Культура Венесуэлы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Культура Венесуэлы мае іспанскія і індзейскія карані, з сярэдзіны XX стагоддзя назіраецца некаторы ўплыў Злучаных Штатаў. Роля афракарыбскага насельніцтва ў станаўленні нацыянальнай культуры вельмі малая.

Этнатыпам Венесуэлы лічыцца «льянера» — жыхар раўнін (Льянас), які нагадвае аргенцінскага гаўча. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца фальклор льянера, іх песні, танцы і легенды.

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Упадабаны жанр фальклору льянера — харопа, які ўяўляе сабой цэлую сюіту з танцаў, песень і інструментальных п'ес. У музычным суправаджэнні ўдзельнічаюць нацыянальныя інструменты — марака (трашчотка, зробленая з высушанага гарбуза), невялікая арфа і чатырохструнная гітара куатро. З іншых народных танцаў папулярнасцю карыстаюцца тона льянера (мелодыя раўнін); пасілья, разнавіднасць крэольскага вальса; мернгі, агульны для ўсёй антыльскай зоны жанр афраамерыканскага фальклору; і «тангіта», венесуэльскае аргенцінскае танга. Народная песня Венесуэлы прадстаўлена жанрамі коплі (куплет) і карыды, якія склаліся на аснове іспанскага раманса.

Шэраг культурных арганізацый і ўстаноў, такіх як каракаскі тэатр «Атэнеа», вядуць актыўную прапаганду нацыянальнага мастацтва і народнай музыкі. Многія творы народнага музычнага мастацтва ўключаны ў рэпертуар хору «Арфеон Ламас», на чале якога доўгі час стаяў кампазітар Вісентэ Эміліа Соха (1887-1974). Соха быў таксама дырыжорам Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Каракаса. Інстытут вывучэння фальклору ў Каракасе выконвае ролю інфармацыйнага цэнтра пры арганізацыі рэгіянальных фестываляў народнага мастацтва. Многія з гэтых фестываляў праводзяцца ў дні рэлігійных святаў.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне венесуэльскай літаратуры звязана з імёнамі Сімона Радрыгеса, Андрэса Белья і Сімона Балівара. Рамантызм у нацыянальнай літаратуры прадстаўляюць празаік Ферміна Тора (1807-1865) і паэт Хуан Антоніо Перэс Бональдэ (1846-1892). Пачынальнікам рэалізму стаў Мануэль Вісентэ Рамера Гарсія (1865-1917), аўтар рамана «Пеонія» (1890). Эстэтыку іспанаамерыканскага мадэрнізму развівалі празаікі Мануэль Дыяс Радрыгес (1868-1927) і Руфіна Бланка Фамбона (1974-1944). Да ліку вядомых пісьменнікаў адносіцца таксама Тэрэса дэ ла Пара (1891-1936), адна з самых папулярных пісьменніц Лацінскай Амерыкі. Найвялікшым венесуэльскім пісьменнікам XX стагоддзя быў экс-прэзідэнт Ромул Гальегас (1884-1969), творы якога прысвечаны ўзаемаадносінам чалавека і прыроды; яго раман «Донна Барбара» заваяваў міжнароднае прызнанне. Марыяна Пікон Салас (1901-1965), майстар мастацкай прозы, быў таксама вядомым лацінаамерыканскім сацыёлагам. З венесуэльскіх паэтаў ХХ ст. найбуйнейшым лічыцца Андрэс Элой Бланка (1897-1955). Да ліку найбольш значных сучасных празаікаў адносяцца Мігель Атэра Сільва (1908-1985), аўтар шэрагу раманаў сацыяльнай тэматыкі, а таксама выдатнага гістарычнага рамана «Лопе дэ Агіэе, Князь Свабоды» (1979); і Артура Услар П'етра (1906-2001), таксама выбітны крытык і аўтар кароткіх апавяданняў; вядомасцю карыстаецца яго гістарычны раман пра эпоху барацьбы за незалежнасць Венесуэлы «Пунсовыя дзіды» (1931).

Жывапіс і архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Венесуэла была адной з самых бедных іспанскіх калоній, таму тут няма выбітных помнікаў каланіяльнай архітэктуры. Нешматлікія прыклады пабудоў гэтага перыяду можна знайсці ў сталіцы, а таксама ў старых гарадах Мерыда і Валенсія. Найбуйнейшым венесуэльскім мастаком каланіяльнай эпохі быў Хуан Педра Лопес (1724-1787), аўтар царкоўных роспісаў. У XIX стагоддзі вылучаецца Марцін Тавар-і-Тавар (1828-1902), які адлюстраваў эпізоды Войны за незалежнасць ад Іспанскай кароны. Іншы мастак-рамантык XIX стагоддзя, Артура Мічэлена (1873-1898), пісаў буйныя творы на рэлігійныя і свецкія сюжэты. З мастакоў ХХ ст. найбольш вядомы Ціта Салас (1889-1974). Сярод больш маладога пакалення мастакоў адным з найбольш адораных лічыцца Асвальда Вігас. Папулярнасцю карыстаюцца скульптары Алехандра Коліна і Франсіска Нарваэс. Цэнтрам выяўленчага мастацтва Венесуэлы з'яўляецца Музей вытанчаных мастацтваў у Каракасе. З пачаткам нафтавага буму з'явілася мноства тварэнняў сучасных архітэктараў. Гэта новая крыніца багацця стымулявала бурнае будаўніцтва, асабліва ў Каракасе.

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

Ляпёшкі арэпа на патэльні

Венесуэльская нацыянальная кухня адносіцца да ліку найбольш разнастайных у рэгіёне. У стравах венесуэльскага стала можна ўгледзець працяглую гісторыю кантактавання розных народаў (еўрапейцаў, афрыканцаў, індзейцаў), а яшчэ — кліматычныя кантрасты розных куткоў краіны. І хоць у кожным штаце сваё "меню", асноўныя інгрыдыенты паўсюль адны і тыя ж: кукуруза, рыс, бананы, ямс, фасоля і розныя гатункі мяса; дадаткам служаць памідоры, цыбуля, баклажаны, кабачкі і інш. Некалькі найбольш папулярных страваў:

  • Арэпа — ляпёшкі з кукурузнай мукі.
  • Халака — мясное асарці з аліўкамі ды разынкамі, загорнутае ў бананавыя лісты. Перавязаная стужкамі халака даводзіцца на пары або ў вары. Традыцыйная страва на Раство.
  • Пабелон крэола (Pabellón criollo) — рагу з рысу са здробненай ялавічынай ды тушанай чорнай фасоляй.