Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка
| Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка | |
|---|---|
| | |
| Нараджэнне |
кастрычнік 1888 |
| Смерць |
12 сакавіка 1922 (33 гады) |
| Партыя | |
| Адукацыя | |
| Дзейнасць | палітык |
Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка (Тэрэшчанка; кастрычнік 1888, в. Замосцішча, Рослаўскі павет, Смаленская губерня — 12 сакавіка 1922) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Пскоўскую каморніцкую школу (1906), Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1912). 3 1906 года прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.
3 пачатку Першай сусветнай вайны у дзеючай арміі. У 1917 годзе старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску. З 1918 г. член Віленскай беларускай рады, адзін з арганізатараў Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Прымаў удзел у арганізацыі партыі беларускіх эсэраў на Гродзеншчыне, падтрымліваў сувязі з бальшавікамі.
У студзені — лютым 1919 г. камісар Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне. 3 лютага 1919 года прызначаны А. Луцкевічам на пасаду міністра ўнутраных спраў БНР. У гэты перыяд, з'яўляючыся адным з ключавых дзеячаў БНР на Гарадзеншчыне, К. Цярэшчанка адначасова вёў падрыўную дзейнасць на карысць бальшавікоў. Ён усталяваў кантакт з віленскім бальшавіцкім дзеячам інжынерам Клышам (пс. «Карліб») і атрымліваў інструкцыі ад А. Мяснікова, старшыні ўрада ЛітБел ССР[1]. Яго тактыка заключалася ў стварэнні Беларускіх сялянскіх рад на ўзор савецкіх, якія фармальна падпарадкоўваліся ўраду БНР, але ў крытычны момант павінны былі перайсці на бок бальшавікоў[2]. Пры гэтым польскія эмісары са «Стражы Крэсовай» адзначалі яго сярод «трох шчырых беларусаў» разам з Баляславам Квяцінскім і Казімірам Цвіркам-Гадыцкім[3]. У якасці міністра ўнутраных спраў К. Цярэшчанка прыняў рашэнне аб арышце Казіміра Цвіркі-Гадыцкага, што пазней стала адным з пунктаў унутранага канфлікту ва ўрадзе БНР[4].
Удзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Гродне, адзін з ініцыятараў склікання Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны летам 1919 г. З восені 1919 г. старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР. Яго падвойная гульня была ў выніку выкрытая, што стала адной з прычын глыбокага крызісу ва ўрадзе А. Луцкевіча і канфлікту паміж «берлінскай» і «варшаўскай» групамі дзеячоў БНР увосень 1919 года[5].
У другой палове 1920 года знаходзіўся ў Варшаве і заходніх паветах Беларусі. У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Сяргей Іосіфавіч Баран[6]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[7].
З 1921 г. у Вільні, удзельнічаў у арганізацыі Саюза сельскай гаспадаркі Віленскага краю.
У пачатку 1922 г. пераехаў у Савецкую Беларусь, працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі. Памёр пры загадкавых абставінах, паводле афіцыйных звестак — ад разрыву сэрца.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Міхалюк 2015, с. 326.
- ↑ Міхалюк 2015, с. 325, 327.
- ↑ Gierowska-Kałłaur 2013, с. 91.
- ↑ Gierowska-Kałłaur 2013, с. 92.
- ↑ Міхалюк 2015, с. 412.
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 325—326.
- ↑ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 17.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Gierowska-Kałłaur J. „Białorusini” czy „Moskale”? Ludność miejscowa Białej Rusi w świetle raportów emisariuszy Straży Kresowej Okręgu Brzesko-Grodzieńskiego // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. — 2013. — Т. XLVIII. — С. 75—93.
- Ляхоўскі У., Чарнякевіч А. Кузьма Цярэшчанка // ARCHE Пачатак. — 2011. — № 11. — С. 23—64.
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. С. Рудовіч; пер. з польскай А. Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — ISBN 978-5-00076-016-1.