Культура
Культура (ад лац. cultura — уробліванне, апрацоўка, выхаванне, шанаванне) — цэласная, сістэмна арганізаваная сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей (культурных каштоўнасцей), якія былі створаны чалавецтвам у працэсе яго гістарычнага развіцця і спрыяюць нармальнаму, шчасліваму жыццю чалавека.
Вывучэннем феномена займаецца культуралогія. Налічваецца не меней за 250[1] азначэнняў паняцця культуры. Такая шматзначнасць абумоўліваецца не толькі складанасцю з’явы, але і шматлікасцю падыходаў да яе разгляду. Апроч таго, феномен культуры спарадзіў у працэсе развіцця мноства даччыных феноменаў, азначаных такім самым тэрмінам, як заходняя культура, культура народа, нацыянальная культура, класавая культура, культура харчавання, фізічная культура, некаторыя з якіх выходзяць за рамкі прадмета культуралогіі, як, напрыклад, асабістая культура.
Галоўная рыса ўсякай культуры наогул — яе штучнасць, створанасць чалавекам, у выніку чаго культура, як такая, процістаіць дзікай прыродзе. Апроч гэтага, чалавек стварае культуру не проста як жывая, дзейная істота, а як істота мыслячая, духоўная, інфармацыйная, што надае культуры яшчэ адну важную рысу — семантыку культуры (або духоўнасць у найшырэйшым яе разуменні).
З асноўных рыс культуры вынікаюць дзве найбольш распаўсюджаныя канцэпцыі разгляду яе: дзейнасная і семіятычная (тэарэтыка-інфармацыйная). Гэтыя падыходы не выключаюць адзін аднаго, хоць нярэдка і проціпастаўляліся ў мінулым. Найважнейшай канцэпцыяй разгляду культуры лічыцца каштоўнасная (аксіялагічная) канцэпцыя, г.зн. разуменне культуры як пэўнай каштоўнасці, што дазваляе перадаваць унтурнаую структуру, будову культуры, у той час, як дзейнасная канцэпцыя акрэслівае толькі вонкавыя межы культуры.
Сярод прадстаўнікоў заходняй грамадскай думкі ХХ ст. найбольш значныя і ўплывовыя даследаванні праблем культуры зрабілі:
- Хасэ Артэга-і-Гасет
- Макс Вебер
- Карл Мангейм
- Арнольд Тойнбі
- Ёхан Хёйзінга
- Альберт Швейцэр
- Освальд Шпенглер
Зноскі
- ↑ Паводле культуролагаў Ч. Клакхана і А. Крэбера.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Крукоўскі М. І. Філасофія культуры: уводзіны ў тэарэтычную культуралогію: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 2000. — 192 с. ISBN 985-09-0363-5. С.17—19.