Курган (паэма)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Курган
Выданне
Каляровы лінарыт М. Басалыгі да паэмы Янкі Купалы «Курган» (1980)
Жанр балада
Аўтар Я. Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1910
Дата першай публікацыі 21 чэрвеня 1912
Выдавецтва Наша Ніва
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Курган — паэма-балада Я. Купалы, якая лічыцца адным з лепшых героіка-рамантычных твораў Купалы і шэдэўрам беларускай літаратуры[1][2]. У дарэвалюцыйны час друкавалася з аўтарскім прысвячэннем «Памяці С. Палуяна».

Арыгінал паэмы захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане[1][3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Паэма была завершана класікам 23 мая 1910 года ў Пецярбургу і ўпершыню апублікавана ў газеце «Наша ніва» 21 чэрвеня 1912 года[1].

Гэтай паэмай адкрываецца шэраг фальклорна-рамантычных паэм у творчасці Я. Купалы дакастрычніцкага часу. У лісце да Л. Клейнбарта 11 студзеня 1929 года аўтар аднёс паэму да твораў, спароджаных выключна фантазіяй. Паэма красамоўна сведчыць пра арганічную нацыянальна-фальклорную сутнасць купалаўскага мастацкага бачання свету, скандэнсаванасць народнасці яго мастацкага мыслення і рамантычнага стылю. Гэта класічны ўзор героіка-рамантычнай паэмы[3].

Паэма прысвечана лёсу мастака ў грамадстве. На вяселле дачкі князь кліча мясцовага Гусляра і патрабуе ад яго песень у сваю хвалу і на пацеху вяльможным гасцям. Ён папярэджвае музыку, што пакарае смерцю, калі той не выканае загад. Але замест пахвалы князю з вуснаў Гусляра гучыць суровая праўда пра бязлітаснасць і чужасць князя народу, цяжкі паднявольны лёс падданых князя. За непакору і непаслухмянасць князь загадвае закапаць Гусляра жывым разам з гуслямі. Гусляр гіне, але памяць аб ім у народзе вечная, як той курган, што як сімвал народнай памяці ўзнёсся над магілай народнага заступніка[3].

Ідэя паэмы празрыстая: народнай памяці варты толькі той мастак, які аддае справе народа і свае песні, і сваё жыццё; сапраўднае мастацтва толькі тое, што служыць народу; у службе народнай праўдзе — веліч і прызванне мастака. Па сваім гучанні паэма паліфанічная. Мастацкая форма паэмы выключная па сваёй прыгажосці і ўздзеянні на чытача сваёй надзвычайнай эмацыйнай сілай, яркай палітрай метафар, эпітэтаў, гіпербал, выключна зграбнай кампазіцыяй — як агульнай, страфічнай, так і звязанай з падачай дзеяння ў яго развіцці[3].

У паэме 12 раздзелаў, кожны з якіх складаецца з 4 катрэнаў. Змена, рухомасць гучання строфаў суадносяцца з разгортваннем сюжэту. Экспазіцыйны 1 раздзел — частка твору шырокага эпічнага размаху. Пачатак сюжэтнага апавядання ў паэме як бы прыспешаны, але завязка дзеяння ў цэлым непаспешлівая, з падрабязным раскрыццём абставін дзеяння — апісаннем княжацкага замку, «бяседы вялікай у князя» (2 і 3 раздзелы) і з падрабязнай характарыстыкай Гусляра (4 і 5 раздзелы). У цэнтральных, самых драматычна-напружаных раздзелах (6—10) ідзе дыялог князя і Гусляра. Словы Гусляра вытрыманы на самай высокай ноце. У кульмінацыйным 10 раздзеле «Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч». У 11 раздзеле наступае развязка канфлікту. Заключны раздзел як бы вяртае чытача да першага раздзелу і так узнікае адзінага тону эмацыянальная рамка сюжэтнага дзеяння[3].

«Курган» — шэдэўр не толькі Я. Купалы, але і ўсёй новай беларускай літаратуры. Уздзеянне паэмы на беларускую літаратуру пачалося адразу ж пасля яе з'яўлення. Асабліва яно прыкметнае у зборніку К. Буйло «Курганная кветка» (1914), а таксама на «Абразках» З. Бядулі (1913), на першай рэдакцыі паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка» (1918) і інш[3].

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Паэма перакладалася на шматлікія замежныя мовы, у т.л. на азербайджанскую — Г. Беюкага, на англійскую — В. Рыч, на армянскую — Г. Баран, на асецінскую — А. Пухаеў, на балгарскую — Н. Вылчаў, на кітайскую — Чжу Цзі, на латышскую — С. Еранім, на літоўскую — Э. Матузявічус  (літ.), на малдаўскую — П. Дарые, на рускую — М. Браўн, М. Галодны  (руск.), С. Гарадзецкі, Н. Кіслік, С. Рагавіцкі з Э. Падэрэўскім, на румынскую — С. Дэлчу, на узбекскую — Міртэмір  (узб.), М. Шэйхзадэ, на ўкраінскую — Т. Масенка  (укр.), П. Тычына, Я. Фамін  (укр.), М. Цярэшчанка  (укр.)[3].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У 2010 годзе святкавалася стагоддзе паэмы. З гэтай нагоды ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Я. Купалы праводзілася выстаўка, дзе можна было ўбачыць копію рукапісу паэмы, першую публікацыю паэмы ў газеце «Наша ніва» 1912 года і прыжыццёвыя друкаваныя выданні з паэмай, розныя выданні гэтага твора канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў[1][4].

