Культура шнуравой керамікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Посуд культуры шнуравой керамікі ў экспазіцыі, Польшча

Культуры шнуравой керамікі — археалагічныя культуры плямён, якія ў 2-й пал. III тыс. да н.э. — 1-й пал. III тыс. да н.э. насялялі тэрыторыю ад Волгі да Ніжняга Рэйна, ад Паўднёвай Скандынавіі да вярхоўяў Эльбы і Днястра, у т.л. Сярэдняе Падняпроўе.

Тэрытарыяльны ахоп[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі вылучаюць помнікі сярэднедняпроўскай культуры (Верхняе Падняпроўе, Усходняе Палессе), культуры шнуравой керамікі Палесся (Заходняе Палессе), вісла-нёманскай культуры (Панямонне), паўночнабеларускай культуры (паўночныя раёны).

Генетычная блізкасць культур дазваляе шукаць іх вытокі ў лесастэпавай зоне Правабярэжнай Украіны, паміж Дняпром і Віслай, Віслай і Рэйнам, на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Еўропы.

Арэал распаўсюджання амаль поўнасцю супадае з межамі рассялення ў больш позні час балтаў, германцаў, славян. Мяркуюць, што культуры шнуравой керамікі адыгралі важную ролю ў фарміраванні праславянскай, прабалцкай і прагерманскай культур.

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Уяўляюць сабой культурна-гістарычную агульнасць керамікі — кубкаў, лодкападобных і баявых сякер, адзіночных пахаванняў і інш. Назву атрымалі ад характэрнага арнаменту ў выглядзе адбіткаў шнура на гліняным посудзе. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на невялікіх паселішчах па берагах рэк і азёр. Прамавугольныя жытлы мелі слупавую канструкцыю, існавалі наземныя ці крыху заглыбленыя, былі, відаць, і наземныя зрубныя пабудовы.

Пахавальны абрад — трупапалажэнне на курганных і бескурганных могільніках.

Іх кераміка прадстаўлена глінянымі пасудзінамі з высокімі цыліндрычнымі шыйкамі, 5-падобным профілем, шарападобнымі амфарамі з кароткай шыйкай і 2 ручкамі-вушкамі (цюрынгскі тып).

Посуд арнаментаваны адбіткамі шнура, наразнымі лініямі. Сярод прылад працы каменныя сякеры, крамянёвыя сякеры-кліны, наканечнікі стрэл, коп’яў, серпападобныя нажы, медныя і бронзавыя вырабы. Радзей трапляюцца касцяныя прылады і ўпрыгожанні.

Духоўная культура[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі культуры шнуравой керамікі былі вандроўнікамі, таму для іх былі ўласцівыя культы неба і нябесных целаў (Сонца, Месяц, Ранішняя зорка), а таксама нябеснага Бога грымотаў. Яны прынеслі звычай ахвяроўваць апрацаваныя крамянёвыя сякеркі, чатырохвугольныя ў папярочным сячэнні, у рэкі, азёры, балоты. Гэты звычай быў пераняты і мясцовымі жыхарамі, на землі якіх яны прыйшлі. Мяркуецца, што гэта было звязана з абрадамі абуджэння вегетатыўных сілаў зямлі ў аграрным гаспадаранні.[1]

м
Галоўка змяі са стаянкі Асавец

У сваю чаргу, на землях, куды «шнуравікі» прыйшлі, былі іншыя, «хтанічныя» рэлігійныя веранні, звязаныя найперш з таямніцай пераўвасаблення людзей і іншых жывых істотаў. Цэнтральным вобразам была змяя (вуж), гэта быў сімвал узнікнення і ўзнаўлення жыцця. Змяю выяўлялі, напрыклад, на навершах стрэл, гэта, як мяркуецца, гаворыць пра разуменне таго, што пасля смерці будзе ўзнаўленне (перараджэнне) жыцця. Іншым важным вобразам былі продкі, пра гэта кажа наяўнасць амулетаў у выглядзе чалавечых твараў або цэлых фігурак, якія клалі ў магілу, як мяркуецца, дзеля паспяховага наступнага пераўвасаблення або адраджэння. У магілах таксама знаходзяць драўляныя мадэлі чаўноў, якія павінны былі значыць пераход з аднаго стану (жыццё) у іншы, а таксама выявы рыбаў.

