Перайсці да зместу

Крыжацкі паход на Гродна (1284)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Крыжацкі паход на Гродна (лета 1284) — паход на Гродна (Городен) і аблога Гродзенскага замку войскам Нямецкага ордэну (кам. ландмайстар Конрад фон Цірберг; прускі атрад пад кам. Скоманда); пасля зацятай[1] абароны, крыжакі ўзялі верх, па чым разбурылі і спалілі ўмацаванні, а таксама і горад[2].

Гэты паход быў першым з шматлікіх ваенных удараў Нямецкага ордэна на гэтым стратэгічным кірунку ў час вайны Ордэна і ВКЛ, і другой значнай ваеннай аперацыяй гэтай вайны, пасля аблогі і разбурэння літоўскага замку Бізене (1283).

Пасля разбурэння замка і горада фон Цірберг выслаў Скоманда з 1800 ч. у прылеглы павет, дзе жыло шмат нядаўніх бежанцаў з Прусіі (гл. Прускія паўстанні); іх дамы былі разбураныя і спаленыя, а вялікі палон быў выведзены ў Прусію.

Яшчэ да аблогі з наваколля Гродна выйшаў моцны атрад літоўцаў і тутэйшых прусаў, кіруючыся на рабунак у Польшчу. Пры вяртанні паміж літоўцамі і прусамі з гэтага атраду ўзнікла спрэчка з-за падзелу здабычы. Прусы былі абураныя несправядлівасцю падзелу, а пасля таго, як даведаліся пра спусташэнні крыжакамі іх паселішчаў каля Гродна, выслалі паслоў («барты Нума і Дзерска») да крыжацкага ландмайстра з просьбай узяць іх з сабою ў Прусію. Атрымаўшы згоду, прусы ў час ночы напалі на сваіх літоўскіх таварышаў, шмат іх забілі, забралі лепшую долю здабычы, і вярнуліся ў Прусію разам з крыжакамі.

Зноскі

  1. У многіх дакументах абарона Гродна ў 1284 называецца «небывала» зацятай. Так, напрыклад, у пераказах хронікі Дузбурга і інш. у Dzieje krzyzakow і Geschichte Preussen.
  2. Аднак і горад і замак неўзабаве былі адбудаваныя, а вялікі князь Віцень паставіў тут гарнізон, што тады было рэдкасцю ў ВКЛ.
  • L. Rogalski. Dzieje Krzyżaków oraz ich stosunki z Polską, Litwą i Prussami. T. 1. — Warszawa, 1846. С. 372,373.
  • (Гісторыя Прусіі) J. Voigt. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten zum Untergange der Herrschaft des Deutschen Ordens. 4ter Band.— Königsberg, 1830. С. 14-18.