Крушына ломкая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крушына ломкая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Frangula alnus (Mill.) Gray (1821)

Сінонімы
Rhamnus frangula L.

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  504744
NCBI  106677
EOL  485613
IPNI  717344-1
TPL  kew-2814031

Крушына ломкая[3][4], Крушына крохкая[5] (Frángula álnus) — дрэвападобны куст; від роду крушына (Frangula) сямейства Крушынавыя, тыпавы від гэтага роду. У літаратуры гэты від нярэдка разглядаецца ў складзе роду Жасцёр (Rhamnus), пры такім падыходзе яго правільнай назвай будзе Rhamnus frangula L.[6].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Крушына ломкая, чаромха[7], воўчая ягада[3], шаклак[8][9], ваўчыныя ягады, крушына крохкая[10][11], крушына[12][13][14].

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Крушына ломкая. Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887

Куст вышынёй 2-3 метры ці невялікае дрэва, якое можа дасягаць у вышыню 7 метраў[6].

Ствол і галіны цёмна-бурыя, маладыя парасткі чырвона-карычневыя з ланцэтнымі белымі чачавічкамі[6]. У адрозненне ад жасцёра слабіцельнага (Rhamnus cathartica), ствол гладкі, без калючак, з карычневымі шаўкавіста-валасістымі пупышкамі[6]. Цёмная, амаль чорная кара з папярочна-выцягнутымі чачавічкамі, характэрна наяўнасць чырвонага (франгулінавага) пласта пад вонкавым пластом коркі.

Лісце эліптычнай формы, авальнае ці зваротнаяйкападобнае, 4-10 см у даўжыню, голае, бліскучае, цэльнакрайняе, з шасцю — васьмю парамі паралельных бакавых жылак, размешчана на кароткіх (да 1,5 см) хвосціках[6]. Размяшчэнне лісця — чарговае або коса-супраціўнае[6].

Кветкі дробныя, абодваполыя, несамастойныя, пяцічленныя, на кветаножках каля 1 см[6], сабраныя па 2-7 пучкамі ў пазухах лісця, 2-3,5 мм даўжынёй. Званочкавая чашачка зеленаватая, 4-5-паасобная. Вяночак дробны, вузка званочкавы, долі яго зверху зялёныя, унутры зелянява-белыя ці зеленавата-жоўтыя. Тычынак чатыры ці пяць, песцік адзін з адным слупком, завязь верхняя.

Формула кветкі[15]: .

Плод — сакаўная мясістая касцянка шарападобнай формы дыяметрам 8-10 мм, з двума — трыма зелянява-жоўтымі круглява-трохкутнымі карычневымі костачкамі з храшчавай падвойнай «дзюбай»[6]. У спелым стане плады сіне-чорныя[6]. Паспяваюць плады неадначасова, на адной расліне могуць быць спелыя чорныя плады, недаспелыя чырвоныя, зялёныя і нават кветкі[6].

Плады атрутныя, у народзе іх называюць «воўчыя ягады», аднак птушкі ахвотна іх ядуць.

Злева направа: парасткі з лісцем і няспелымі пладамі; лісце (адаксіяльны і абаксіяльны бакі); суквецце; кветкі: няспелыя і спелыя плады; насенне

Арэал[правіць | правіць зыходнік]

Сустракаецца ў лясной і лесастэпавай зоне Еўропы, цэнтральных раёнах Заходняй Сібіры, на поўначы Малой Азіі, на большай частцы Крыма, на Каўказе, у паўночных раёнах Сярэдняй Азіі[16].

У Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі. Распаўсюджана амаль па ўсёй Украіне, у стэпавых раёнах толькі ў далінах рэк. Раёны нарыхтовак: Валынская, Ровенская, Жытомірская, Кіеўская, Чарнігаўская, Сумская, Цярнопальская, Львоўская, Івана-Франкоўская, Чарнавіцкая, Закарпацкая вобласці, поўнач Палтаўскай, Хмяльніцкай і Харкаўскай абласцей. Запасы сыравіны значныя.