«Шнуравікі» таксама верылі ў адраджэнне жыцця, пра гэта кажа тое, што хавалі найчасцей у «позе эмбрыёна» на баку (мужчын на правы бок, жанчын — на левы бок), і гэта было агульным уяўленнем з насельніцтвам, на землі якіх яны прыйшлі, толькі выяўленае рознымі сродкамі.

"Сонечныя дыскі" культуры шнуравой керамікі
«Сонечныя дыскі» культуры шнуравой керамікі

Адрозніваліся рэлігійна-абрадавыя вырабы, якія першыя і другія выраблялі з бурштыну. Сярод «штрыхавікоў» вядомыя бурштыновыя дыскі з крыжападобным аздабленнем, якія несумненна выяўляюць нябесныя целы. Мясцовыя жыхары з бурштыну выраблялі твары ці постаці продкаў.[2]

Крытыка тэорыі позняй індаеўрапеізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта з прыходам прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі ў познім неаліце (III тыс. да н.э.) найчасцей звязваюць «індаеўрапеізацыю» Еўропы, у тым ліку яе ўсходу. Менавіта «шнуравікі», як мяркуецца, прынеслі індаеўрапейскую мову, выціснуўшы або асіміляваўшы мясцовых жыхароў, якіх, адпаведна, называюць «даіндаеўрапейскім», або «стараеўрапейскім» насельніцтвам і мова якіх лічыцца зніклай.

Але гэтая тэорыя натыкаецца на адсутнасць дастаткова масавых археалагічных пацверджанняў. Масава не фіксуецца паселішчаў, пахаванняў і слядоў інвентара, якія б засталіся ад гэтай археалагічнай культуры.

Канструкцыі жытлаў мелі быць лёгкімі і пераноснымі, асобныя пахаванні сустракаюцца ўздоўж шляхоў іх перасоўвання (па рэках і праточных азёрах), паселішчы былі невялікія і кароткачасовыя. Паасобныя больш-менш развітыя паселішчы знаходзяцца толькі ў месцах, дзе здабывалі каштоўную на той час сыравіну, крэмень добрай якасці (у верхнім і сярэднім цячэнні Нёмана) ды бурштын (на Балтыйскім узбярэжжы)[3].

Сама магчымасць пранікнення «шнуравікоў» у лясную зону поўначы Еўропы была абумоўленая кліматычнымі зменамі (стэпы і лесастэпы пасунуліся на поўнач у выніку пацяплення). Дэмаграфічны рэсурс для гэтага з’явіўся ў выніку росту папуляцыі, калі пачалі прымяняць новыя гаспадарчыя тэхналогіі, выкарыстоўваць ездавых жывёл і металічныя вырабы. Менавіта «шнуравікі» прынеслі ў лясную зону тэхналогію апрацоўкі металу, таксама яны паскорылі тут развіццё жывёлагадоўлі.

Знікненне слядоў гэтай культуры ва Усходняй Еўропе таксама звязваецца з эканамічна-гаспадарчымі прычынамі: у выніку змены ўзроўню вады і марскіх цячэнняў зменшала колькасць сыравіны бурштыну. Апрача таго, функцыі транзіту сыравіны перанялі іншыя культуры, што паўсталі ў Сярэдняй Еўропе[4].

Але галоўнае — згодна з гэтай тэорыяй, «шнуравікі» не былі тымі, хто прынёс індаеўрапейскія гаворкі на поўнач і ўсход Еўропы. На землях, куды з поўдня прыйшлі «шнуравікі», ужо размаўлялі да таго часу на індаеўрапейскіх гаворках. Іх носьбіты сюды прыйшлі за дзесяць тысячагоддзяў (у XIII тыс. да н.э.) да прыходу прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі з паўднёваеўрапейскіх «рэфугіумаў». Там, у цяплейшых умовах на Балканах і на Іберыйскім паўвостраве, яны хаваліся ад насоўвання ледавіка, а асвойваць больш паўночныя землі, якія іх продкі пакінулі з-за наступу ледавіка, выправіліся, калі 18 тыс. гадоў таму ледавік пачаў таяць, следам за маршрутамі міграцыі паўночных аленяў.[5]

Індаеўрапейская гаворка была ўласцівая і «шнуравікам», таму іх называюць «паўднёвымі індаеўрапейцамі», а мясцовае насельніцтва, на тэрыторыі якіх яны прыйшлі, — «паўночнымі індаеўрапейцамі».

Зноскі

  1. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 213—214.
  2. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 160—165.
  3. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 177.
  4. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 179.
  5. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 190—192.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]