Кутнагорскі дэкрэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Захаваная копія Кутнагорскага дэкрэту — аднаго з найвыдатнейшых захаваных натарыяльных дакументаў — падпісаная Янам Гусам 18 верасня 1414
Сыход нямецкіх студэнтаў з Прагі ў Лейпцыг (паштоўка пачатку XX стагоддзя)

Кутнагорскі дэкрэт (чэшск.: Dekret kutnohorský) — загад, які абмежаваў доступ іншаземцаў у пражскі ўніверсітэт, выдадзены 18 студзеня 1409 падчас кіравання Вацлава IV. Ініцыятарамі выступіў перадусім Ян Гус, а таксама Геранім Пражскі і Ян з Есеніцаў, выбітныя прадстаўнікі рэфармацыйнай плыні ўніверсітэта. Паводле дэкрэту чэшскі народ універсітэту атрымліваў тры галасы, астатнія народы (саксонскі, баварскі і польскі) — адзін. «Народам» у сярэдневяковых універсітэтах зваліся суполкі, што аб'ядноўвалі студэнтаў і прафесараў паводле края іх паходжання. Чэшскі народ у Пражскім універсітэце складалі ўсе студэнты і прафесары, што паходзілі з Багеміі, Маравіі (у тым ліку нямецкамоўных), Венгрыі і Сяміграддзя.

У гусіцкую эпоху дыскусія пра Уікліфавы працы падзяліла ўніверсітэцкую супольнасць на два лагеры: чэшскіх прафесараў на чале з Гусам, якія былі за рэформу, і замежнікаў (у асноўным нямецкіх), якія былі супраць яе. У 1403 годзе нямецкай большасцю галасоў была выдадзена забарона на Уікліфава вучэнне, якое было абвешчана ератычным. Напружанасць у адносінах паміж рэфармісцкай групай, якая складалася пераважна з чэшскага народа, і іншымі прафесарамі і студэнтамі расла і вылілася ў адкрытае змаганне за ўплыў ва ўніверсітэце.

Увесну 1408 года кардыналы нарэшце згадзіліся на скліканне сабору ў Пізе, дзе мела развязацца пытанне папскай схізмы. На Пізу ўскладаў свае надзеі і Вацлаў IV, які спадзяваўся, што тут (у асобе новаабранага Папы) вырашыцца і праблема аднаўлення яго тытулу рымскага караля, якім ад 1402 валодаў Рупрэхт Пфальцкі. Паколькі пражскі архібіскуп Збінек Газенбургскі, як і Рупрэхт Пфальцкі, перайшоў на бок Папы рымскага Рыгора XII, Вацлаў IV прапанаваў, каб універсітэт таксама падаў заяву на ўдзел у Пізанскім саборы, спадзеючыся такім чынам займець падтрымку пры вырашэнні свайго пытання. Але тут паўставала праблема з нямецкімі прафесарамі і студэнтамі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Цяпер яны вучыліся ў Празе, але па сканчэнні навучання, праўдападобна, будуць вяртацца ў Германію, дзе змогуць знайсці годную працу. Адпаведна, там яны трапляюць пад уладу Рупрэхта Пфальцкага, які ўжо тады пачаў ім пагражаць, што ў выпадку, калі ўніверсітэт падтрымае Вацлава IV, у будучыні яны мецьмуць праблемы. Яшчэ адным важным аспектам быў той факт, што канцлерам універсітэта быў пражскі архібіскуп.

У гэтай сітуацыі рэфармацыйная групоўка і яе дзеячы Геранім Пражскі і адвакат Ян з Есеніцаў (Ян Гус у той час захварэў і не браў удзелу) накіраваліся ў Кутну Гору (альбо ў Точнік), дзе ў той час знаходзіўся валадар, каб параіцца, што рабіць. Да сённяшняга дня застаецца нявысветленым, ад каго пайшла ініцыятыва выдання дэкрэту пра змену падліку галасоў ва ўніверсітэце. У некаторых крыніцах паведамляецца, што майстры «былі ўражаны», з чаго зробленая выснова, што ідэя прыйшла ў галаву менавіта Вацлаву.

У выніку прыняцця гэтай пастановы частка нямецкага прафесарскага складу і студэнтаў (каля 800 чалавек) з'ехалі з Прагі ва ўніверсітэты Вены, Кракава, Гайдэльберга, Кёльна, Эрфурта, а таксама быў закладзены новы ўніверсітэт у Лейпцыгу. З салідарнасці Пражскі ўніверсітэт пакінуў і шэраг юрыстаў, хоць іх дэкрэт і не тычыўся. Чэхіфікацыя ўніверсітэта імгненна пазбавіла яго 80 % членаў акадэмічнай супольнасці. Замежныя педагогі і студэнты і надалей працягнулі байкатаваць Пражскі ўніверсітэт.

Паводле звестак Інстытута нацыянальнай спадчыны Чэхіі(чэшск.) бел. дэкрэт быў абгавораны і падпісаны ў замку Точнік пад Бераўнам. У самім жа дэкрэце напісана: Дадзена на Горах Кутных васямнаццатага дня месяца студзеня.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • FRIEDRICH, Gustav. Dekret Kutnohorský. Poměr jeho rukopisných textů // Český časopis historický. — 1909. — № 15. — С. I—XII.
  • Pražské univerzitní studentstvo v předrevolučním období 1399–1419 — Praha: Nakladatelství ČSAV, 1967.
  • Dekret kutnohorský — Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 2010. — 452 с. — ISBN 978-80-7422-065-4.
  • František Šmahel, Martin Nodl. Kutnohorský dekret po 600 letech. Bilance dosavadního bádání // Český časopis historický. — 2009. — Т. 107. — № 1. — С. 1-45. — ISSN 0862-6111.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]