наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У Румыніі з верасня 1940 года ўлада ўжо перайшла ў рукі ўрада маршала Іона Антанеску, які фактычна стаў дыктатарам. Пры гэтым фармальна краіна заставалася манархіяй. Сам румынскі кароль Караль II 6 верасня 1940 года быў вымушаны адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Міхая пад ціскам грамадскай думкі, абуранай тэрытарыяльнымі стратамі, якія Каралю II не ўдалося прадухіліць. Так, у 1940 годзе Румынія была вымушана пагадзіцца на вяртанне Савецкаму Саюзу (пад ціскам Масквы і Берліна — для выканання палажэнняў пакта Молатава-Рыбентропа) Бесарабію (з якой была створана Малдаўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) і перадачу Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Паўночнай Букавіны. Больш таго, другі Венскі арбітраж 30 жніўня 1940 года перадаў Венгрыі Паўночную Трансільванію. Караль II быў вымушаны пакінуць краіну. Новым каралём стаў яго сын Міхай I. Імкнучыся кампенсаваць тэрытарыяльныя страты, Румынія становіцца саюзніцай Германіі, разлічваючы на сумесныя баявыя дзеянні супраць СССР з мэтай вяртання страчаных тэрыторый.

Абмен насельніцтвам[правіць | правіць зыходнік]

Падчас абмену насельніцтвам румынскамоўныя пасяленцы (румыны, маканы, арамуны, мегленарумыны), усяго каля 80 000 чалавек, большасць з якіх асела тут па патрабаванні ўрада пасля Другой балканскай вайны 1913 года (тады быў заключаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1913 года), пакінулі балгарскую тэрыторыю. Замест іх прыбылі балгарскія жыхары з румынскай тэрыторыі, усяго каля 65 000 чалавек. З часам, з улікам колькасці позніх перасяленцаў, колькасць румынаў, якія з'ехалі з балгарскай тэрыторыі, была ацэнена ў 110 тысяч, а балгараў, якія прыехалі на яе — 77 тысяч. Абмен насельніцтвам прывёў да значнай гамагенізацыі насельніцтва Дабруджы, а таксама Румыніі, стварыўшы ўмовы для пачатку палітыкі румынізацыі меншасцей у краіне.

Зноскі