Уплыў на культуру[правіць | правіць зыходнік]

Разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі
Беларусь узораў 1992—1999 і 2000 года адпаведна
з выявай на рэверсе сцэны з балета «Выбранніца»

Выяўленчае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Да паэмы звярталіся майстры сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі (творы М. Басалыгі[5][6][7], М. Бельскага, Я. Бусла, Л. Замаха, А. Кашкурэвіча[8], М. Пушкара, М. Савіцкага, П. Сергіевіча, І. Сталярова, В. Ціхановіча, В. Шаранговіча і інш.) і Расіі (Я. Чарняцін)[3].

А. М. Кашкурэвіч атрымаў дыплом імя Францыска Скарыны Рэспубліканскага і дыплом ІІ ступені Усесаюзнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» за ілюстрацыі да выдання паэмы 1967 года[9].

В. П. Шаранговіч узнагароджаны дыпломам імя Францыска Скарыны Рэспубліканскага і дыпломам ІІ ступені Усесаюзнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» за ілюстрацыі да выдання «Паэмы [На ракой Арэсай; Безназоўнае; Яна і я; Магіла льва; Бандароўна; Курган; Адплата кахання; Нікому; Зімою]» 1978 года[10].

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Да паэмы Янкі Купалы «Курган» не раз звярталіся кампазітары. Ёй прысвечаныя музычныя творы К. Галкоўскага, Я. Глебава, І. Лучанка, І. Любана, А. Туранкова, У. Чараднічэнкі[3].

28 мая 1969 года ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера балета ў 3-х дзеяннях «Выбранніца». Лібрэта напісалі А. Вярцінскі і А. Дадзішкіліані па матывах паэм Янкі Купалы «Магіла льва», «Сон на кургане», «Драматычная паэма», «Курган».

Другая рэдакцыя балета «Выбранніца», якую Яўген Глебаў прысвяціў 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, была пастаўлена Беларускім тэатрам оперы і балета ў 1982 годзе і мела назву «Курган». Лібрэта напісалі Г. Маёраў  (руск.) і А. Вярцінскі.

У 1960 годзе І. Лучанок напісаў кантату[11] «Курган» для хору салістаў і сімфанічнага аркестра[12], на музыку якой Ансамбль «Песняры» ў 79-м прадставіў рок-оперу, якая ўвайшла ў дваццатку лепшых твораў свету, створаных у стылістыцы прагрэсіў-року[13]. У 2011 да 100-годдзя напісання паэмы і 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна быў прадстаўлены мюзікл «Курган» на музыку І. Лучанка ў аранжыроўцы У. Мулявіна[14][15].

Кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя вобразы паэмы ўвайшлі ў кінафільм В. Рубінчыка «Магіла льва (Беларусьфільм)» (1971) і тэлеспектакль У. Траццякова «Папараць-кветка» (1981)[3].

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнага пабудаваньня і стылю... паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай.
Аляксандр Вазнясенскі[16]
"

Зноскі

  1. а б в г Выставка, посвященная столетию поэмы «Курган», проходит в Государственном литературном музее Янки Купалы (руск.)
  2. Презентация диска с рок-оперой «Курган» по поэме Янки Купалы(недаступная спасылка) (руск.)
  3. а б в г д е ё ж з і Курган // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 325—327.
  4. Литературный музей Янки Купалы впервые выставил полную рукопись поэмы «Курган» Архівавана 6 сакавіка 2016. (руск.)
  5. М. С. Басалыга. «Курган»
  6. ВЫСТАВКА «ЯНКА КУПАЛА И ЯКУБ КОЛАС — БЕЛОРУССКИЕ ПЕСНЯРЫ»(недаступная спасылка)
  7. Басалыга Міхаіл Самуілавіч Архівавана 21 ліпеня 2012.
  8. Я. Купала. Тры паэмы. Вокладка працы А. Кашкурэвіча
  9. Кашкурэвіч Арлен Міхайлавіч. Янка Купала. Курган. 1967. Архівавана 21 ліпеня 2012.
  10. Шаранговіч Васіль Пятровіч Архівавана 21 ліпеня 2012.
  11. Игорь Лученок — кантата «Курган» 1960 г
  12. Человек из кургана(недаступная спасылка) (руск.)
  13. Поэма Купалы «Курган» стала рок-оперой(недаступная спасылка) (руск.)
  14. Культура(недаступная спасылка) (руск.)
  15. Фатаграфіі мюзікла
  16. Янка Купала. "Магіла льва" (з народнага падання). 1913. Праверана 3 лістапада 2012.(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Курган» / Аўтар — А.Лойка — C. 325—327.
  • Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С. 98—99.
  • Вазнясенскі А. Паэмы Янкі Купалы. — Узвышша, 1927, № 1.
  • Казбярук У. Перачытваючы паэму. — Полымя, 1973, № 10.
  • Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. — С.106—107, 167—173.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.160—167.
  • Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. — Мн., 1965. — С.98—105, 112, 114.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.77, 79.
  • Шкраба Р. Тры паэмы Янкі Купалы. — У яго кн. Сіла слова. — Мн., 1958.
  • Юрэвіч У. Янка Купала. — Мн., 1983. — С. 122—124.
  • Ярош М. Р. Пясняр роднай зямлі. — Мн., 1982. — С.137—140.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]