Крупнік
Крупнік | |
---|---|
польск.: Krupnik літ.: Krupnikas | |
![]() Чарка і бутэлька польскага крупніка. | |
Краіна паходжання | |
Мацунак | 38 |
![]() |
Кру́пнік — старадаўні алкагольны напой, блізкі да лікёру, са спірту (або акавіты), мёду і спецый (цынамон, ваніль, гваздзік, імбір і мускатны арэх).
Вядомы ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім з XVIII стагоддзя, быў у пэўным сэнсе канкурэнтам нямецкага пуншу. Традыцыйна крупнік падавалі гарачым у малых фарфоравых філіжанках, але ў менш фармальных умовах пілі і са шкляніц, або нават з драўляных ці цыновых лыжак. Існаваў рытуал «палення» крупніку — усе інгрэдыенты складваліся ў вялікую гліняную місу і падпальваліся; паступова палаючая сумесь набірала цёмнаянтарны колер і спецыфічны карэнны водар; па знаку гаспадыні ўсе сабраныя адначасова дзьмулі на полымя, каб яго згасіць. Майстэрства прыгатавання крупніку лічылася ў XIX стагоддзі неабходнай вартасцю гаспадыні шляхецкага дому, да некаторых майстрыняў госці з’язджаліся адмыслова дзеля гэтай нагоды з акругі радыусам 80 км. Асабліва славіліся крупнікі з Коўна. У Вялікім Княстве Літоўскім таксама былі папулярнымі фруктовыя крупнікі, у якія дадаваліся малінавы або вішнёвы сокі, журавіны і г.д. У наш час крупнік вырабляецца прамыслова ў Польшчы, Беларусі і Літве.
Рэцэпт
[правіць | правіць зыходнік]1 літр спірту 1 кг мёду і 1 л вады. Дадаткі -- 1 палачка цынамону, 1 мускатны арэх, 6 гваздзікоў, 2 корані імбіру, 1 стручок ванілі, кавалак апельсінавай скуркі. Можна таксама ўжываць сушаныя кветкі ружы, руты, ягады ядлоўцу і іншае.
Дадаткі зварыць з паловай вады (без апельсінавай скуркі, якую ўкінуць за хвіліну да канца варкі) ў высокім рондалі са шчыльным вечкам (найлепей у скараварцы), каля 10 хвілін. Мёд зварыць з рэштай вады і дадаць адвар са спецый. Змяшаць са спіртам, трымаючы далёка ад агню. Далей не варыць, толькі даліць гарачай вады да агульнага аб’ёму 1 л. Пакінуць на некалькі дзён адстаяцца. Чым болей вытрымліваецца крупнік (рэкамендуецца 3—6 месяцаў), тым больш празрыстым і прыемным на смак ён робіцца. Падаваць гарачым або халодным.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Крупнік // Праект «Наша ежа»