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Сустракаецца ў падлеску хваёвых, змешаных і лісцяных лясоў, у зарасніках кустоў, па берагах вадаёмаў, старыц, на ўскрайках балот, на вільготных лугах. Цвіце ў маі-чэрвені. Ценевынослівая расліна.

Rhamnus frangula — гэта адна з двух харчовых раслін (разам з Rhamnus cathartica для матылькоў віду Gonepteryx rhamni. Кветкі прывабныя для пчол, а плады — важная крыніца ежы для птушак, напрыклад, драздоў[17].

Інвазіўны від[правіць | правіць зыходнік]

Крушына ломкая была ўвезена ў Паўночную Амерыку каля 200 гадоў назад, а ў Канаду — каля 100 гадоў таму. Яна вырошчвалася ў жывых агароджах, лясных насаджэннях і як расліна ў месцах пражывання дзікіх жывёл, але стала інвазіўным відам і пачала наступ на лясы на паўднёвым усходзе ЗША і вільготныя ўгоддзі і лясы Сярэдняга Захаду Злучаных Штатаў[18][19][20]. Паводле прагнозаў, гэтая інвазія працягвае пашырацца[18], гэтаму садзейнічае высокая адаптыўнасць і стойкасць да забруджванняў[21].

Крушына ломкая паражае лясы і расце ў падлеску ў месцах з вялікай колькасцю святла. У норме ў такіх прасветах пачынаюць рост саджанцы мясцовых відаў дрэў, якія паступова закрываюць купал кронаў, але калі тут з’яўляецца крушына, яе шчыльны навес прадухіляе трапленне святла на зямлю і, такім чынам, не дазваляе іншым саджанцам расці[21]. Як правіла, яна расце шчыльней і лепш у больш нізінных месцах, з вільготнай, багатай глебай, што з’яўляецца праблемай для земляробаў. Чым вышэй над узроўнем мора знаходзіцца лес, тым марудней ідзе інвазія. Тсугава-дубовыя лясы, якія ўтвораны старымі масівамі дрэў, найменьш падыходзяць для крушыны ломкай, таму што шчыльны кронавы купал дае вялікі цень, які не з’яўляецца прывабным для крушыны. Лясы з веймутавай хвоі (Pinus strobus) паражаюцца лягчэй, таму што большая колькасць святла трапляе да зямлі, пры гэтым пасадкі, дзе вядзецца вырубка церпяць больш, чым некранутыя[22].

Меры барацьбы[правіць | правіць зыходнік]

Маленькія саджанцы можна вырываць ўручную, але кантроль вялікіх пасадак лепш за ўсё дасягаецца з дапамогай гербіцыдаў[23]. Крушына ломкая і блізкі да яе від жасцёр слабіцельны (Rhamnus cathartica) былі забароненыя для продажу, транспарціроўкі або імпарту ў Мінесоце[24] і Ілінойсе.[25]. Лічыцца інвазівным, але не забаронены ў Канэктыкуце[26].

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Кара, пупышкі, лісце, плады ўтрымліваюць антрахіноны: глюкафрангулін, франгулін, эмадзін і ізаэмадзін. Найбольшае ўтрыманне гэтых рэчываў назіраецца ў кары — да 8 %. Акрамя антрахінону, кара таксама змяшчае трыцерпенавыя гліказіды, хрызафанавую кіслату, антранолы, смолы, дубільныя рэчывы, сляды эфірнага алею[27].

Прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Лекавая, меданосная, фарбавальная, таніданосная, драўняная расліна.

