Перайсці да зместу

Купалаўцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Купалаўцы», таксама «Свабодныя Купалаўцы» або «Вольныя Купалаўцы» — незалежнае аб’яднанне беларускіх акцёраў, рэжысёраў і супрацоўнікаў тэатра, створанае ў жніўні 2020 года пасля масавага зыходу калектыву з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (Купалаўскага тэатра) у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту над пратэстоўцамі[1][2].

У ліпені 2020 года Купалаўскі тэатр закрыў 100-ы сезон[1]. 13 жніўня 2020 года калектыў тэатра падтрымаў мірныя пратэсты і асудзіў масавы гвалт над пратэстоўцамі, абвясціў забастоўку, 17 жніўня 2020 года над будынкам тэатра ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг, тым самым днём звольнілі дырэктара Паўла Латушку[1]. 26 жніўня 2020 года ў знак салідарнасці з дырэктарам з тэатра звольніліся больш за 60 супрацоўнікаў, у тым ліку амаль усе акцёры і мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін[1][3]. Такім чынам пачалася гісторыя незалежнай трупы[1].

Арганізацыяй дзейнасці займалася менеджарка Вольга Кулікоўская, рэгістравала юрыдычную асобу, шукала фінансаванне (спонсараў, данаты, гранты), каардынавала працу на новых пляцоўках (у прыватнасці ў культурным хабе «ОК16»), арганізоўвала функцыянаванне трупы на прынцыпах праектнага менеджменту[2]. Акцёр і рэжысёр Раман Падаляка быў нефармальным творчым лідарам «Купалаўцаў», на яго прыпала асноўная рэжысёрская праца ў незалежным калектыве[4][5]. Ідэя стварэння YouTube-канала належыць акцёру Міхаілу Зую[2].

Цягам сезона 2020/2021 трупа свядома адмаўлялася ад замежных гастроляў, каб не ствараць уражання ад’езду калектыву і не дэматываваць беларусаў, якія засталіся ў краіне[6].

Першая пастаноўка «Купалаўцаў» у новым статусе — відэаверсія спектакля «Тутэйшыя» — рыхтавалася ў жніўні-верасні 2020 года ва ўмовах сакрэтнасці, акцёры адключалі геалакацыю на тэлефонах, каб унікнуць адсочвання і пераследу[2]. Адзіны жывы паказ у Мінску прайшоў у культурным хабе «ОК16» на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, а анлайн-прэм’ера на YouTube сабрала больш за 300 000 праглядаў[2]. Пасля прэм’еры акцёры і нешматлікія супрацоўнікі дапазна прыбіралі дэкарацыі, крэслы і асвятляльную тэхніку і іншыя сляды дзейнасці, таму праверка інспекцыі МНС а 08:00 наступнай раніцы не знайшла доказаў, што вечарам у «ОК16» адбывалася мерапрыемства[2].

У чэрвені 2021 года на адной з мінскіх пляцовак сілавікі сарвалі паказ відэазапісу спектакля «Белы трус, чырвоны трус». Падчас інцыдэнту былі затрыманы гледачы і запрошаная актрыса, экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая. Гэты выпадак паказаў небяспеку афлайн-дзейнасці трупы ў Беларусі без афіцыйных гастрольных пасведчанняў.[6]

Пасля 2021 года трупа працуе за межамі Беларусі. Да лютага 2022 года была створана арганізацыя ва Украіне, сабрана фінансаванне і запланаваны маштабныя праекты на 2022—2023 гады[2], планавалася атрыманне ўласнай стацыянарнай пляцоўкі ў Доме афіцэраў у Львове (зала на 300 месцаў), але пачаць працу перашкодзіла вайна[6]. На час расійскага ўварвання 24 лютага 2022 года частка трупы была ў Любліне, працавала над новым спектаклем, астатнія былі на фестывалі ў Германіі[2]. Рахункі беларускай арганізацыі ва Украіне заблакавалі[2]. Праз немагчымасць працягваць працу ва Украіне і адмовы некаторых еўрапейскіх партнёраў, «Купалаўцы» вымушана пачалі ўсё з нуля ў Польшчы[2]. Калектыў сутыкнуўся з праблемамі праз міжнародныя санкцыі да беларусаў[2]. Аднак менавіта ў Польшчы (Варшаве, Любліне, Беластоку) пры падтрымцы мясцовых тэатральных інстытутаў трупа выпусціла спектаклі «Дзяды», «Гусі-людзі-лебедзі» і «Рамантычнасць»[2]. 29 верасня 2022 года калектыў упершыню за год выступіў на сцэне перад жывымі гледачамі[3].

