Кумаоні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кумаоні
(कुमाँऊनी')
Child in Uttarakhand District, India (3386099895).jpg
Агульная колькасць 3217000
Рэгіёны пражывання Кумаон
Мова кумаоні
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы хіндустанцы, гархвалі

Кумао́ні (дэванагары: कुमाँऊनी) — індаарыйскі народ, асноўнае насельніцтва рэгіёна Кумаон у Гімалаях. Агульная колькасць - 3 217 000 (2018 г.).

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перасяленне індаарыйскіх груп у рэгіён Кумаон пачалося не пазней за сярэдзіну 1 тысячагоддзя да н.э. і працягвалася доўгі перыяд. Сучасныя генетычныя даследаванні паказваюць, што асноўная маса перасяленцаў паходзіла з тэрыторыі Хімачал-Прадэш[1]. Разам з гэтым існуюць групы іншага паходжання, якія адносяцца да варны брахманаў або раджпутаў. Дзякуючы асаблівасцям геаграфіі горнай краіны і каставай сістэме нашчадкі перасяленцаў да нашых дзён захоўваюць істотныя лакальныя адрозненні ў культуры і самаўсведамленні.

У II ст. да н. э. у Кумаоне склалася дзяржава Кунінда[2]. Яе жыхары займаліся пераважна жывёлагадоўляй[3]. У сярэднявеччы дынастыя Чанд з тэрыторыі сучаснага Гуджарата стварыла дзяржаву Кумаон. У перыяд кіравання Чандаў галоўнай рэлігіяй стаў індуізм. Традыцыйна індуістскія роды кантралявалі пэўныя даліны, для абароны якіх узводзілі крэпасці[4]. Яднанне кумаонскіх родаў вакол манарха адбылося ў XVII ст. з-за пагрозы з боку Вялікіх Маголаў, што спавядалі іслам. У XVIII ст. гуркхі разбурылі дзяржаву Кумаон. У пачатку XIX ст. рэгіён быў далучаны да Брытанскай Індыі, у 1947 г. — да незалежнай Індыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Палеткі на штучных тэрасах

Традыцыйнымі заняткамі кумаоні здаўна былі жывёлагадоўля і земляробства. Жывёлагадоўля мела пераважна адгонны характар і характарызавалася сталымі перамяшчэннямі пастухоў разам са статкамі кароў, коз, авечак. Земляробы жылі вакол далін, аднак іх занятак залежыў ад сумеснай працы па тэрасаванню схілаў гор. Яны сумесна кантралявалі крыніцы вады[5]. Вырошчвалі рыс, пшаніцу, ячмень, садавіну і гародніну. У нашы дні пашыраны такія культуры, як бульба, кукуруза, вінаград, тытунь, груша. З XIX ст. распаўсюджана адыходніцтва.

Рамесніцкая дзейнасць адлучылася ад сельскай гаспадаркі ўжо ў ранняе сярэднявечча. Кумаоні асабліва вядомы сваімі будаўнікамі. Яны распрацавалі храмавы стыль хімадры[6]. Ткацтва і прадзенне доўгі час лічыліся дадатковым заняткам сельскіх жыхароў, аднак у нашы дні адыгрываюць істотную камерцыйную ролю.

Ужо ў перыяд дзяржавы Кунінда былі вядомы розныя тыпы паселішчаў, у тым ліку гарады, вёскі і часовыя станы[7]. Традыцыйныя горныя хаціны ўяўлялі двухпавярховую каркасную канструкцыю з дрэва, сцены якой ўмацоўваліся камянямі[8]. Першы паверх выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб, тут трымалі хатнюю жывёлу. Другі паверх выкарыстоўваўся для жыллёвых патрэб.

Кумаон здаўна славіўся ваўнянымі тканінамі. Аснову народнай жаночай вопраткі складае кашуля. Падчас вяселля апранаецца піхора — накідка з каптуром, упрыгожаная геаметрычным арнаментам. Мужчыны носяць кашулю, штаны, цюрбан[9]. Для народнай жаночай і мужчынскай вопраткі Кумаона характэрна наяўнасць шматлікіх ювелірных упрыгожванняў.

Народная кухня кумаоні адметна выкарыстаннем дзікіх раслін, перавагай рысу і бабовых, вялікай колькасцю салодкіх страў і напояў[10]. Малочныя стравы звычайна спалучаюцца з гароднінай. Вельмі папулярны сок рададэндрана.

Асновай традыцыйнага грамадства з'яўляюцца вялікія пашыраныя сем'і з сацыяльнай перавагай старых мужчын. Яны аб'ядноўваюцца ў тэрытарыяльныя абшчыны і роды, якія раней кантралявалі ўласнасць на зямлю і крыніцы вады, арганізоўвалі суд, абарону і сумесную працу. Узаемаадносіны паміж родамі мелі вельмі складаны характар, паколькі на іх уздзейнічала каставая сістэма. Часцяком пэўная тэрыторыя трапляла пад кантроль аднаго рода, астатнія аказваліся ў падпарадкаваным стане. Некаторыя роды вялі ізаляваны лад жыцця, каб захаваць сваю недатыкальнасць у адносінах да родаў з ніжэйшых каст. Шлюбы рэгуляваліся старэйшымі чальцамі грамадства, заключаліся з мэтай наяўнасці палітычнага і эканамічнага саюза адпаведна касце. Былі шырока распаўсюджаны дзіцячыя шлюбы, паліандрыя і палігінія. Сучасныя міграцыйныя працэсы і прыватная ўласнасць на зямлю садзейнічаюць разбурэнню родава-каставай сістэмы, але пашыраныя сем'і захоўваюць сваю важнасць.

Фальклор развіваўся пад моцным уплывам індуізму. Ужо ў сярэднявеччы з'явіліся прафесійныя запісы міфаў, генеалагічных паданняў, песень і рэлігійных гімнаў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова кумаоні адносіцца да індаеўрапейскай сям'і моў[11]. Уключае 4 буйныя дыялекты і каля 15 гаворак. Пісьмовасць на аснове дэванагары.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У розныя гістарычныя перыяды былі распаўсюджаны ведычная рэлігія, будызм, але ў часы сярэднявечча распаўсюдзіўся індуізм з шанаваннем Вішну. У Кумаоне зннаходзіцца некалькі важных індуісцкіх цэнтраў. Разам з гэтым, захаваліся шанаванне мясцовых багоў Кшэтрапалы — заступніка палеткаў і межаў, Чау́му — заступніка кароў, Гахагаркі — рэінкарнацыі Ганешы і інш.[12] Кумаоні шануюць змеяў, вераць у магію і прадказанні.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі