Насяляе розныя тыпы лясоў, пераважна сухія сасновыя бары і рэдкія спелыя часам мяшаныя лясы з елкамі і лістоўніцамі (напрыклад, у Нарвегіі). У Лапландыі таксама жыве на забалочанай мясцовасці.
Месцы зімовак у межах гнездавога арэала, пад час інвазіі залятае на захад і поўдзень Еўропы.
Гняздо робіць у верхніх частках крон высокіх хваёвых дрэў (звычайна на ўскрайках лясоў і палян, каля дарог і прасек з лініямі электраперадач, рэдка ў глыбіні густога лесу) пад прыкрыццем галін каля ствала елак або ў развілцы густых галін сасны. Яно ўяўляе няшчыльны слой галінак і кары хваёвых дрэў, сухога лісця, моху і лішайнікаў; у высцілцы — кавалачкі моху, лішайнікаў і карэньчыкі, кара бярозы, сухая трава, раслінныя валокны і пух, шэрсць, часам пер'е. У гнёздах каля чалавечага жылля могуць быць вяроўкі, папера і інш.
Яйкі (3—4, часам 2—5), крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, жоўта-белыя, светла-блакітна-зялёныя або белаватыя. Плямкі і рыскі дробныя з рознымі адценнямі чырвонага (ад ружовага да цёмна-вішнёвага) і пурпурова-карычневага, згушчаныя на шырэйшым канцы.