Крывіцкая раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крывіцкая раўніна
Каардынаты: 54°40′ пн. ш. 27°10′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Крывіцкая раўніна
Крывіцкая раўніна

Крывіцкая раўніна — геамарфалагічны раён у Беларусі, размешчаны паміж Мінскім узвышшам і Свянцянскімі градамі. Марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 80 км.

Раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Падмурак ляжыць на глыбіні 300 м. Карэнныя пароды прадстаўлены глінамі, мергелямі, даламітамі дэвона. На іх паверхні распаўсюджаны катлавіны, на паўночным захадзе ў напрамку ДокшыцыГлыбокае цягнецца лагчына ледніковага выворвання і размыву.

Асноўная тэрыторыя прадстаўлена слабахвалістай марэннай раўнінай сожскага ўзросту з адноснымі вышынямі 5-7 м. Паверхня разнастаіцца камавымі ўзгоркамі, тэрмакарставымі западзінамі. Распаўсюджаны лагчыны расталых ледніковых вод. На паўднёвым захадзе раёна размешчаны марэнныя грады, утвораныя ў ашмянскую стадыю сожскага ледавіка. Рэльеф тут прадстаўлены ўзгорыста-хвалістай паверхняй з адноснымі вышынямі 20-25 м. Схілы рачных далін зрэзаны эразійнымі ірвамі і невялікімі ярамі. Пераважныя вышыні ў межах раёна 175—200 м, максімальная адзнака 223 м (в. Івашынавічы). Глыбіня расчлянення каля 5 м/км², павялічваецца на паўднёвым захадзе да 10 м/км², гушчыня расчлянення 0,2-0,3 км/км².

Раён належыць басейну р. Віліі. Найбольш значная р. Сэрвач (прыток Віліі), рэчышча якой каналізавана, глыбіня ўрэзу 10-15 м. У верхнім цячэнні рака ўпадае ў воз. Сэрвач, катлавіна яго круглявая, схілы спадзістыя, прыбярэжная зона забалочаная.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3