У лютым 2024 года YouTube-канал і сацыяльныя сеткі трупы былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», што вымусіла калектыў выдаліць большасць архіўных відэа і стварыць новыя старонкі. Тады ж Расія па запыце Беларусі аб’явіла ў міжнародны вышук Зою Белахвосцік, Аляксандра і Валянціну Гарцуевых, Крысціну Дробыш. У маі 2024 года ў Беларусі быў затрыманы акцёр Дзмітрый Есяневіч, які пасля адміністрацыйнага арышту эміграваў у жніўні 2024 года. У канцы 2024 года групу «Купалаўцы» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».[6]

Акцёры (сярод якіх Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Казела) адзначаюць, што работа без звычайнай для беларускага дзяржаўнага тэатра цэнзуры дазволіла ім эксперыментаваць з формамі, якія раней былі немагчымы[7][2].

«Купалаўцы» супрацоўнічаюць з Тэатрам Юліуша Астэрвы ў Любліне, Тэатрам Польскім у Варшаве, Тэатральным інстытутам імя Збігнева Рашэўскага і іншымі еўрапейскімі пляцоўкамі[3][8][2].

Творчасць і рэпертуар

[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку 2023 года «Купалаўцы» стварылі 14 праектаў, якія спалучаюць класічныя пастаноўкі, музычныя перформансы і сучасную драматургію[8], большасць з іх было паказана ўжывую толькі адзін-два разы. Станам на 2025 год калектыў працуе без знешняга фінансавання, забяспечвае дзейнасць выключна з продажу квіткоў, а акцёры часта сумяшчаюць тэатр з іншай працай (напрыклад, Ігар Сігаў працуе таксістам)[6].

Музычныя праекты
  • Трэк «ZLO» з гуртам Intelligency (2020)[2]
  • Праект «Я гавару» на вершы сучасных паэтаў (2021)[2]. Аўтары музыкі: Андрэй Дробыш, Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Аляксандр Зелянко[6].
  • «Zaproszenie do piekła» — 13 песень польскага паэта і спевака Яцака Качмарскага ў сучаснай музычнай інтэрпрэтацыі.[8]
Асноўныя пастаноўкі
  • «Тутэйшыя» (рэжысёр Мікалай Пінігін, 2020) — праграмны спектакль-маніфест[2].
  • «Войцэк» (таксама «Войцэк. Сцэны»[6]) — анлайн-праект, паводле класічнай п’есы нямецкага драматурга Георга Бюхнера[1].
  • «Страх» — анлайн-праект, паводле твора Бертальда Брэхта[1], узор тэлевізійнага спектакля[6].
  • «Гардэнія» — анлайн-праект на грунце сучаснай еўрапейскай драматургіі[1].
  • «Экстрэмісты» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў[6])[8] — паводле п’есы Юліі Цімафеевай пра гісторыю музыкаў гурта Irdorath[6].
  • «Паўлінка» — спроба аднаўлення знакавай пастаноўкі са старога рэпертуару[6].
  • «Я» (да 2020 года ішоў пад назвай «Першы») — спроба аднаўлення пастаноўкі са старога рэпертуару[6].
  • «Белы трус, чырвоны трус» (чэрвень 2021) — паказ відэазапісу спектакля, сарваны сілавікамі[6].
  • «Радзіва Прудок» (рэжысёр Раман Падаляка, YouTube-прэм’ера ў снежні 2021) — паводле Андрэя Горвата[5]. Адзіная пастаноўка старога рэпертуару, якую рэгулярна паказваюць у эміграцыі[6].
  • «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі»[6].
  • «Дзяды» (рэжысёр Павел Пасіні, люты 2022) — спектакль, выпушчаны ў Любліне адразу пасля пачатку вайны[2].
  • «Гусі-людзі-лебедзі» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, чэрвень 2022) — антыўтопія паводле рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча[2][5].
  • «Плошча Перамогі» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) — паводле аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча[8].
  • «Рамантычнасць» (рэжысёр Мікалай Пінігін) — пастаноўка ў Тэатры Польскім у Варшаве[2]. Спектакль на аснове зборніка Адама Міцкевіча[6].
  • «37-22» (рэжысёр Андрэй Саўчанка) — паэтычны спектакль разам з фондам «Tutaka»[2].
  • «Moj Hleb» (монаспектакль Зоі Белахвосцік) — тур па гарадах Польшчы (Кракаў, Уроцлаў, Варшава, Сопат) у кастрычніку 2023 года, перафарматаванне праграмы да 60-годззя актрысы, створанай да юбілею ў 2019 годзе[7]. Гісторыя тэатральнай дынастыі на фоне Купалаўскага тэатра[6].
  • «Камедыя Юдзіфі» (рэжысёр Павел Пасіні) — эксперыментальная YouTube-прэм’ера 20 студзеня 2024 года[3].
  • «Сфагнум» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) — бандыцкая камедыя паводле рамана Віктара Марціновіча[6].
  • «Зэкамерон» (рэжысёр Войцех Урбанскі[6], май 2024) — спектакль паводле твораў палітвязня Максіма Знака[8].
  • «Шэпт» (рэжысёр Раман Падаляка, чэрвень 2024) — паводле твора Сяргей Лескеця, дакументальнае падарожжа праз свет беларускіх замоў[5].
  • «Валізка» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, прэм’ера ў Варшаве 24-26 чэрвеня 2025) — паводле Малгажаты Сікорскай-Мішчук, прысвечаная тэме адзіноты і пошуку сябе[9].
  • «Ваўкі» (рэжысёр Павел Пасіні, 2025) — паводле аповесці Евы Вежнавец[6].
  • «Па што ідзеш, воўча?» (рэжысёр Моніка Дабраўлянская) — інтэрпрэтацыя твора Евы Вежнавец[6].
  • Монаспектакль Аляксандра Казелы (рэжысёр Павел Пасіні, 2025)[6].

