Крыж Добрасуседства
| Крыж Добрасуседства | |||
|---|---|---|---|
|
|
|||
| Дэвіз |
Arma in manu cum pace in corde (Зброя ў руках, з мірам у сэрцы) |
||
| Краіна |
|
||
| Тып | крыж | ||
| Каму ўручаецца | Замежным грамадзянам | ||
| Кім уручаецца | Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі | ||
| Падставы ўзнагароджання | За выдатныя заслугі ў сферы міжнародных адносін і дапамогу Беларусі | ||
| Аўтар праекта | Геральдычная рада | ||
| Дата заснавання | 16 лістапада 2024 | ||
| Статус | уручаецца | ||
| Першае | 14 верасня 2023 | ||
| Характарыстыкі | |||
| Матэрыял | Латунь, срэбра (925), эмаль | ||
| Памеры | 33 × 33 мм | ||
| Чарговасць узнагарод | |||
| Старэйшая | Крыж Адраджэння Беларусі | ||
| Малодшая | Медаль «За баявыя заслугі» | ||
Крыж Добрасусе́дства — дзяржаўная ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, створаная Геральдычнай радай «Пагоня» для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Прызначана выключна для адзначэння замежных грамадзян за выдатныя заслугі перад беларускім народам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Крыж быў распрацаваны Геральдычнай радай для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і выраблены за сродкі неназванага беларускага мецэната[1][2][3].
Уручэнне ўзнагароды пачалося яшчэ да афіцыйнага зацвярджэння яе канчатковага статута. Так, 14 верасня 2023 года кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла «Крыжам Добрасуседства» старшыню Еўрапарламента Раберту Мецолу[3]. У студзені 2024 года крыж атрымаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі[4], а пазней — міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
Афіцыйна статут узнагароды ў межах адзінай Нацыянальнай сістэмы ўзнагарод быў зацверджаны пастановай Кабінета ад 16 лістапада 2024 года[5].
Статут і парадак узнагароджання
[правіць | правіць зыходнік]Крыж уручаецца па рашэнні кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Згодна з афіцыйным статутам, крыжам узнагароджваюцца выключна замежныя грамадзяне за выдатныя заслугі перад беларускім народам і Беларускай дзяржавай, якія істотна паўплывалі на вырашэнне палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных праблем Беларусі[6].
Падставамі для ўручэння з'яўляюцца:
- развіццё мірных і добрасуседскіх адносін паміж беларускім і іншымі народамі;
- пашырэнне публічнай дыпламатыі і міжнароднага дыялогу;
- эфектыўная дапамога ў мірны ці ваенны час;
- выяўленне і захаванне беларускай культурнай спадчыны;
- выратаванне і дапамога беларускім грамадзянам падчас надзвычайных сітуацый і ваенных канфліктаў[7].
Узнагарода можа надавацца пасмяротна. Крыж выдаецца бясплатна разам з адпаведным сертыфікатам і можа быць адабраны пры наяўнасці абвінаваўчых судовых выракаў за крымінальныя злачынствы[8]. У агульнай іерархіі нацыянальных узнагарод крыж размяшчаецца пасля Крыжа Адраджэння Беларусі і ідзе непасрэдна перад баявымі медалямі[9]. Ён носіцца на левым баку грудзей на цывільнай вопратцы або вайсковым мундзіры пасля нацыянальных ордэнаў[7].
Апісанне і семантыка
[правіць | правіць зыходнік]Крыж вырабляецца з латуні з пакрыццём срэбрам 925-й пробы і мае памеры 33 на 33 міліметры[10]. Ён уяўляе сабой прамы чатырохканцовы крыж серабрыстага колеру, пакрыты белай і чырвонай эмаллю ўздоўж канцоў, што ўтварае роўнавялікія палосы белага, чырвонага і белага колераў. Крыж пакладзены на серабрысты лаўровы вянок. У цэнтры знаходзіцца серабрысты круг з вершнікам герба «Пагоня» ўзору 1991 года[3][10].
На рэверсе выбіты лацінскі дэвіз «ARMA IN MANU CUM PACE IN CORDE» (бел.: Зброя ў руках, з мірам у сэрцы), пад якім знаходзіцца парадкавы нумар[3][10].
Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка чырвонага колеру мае ў цэнтры тры вузкія роўнавялікія палосы (белая, чырвоная, белая) шырынёй па 2,5 мм кожная[10].
У аснове візуальнай задумы сюжэта ляжаць чатыры плахты беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, аб'яднаныя цэнтральным шчытком з «Пагоняй». Гэта ўтварае ўмоўнае перакрыжаванне напрамкаў знешняй палітыкі (захад, усход, поўнач, поўдзень). Лаўровы вянок сімвалізуе пашану, давер, узаемаразуменне і падзяку за наладжванне адносін добрасуседства[11].
Лацінскі надпіс-дэвіз з'яўляецца вербальным тлумачэннем выявы ўзброенага вершніка «Пагоні», якое было сфармулявана ў 1918 годзе беларускім палітычным дзеячам Раманам Скірмунтам пры вызначэнні прынцыпаў дыпламатыі Беларускай Народнай Рэспублікі[11]. Чырвоны колер стужкі разам з нацыянальнымі палосамі ўвасабляе ўмоўны шлях да вольнай Беларусі праз паразы і перамогі, кроў ахвяр і чысціню душы. Срэбра сімвалізуе сумленнасць, шляхетнасць і сціпласць[11].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Віцэ-спікер Сейма Літвы Юозас Алекас адзначыў, што ўручэнне Святланай Ціханоўскай Крыжа Добрасуседства міністру замежных спраў Габрыэлюсу Ландсбергісу з’яўляецца важнай ацэнкай дзейнасці літоўскага ўрада[12][13].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Узнагароды Беларусі. Даведнік. — Геральдычная Рада «Пагоня», 2025. — 244 с. — ISBN 978-83-975253-0-6.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі». Герой расследавання пра пашпарт Новай Беларусі расказвае сваю версію падзей . Салiдарнасць (3 чэрвеня 2024).
- ↑ Ф. Раўбіч. Як выглядаюць узнагароды для новай Беларусі ФОТА . Наша Ніва (24 сакавіка 2024). Праверана 12 студзеня 2025.
- 1 2 3 4 Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла прэзідэнта Еўрапарламента Раберту Метсола «Крыжам Добрасуседства» . Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі (14 верасня 2023).
- ↑ Святлана Ціханоўская ўганаравала Радослава Сікорскага Крыжам Добрасуседства . Белсат (8 студзеня 2024). Праверана 13 студзеня 2025.
- ↑ Узнагароды Беларусі 2025, с. 117.
- ↑ Узнагароды Беларусі 2025, с. 117, 118.
- 1 2 Узнагароды Беларусі 2025, с. 118.
- ↑ Узнагароды Беларусі 2025, с. 119.
- ↑ Узнагароды Беларусі 2025, с. 199.
- 1 2 3 4 Узнагароды Беларусі 2025, с. 117, 120.
- 1 2 3 Узнагароды Беларусі 2025, с. 120.
- ↑ Віцэ-спікер Сейма: Літва будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, незалежна ад складу парламента . Polskie Radio (2 снежня 2024). Праверана 13 студзеня 2025.
- ↑ Липень, Ангелина. «В наших интересах». Вице-спикер Сейма Литвы рассказал, изменится ли политика в отношении Беларуси при новом парламенте (руск.). Zerkalo.io (2 снежня 2024). Праверана 13 студзеня 2025.