Курганная гіпотэза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Агляд курганнай гіпотэзы

Курга́нная гіпотэза прарадзімы індаеўрапейцаў ў стэпах на поўнач ад Чорнага мора была прапанавана ў 1956 г. даследчыцай літоўскага паходжання Марыяй Гінбутас на аснове сінтэзу тагачасных археалагічных і лінгвістычных дадзеных. У нашы дні шырока распаўсюджана ў археалогіі, этналогіі, мовазнаўстве.

Версія М. Гімбутас[правіць | правіць зыходнік]

У 1956 г. Марыя Гімбутас увяла ва ўжытак паняцце «курганная культура», якое павінна была аб'яднаць некалькі археалагічных культур меднагабронзавага вякоў[1]. Яна, згодна ўяўленням даследчыцы, паходзіла з Паволжа (пазней у гэтым рэгіёне савецкімі археолагамі была вылучана Хвалынская культура) і ў першай палове 4 тысячагоддзя да н. э. ахоплівала стэпавы рэгіён паміж Дняпром і Волгай (фаза Курган I). Яе адрозненнем было прыручэнне коняў і развіццё конегадоўлі.

Да канца 4 тысячагоддзя да н. э. (фазы Курган II і Курган III) знутры яе з'явіліся рэгіянальныя адрозненні (Сярэднястогаўская культура, Майкопская культура). Фарміруюцца індаеўрапейскія мовы, адбываецца пранікненне носьбітаў курганнай культуры на паўднёвы ўсход і цэнтр Еўропы, дзе ў выніку паўсталі культуры змяшанага тыпу накшталт культуры шнуравай керамікі і культуры шарападобных амфар.

Фаза Курган IV супадае з існаваннем Ямнай культуры. Для яе характэрна распаўсюджанне індаеўрапейцаў далёка на ўсход (Афанасьеўская культура), экспансія ў Паўднёвую і Заходнюю Еўропу. У працах 19741991 гг. М. Гімбутас сцвярджала, што пашырэнне індаеўрапейцаў у межы Старой Еўропы было ваяўнічым і прывяло да руйнавання амаль ідэалістычнага матрыярхальнага «гінацэнтрычнага» грамадства.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Курганная гіпотэза Марыі Гімбутас была станоўча прынята большасцю археолагаў і мовазнаўцаў, але гэта тычылася пераважна месца ўзнікнення і першаснага распаўсюджання індаеўрапейскіх моў і індаеўрапейскай культуры. Крытыка археолагаў канцэнтравалася вакол самой канцэпцыі курганнай культуры. Так, Леў Клейн заўважаў, што «Гімбутас намяшала ў сваю зыходную «курганную культуру» каля тузіна культур Расіі і Украіны... толькі на той падставе, што ўсе яны хавалі памерлых пад курганам»[2]. Другой прычынай для крытыкі стала храналогія і геаграфія міграцыйных хваль ранніх індаеўрапейцаў, вызначаная Марыяй Гімбутас. Спробы іх перагляду прадпрымаліся з 1980-х гг., у тым ліку пад ціскам альтэрнатыўных гіпотэз індаеўрапейскай прарадзімы.

У 2007 г. амерыканскі антраполаг Дэвід Энтані ўлічыў папярэднюю крытыку і выступіў з рэвізіяй курганнай гіпотэзы[3]. Ён адмовіўся ад канцэпцыі курганнай культуры, вылучыў са складу протаіндаеўрапейскіх Майкопскую культуру і сканцэнтраваўся на разглядзе Ямнай культуры як пачатку індаеўрапейскага свету. У 2010 г. яго праца была ўзнагароджана прэміяй Амерыканскай археалагічнай асацыяцыі.

Найбольш папулярнай сярод даследчыкаў альтэрнатывай курганнай гіпотэзы стала анаталійская гіпотэза. Яе прыхільнікі лічаць індаеўрапейскія мовы болей старажытнымі, чым было прынята лічыць у часы Марыі Гімбутас. Згодна іх меркаванням, прарадзімай індаеўрапейцаў была Малая Азія або нават суседні Балканскі паўвостраў. Адзін з іх, беларускі археолаг Эдуард Загарульскі часткова прыняў версію Марыі Гімбутас пра прычарнаморскі стэп як месца, адкуль пачалося рассяленне індаеўрапейцаў у іншыя рэгіёны Еўропы. У адрозненні ад Дэвіда Энтані, ён не выключыў Майкопскую культуру са складу протаіндаеўрапейскіх, а, наадварот, сцвердзіў яе першынство ў дачыненні да болей паўночных стэпавых і адначасова падкрэсліў яе другаснасць у дачыненні да культур Пярэдняй Азіі. «Яе пачатак, — піша ён, — вядзе ў болей паўднёвыя раёны — Закаўказзе і Малую Азію»[4].

З канца XX ст. былі арганізаваны археагенетычныя даследаванні, якія ў асноўным падцвердзілі меркаванні Марыі Гімбутас пра зыходны пункт нараджэння протаіндаеўрапейскіх культур у Паволжы, яе лакалізацыю ранніх індаеўрапейцаў і абставіны іх рассялення ў Еўропе[5].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]