Ужыванне ў медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

Кара крушыны

Кара і плады валодаюць слабільнымі і ванітавымі ўласцівасцямі і ўжываюцца ў народнай медыцыне. У афіцыйнай медыцыне лячэбнае значэнне мае кара крушыны (лац.: Cortex Frangulae), сабраная з маладых ствалоў і з тоўстых галін, якія яшчэ не параслі імхом і лішайнікам[6]. Каб пазбегнуць атручванняў, не прымяняюць свежую кару. Таксічныя рэчывы ў ёй паступова акісляюцца, таму выкарыстоўваюць кару праз 1 год натуральнага захоўвання альбо пасля прагрэву (1 гадзіну пры тэмпературы 100 °C). Сыравіну ўжываюць у форме адвару, экстракту, у складзе слабільных і супрацьгемаройных збораў[6], у выглядзе прэпарата «РАМН»[28]. Гліказід эмадзін, які здабываюць з кары крушыны, уваходзіць у склад прэпарату халагол, што выкарыстоўваецца пры жоўцевакаменнай хваробы, запаленнях і цырозе печані.

У народнай медыцыне кара лічыцца добрым хуткадзейным сродкам пры хваробах печані, пры вадзянцы, ліхаманцы, хранічных запорах, празмерных менструацыях, глістах і хваробах скуры. Кару выкарыстоўваюць таксама пры гастрытах, хваробах кішачніка, пры дызентэрыі, язве страўніка, вадзянцы, пухлінах печані, лісце — пры малакроўі[6].

У гамеапатыі ўжываюць эсэнцыю са свежай кары.

У літаратуры прыводзяцца выпадкі смяротнага атручвання дзяцей пладамі крушыны.

У ветэрынарыі кару крушыны ў выглядзе адвара або настою прымаюць як слабільны сродак.

Дэкаратыўнае прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Rhamnus frangula 'Aslenifolia' з восеньскай афарбоўкай лісця

Крушына ломкая не мае высокіх дэкаратыўных якасцяў: ні густога лісця, ні прывабных кветак, таму разводзіцца як традыцыйная расліна, часткова для прыцягнення матылькоў віду лімонніца звычайная (Gonepteryx rhamni), для якіх крушына з’яўляецца кармавой раслінай. Стракаты культывар Rhamnus frangula 'Variegata' і культывар з вельмі вузкім і доўгім лісцем 'Aslenifolia' часам вырошчваюцца ў садах у якасці арнаментальных кустоў. Культывар 'Tallhedge' вырошчваюць у жывых агароджах[29].

Выкарыстанне драўніны[правіць | правіць зыходнік]

Мяккая драўніна лёгка колецца, выкарыстоўваецца для сталярных прац. Драўніна мае малую шчыльнасць, што робіць яе каштоўнай для атрымання вугалю, які ўжываўся ў вырабе чорнага дымнага пораху[30]. Таксама вугаль крушыны выкарыстоўваецца для малявання.

З драўніны робяць дробныя вырабы, дэкаратыўную фанеру. Раней з крушыны выразалі калодкі  (англ.) для пашыву абутку, цвікі і шпон. Галіны прыдатныя для грубага пляцення.

У пчолагадоўлі[правіць | правіць зыходнік]

Добры меданос, цвіце ўсё лета, дае пчолам шмат нектару і пылку. Мёдадайнасць да 35 кг з гектара суцэльных зараснікаў. У некаторых лясных раёнах з’яўляецца раслінай галоўнага ўзятку[31]. Дае таварны мёд на Палессі і ў Карпатах.

За дзень пчолы прыносяць па 2-4 кг нектара на вулей. Мёд крушыны духмяны, цямней малінавага, буйназярністы. На крушыны часам з’яўляецца падзь.

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Кара і недаспелыя плады даюць жоўтую, бураковую, карычневую і чорную фарбы, саспелыя плады — зялёную і фіялетавую[29] . Кара ўтрымлівае таніды, прыдатныя для дублёння шкур.