Мастацкія кіраўнікі і рэжысёры — Мікалай Пінігін, Аляксандр Гарцуеў, Раман Падаляка.

Трупа працуе як адкрытая сістэма, апроч Зоі Белахвосцік, Аляксандра Гарцуева, Валянціны Гарцуевай, Рамана Падалякі, Аляксандра Казелы, удзельнічаюць Андрэй Дробыш, Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Мікалай Стонька[6] і іншыя, таксама да праектаў далучаюцца акцёры, якія раней не працавалі ў незалежным статусе[2][8].

У 2024 годзе калектыў пакінулі менеджарка Вольга Кулікоўская (заснавала прадзюсарскую ініцыятыву INEX KULT) і актрыса Крысціна Дробыш[6]. Летам 2024 года памёр акцёр старэйшага пакалення Георгій Маляўскі[6].

  1. а б в г д е ё ж Што з Купалаўскім тэатрам і акторамі, якія з яго сышлі? (руск.). dw.com. Праверана 27 студзеня 2026.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х “Купалаўцы”: останавливаться нельзя (руск.). Арт.Контекст. Праверана 27 студзеня 2026.
  3. а б в г Свабода, Радыё. «Купалаўцы» анансавалі новы экспэрымэнтальны спэктакль. Прэм’ера на Youtube — сёньня, 20 студзеня . Радыё Свабода (20 студзеня 2024). Праверана 27 студзеня 2026.
  4. Еўрарадыё. Чым займаецца незалежная трупа “Купалаўцы” і дзе іх шукаць? | Чем занимается труппа "Купаловцы"? (2 сакавіка 2021). Праверана 27 студзеня 2026.
  5. а б в г 7 беларусаў, якія робяць сусветны тэатр — Sojka (англ.). sojka.io. Праверана 27 студзеня 2026.
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш Марціновіч, Дзяніс. Ад Купалаўскага да «Купалаўцаў»: шлях вольнай трупы даўжынёй у шэсць сезонаў. Reform.news (31 студзеня 2026).
  7. а б Зоя Белахвосцік: Тым, хто застаўся ў Беларусі, складаней (руск.). dw.com. Праверана 27 студзеня 2026.
  8. а б в г д е ё Вольныя Купалаўцы. www.belaruski.art. Праверана 27 студзеня 2026.
  9. Ina. “Вольныя Купалаўцы” пакажуць у Варшаве апошнюю прэм’ера ў гэтым сезоне . Рацыя (24 чэрвеня 2025). Праверана 27 студзеня 2026.