Крыжаўзвіжанская царква (Бабры)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Крыжаўзвіжанская царква
Крыжаўзвіжанская царква, Бабры.JPG
53°43′46″ пн. ш. 25°09′39″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Бабры
Канфесія Беларуская Праваслаўная Царква
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Дата пабудовы 1810 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000338шыфр 413Г000338

Крыжаўзвіжанская царква (Гродзенская вобласць)
Крыжаўзвіжанская царква
Крыжаўзвіжанская царква

Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга  — праваслаўны храм у в. Бабры (Лідскі раён). Размешчана ў цэнтры вёскі. Храм вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1810 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку XIX ст. маёмасць Бабры набыў у Радзвілаў Караль Лясковіч. Да 1810 г. ён фундаваў тут будаўніцтва драўлянай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Каля новай царквы тады пасадзілі дуб, які расце да гэтага часу. Дуб настолькі магутны і шырокі, што трэба з дзясятак рук, каб абхапіць ствол дрэва. Існуе меркаванне, што гэтаму дубу можа быць і чатырыста гадоў.

У 1829 г. пры Баброўскай царкве дзейнічаў шпіталь для адзінокіх старых і сірот, жылі ў ім 6 чалавек.

Вядомы наступныя грэка-каталіцкія святары Баброўскай царквы.

  • Мікалай Дамінікоўскі, сын Ігната, у 1819 г. з’яўляўся адміністратарам царквы ў Бабрах.
  • Іосіф Канаховіч, нарадзіўся ў 1793 г., у 1832 г. святар царквы ў в. Бабры, пасля пераведзены ў царкву в. Сабакінцы.
  • Мацей Бараноўскі, сын Васіля, нарадзіўся ў 1800 г., вучыўся ў школе пры Жыровіцкім кляштары. У 1832 г. — вікарый у Голдаўскай царкве, з 1834 па 1837 гг. — святар царквы ў Бабрах.
  • Тэадор Сцепурынскі (Сцяпура), нарадзіўся ў 1808 г., у 1837 г. — адміністратар царквы ў Бабрах.

У 1880 г. над бабінцам царквы надбудавалі званіцу, а пры ўваходзе зрабілі тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з якога найлепш захавалася фасадная частка.

Пры канцы XIX ст. царква мела 2 дзесяціны раллі. Замест сенакосу да 1891 г. маёнтак плаціў святару «ругу». Прыход налічваў 120 двароў, 478 мужчын і 457 жанчын. Псаломшчык гэтай царквы Ігнат Філіповіч выкладаў у Баброўскай школе пісьменнасці, Закон Божы выкладаў святар.

Вядома, што праваслаўным святаром на пачатку 1920-х гг. у Бабрах быў Аляксандр Бяляеў. Ён распаўсюджваў сярод вернікаў беларускую газету «Крыніца», праводзіў беларускую асветніцкую працу. Наступны святар, Канстанцін Мяцеліца, з 10.09.1927 г. быў адміністратарам царкоўнай філіі ў Бабрах Лябёдскай гміны. 15 траўня 1931 г. сюды быў пераведзены (з паніжэннем) святар-беларус Мікалай Мышкоўскі, дзеці якога вучыліся ў беларускай гімназіі ў Вільні.

У 1935 г. Баброўскі храм быў рэстаўраваны.

4 сакавіка 1937 года ў айца Мышкоўскага на Лідскім вакзале з кішэні злодзеі выцягнулі 500 злотых. Святар ехаў у Вільню, каб зрабіць заказ, і гэтыя грошы былі сабраны парафіянамі на закуп царкоўнага звона. Магчыма, здарылася гэта з-за прыхільнасці айца да моцных напояў.

На пачатку 1960-х г. атэістычныя ўлады зачынілі царкву і забаранілі набажэнствы. Вялікія стосы царкоўных кніг выкінулі тады ў гразь на вясковую вулiцу, кнігі загінулі. У царкве зрабілі калгасны склад.

З 1990-х царква ў Бабрах знаходзіцца ў добрым стане і дзейнічае.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прытвора, бабінца, малітоўнай залы, прамавугольнай апсіды з трымя рызніцамі. Над бабінцам у 1880 г. ўзведзены шатровы чацвярык званіца з макаўкай у завяршэнні. Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца ярусным спалучэннем асобных дахаў зрубаў (агульнага над асноўным аб’ёмам і апсідай), вылучэннем на вертыкальнай шалёўцы сцен прамавугольных аконных праёмаў у простых ліштвах.

У малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца бабінец і апсіда, вылучанная драўляным іканастасам. У апсідзе захавалась маляўнічая размалёўка з выявай краявіду.

Камень-следавік[правіць | правіць зыходнік]

На царкоўным двары на поўнач ад храма знаходзіцца камень-валун вышынёй 0,5 м з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавым паданням гэты след належыць Маці Божай. Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 1920-х гадах быў прывезены да храма і асвенчаны мясцовым святаром.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
  • Лаўрэш Л. Прыходы ў Голдаве і Бабрах // Лідскі Летапісец № 4 (84). 2019.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]