Збор, перапрацоўка і захоўванне[правіць | правіць зыходнік]

Збіраюць кару вясной[6], да з’яўлення лісця. На ствалах і галінах нажамі робяць колцавыя надрэзы на адлегласці 10 — 50 см, якія злучаюць падоўжнымі разрэзамі, затым кару лёгка здымаюць[6]. Пасля зняцця кары дрэўцы рэкамендуецца секчы «на пень» для ўтварэння вялікай колькасці парасткаў, гэта значыць аднаўленне раслін. На жаль, многія нарыхтоўшчыкі, агаліўшы адзёру, пакідаюць дрэўцы нязрубленымі, што прыводзіць да знікнення зараснікаў гэтай каштоўнай расліны.

Нарыхтаваную сыравіну сушаць пад навесамі з добрай вентыляцыяй або пад жалезным дахам, раскладваючы на ​​паперы або тканіны. Сухую кару прэсуюць, пакуюць у цюкі або стосы па 50 кг. Захоўваюць у сухіх, добра ветраных памяшканнях, тэрмін захоўвання да пяці гадоў. Перад выкарыстаннем кара павінна захоўвацца не менш за год ці падвяргацца апрацоўцы высокай тэмпературай (100°) на працягу гадзіны.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая марка Беларусі

У 1996 годзе выява крушыны ломкай была выкарыстана на паштовай марцы Беларусі.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. а б Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 55. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Назва Крушына ломкая згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Rhamnus frangula
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Крушина ольховидная, или ломкая // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 68-71. — 200 с. — 130 000 экз.
  7. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  8. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  9. Kraskoŭski A. Bielaruskija lekarskija ziolki. Wilnia, 1921
  10. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  11. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  12. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  13. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  14. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  15. Барабанов Е. И. Ботаника: учебник для студ. высш. учеб. заведений. — М.: Издат. центр «Академия», 2006. — С. 306. — ISBN 5-7695-2656-4.
  16. Атлас ареалов и ресурсов лекарственных растений СССР (Сборник)
  17. Natural England: Alder buckthorn Архівавана 20 ліпеня 2011.
  18. а б Wingard, Hanna S. Invasion of transition hardwood forests by exotic Rhamnus frangula: Chronology and site requirements. University of New Hampshire, 2007.
  19. Common Buckthorn and Glossy Buckthorn(недаступная спасылка). University of Maine Cooperative Extension Bulletin #2505. Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2009. Праверана 7 кастрычніка 2015.
  20. glossy buckthorn. Invasive.org: Center for Invasive Species and Ecosystem Health.
  21. а б Guide to invasive upland plant species in New Hampshire(недаступная спасылка). New Hampshire Department of Agriculture, Markets & Food Terrestrial Invasive Plant Species, page 14. Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2008. Праверана 7 кастрычніка 2015.
  22. Chelsea Cunard and Thomas D. Lee. Is patience a virtue? Succession, light, and the death of invasive glossy buckthorn (Frangula alnus). Biological Invasions:Volume 11, Number 3 / March, 2009.(недаступная спасылка)
  23. What you can do to control buckthorn!. MN Department of Natural Resources.
  24. Buckthorn. MN Department of Natural Resources.
  25. Reminder to Gardeners: Some Exotic Plants Banned in Illinois(недаступная спасылка). Illinois DIllinois Department of Natural Resources (22 красавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2011. Праверана 7 кастрычніка 2015.
  26. Connecticut Invasive Plant List July 2009. CT Invasive Plants Council.
  27. Атлас лекарственных растений СССР. — М.: Изд-во мед. лит., 1962.
  28. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 200—201. — ISBN 5-06-000085-0.
  29. а б Plants for a Future: Rhamnus frangula
  30. Артыкул з Тэхнічнай Энцыклапедыі 1927-34 гг.. Дымный порох Архівавана 15 мая 2013. (руск.)
  31. Абрикосов Х. Н. и др. Крущина // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 158. Архівавана 7 студзеня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]