Куцеінскі Богаяўленскі манастыр

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Куцеінскі манастыр)
Jump to navigation Jump to search
Манастыр
Богаяўленскі Куцеінскі манастыр
Свята-Духаўская царква (цяпер Св.-Траецкая)
Свята-Духаўская царква (цяпер Св.-Траецкая)
54°29′31″ пн. ш. 30°24′48″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Орша
Канфесія Праваслаўе
Епархія Віцебская
Дата заснавання 1620
Статус Дзеючы манастыр

Богаяўленскі Куцеінскі манастыр (Орша)
Богаяўленскі Куцеінскі манастыр
Богаяўленскі Куцеінскі манастыр

Куцеінскі Богаяўленскі манастырманастыр, помнік архітэктуры ў горадзе Орша.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1620 годзе праваслаўныя Оршы атрымалі граматы на заснаванне мужчынскага манастыра ад патрыярха Ерусалімскага Феафана. Гэтаму паспрыяў аўтарытэт Багдана Статкевіча.

У 1623 годзе пачалося будаўніцтва драўлянай пяцікупальнай Богаяўленскай царквы манастыра, які атрымаў назву ад ракі Куцейны. У XVII ст. на тэрыторыі манастыра была пабудавана мураваная царква ў стылі барока, якая дзейнічае і сёння. На тэрыторыі манастыра працавалі майстры, у тым ліку спецыялісты па апрацоўцы дрэва — кругавой разьбе. Дзякуючы іх працы манастыр упрыгожваўся разнымі кветкамі і дзіўнымі раслінамі. Усяго ў манастырскае брацтва ўваходзіла каля 200 чалавек, сярод іх былі таксама гравёры, мастакі. Там жа выраблялася і прыгожая кафля з раслінным і геральдычным арнаментам.

Практычна ад пачатку яго дзейнасці, у 30-я гады XVII ст., па запрашэнні Багдана Статкевіча і ігумена Іаіля Труцэвіча ў лаўры пачынае актыўную дзейнасць вядомы друкар Спірыдон Собаль. Як мяркуецца, у адным з жылых манастырскіх будынкаў, што часткова захаваліся да нашых дзён, і была створана друкарня, адна з найбуйнейшых у той час на беларускіх землях. Нельга не згадаць і такі цікавы факт: манастырскія майстры працавалі нават у галіне нотадрукавання.

Друкарская справа[правіць | правіць зыходнік]

Тытульны ліст буквара Спірыдона Собаля. Куцеінская друкарня, 1631 г.

Першай кнігай Спірыдона Собаля ў Оршы становіцца Псалтыр. А ў тым жа 1631 годзе выходзіць «Буквар», адзін з першых друкаваных беларускіх падручнікаў. Менавіта Спірыдон Собаль упершыню ўвёў ва ўжытак само слова «буквар». Асноўнай мэтай друкарні стала выданне даступных для розных слаёў грамадства кніг рэлігійнага і асветніцкага зместу. Таму той жа «Буквар» быў выкананы толькі ў адным колеры. Тым не менш, выданні Куцеінскай друкарні вызначаюцца асаблівасцю паліграфічнага выканання — блізкасцю да традыцый беларускага народнага мастацтва, пераплеценых стылістычнымі прыёмамі барока. Усяго з Куцеінскай друкарні выйшла 27 кніг. Тыраж некаторых з іх складаў больш за паўтысячы экзэмпляраў.

Дзейнасць манастырскай друкарні спынілася ў 1654 г. з-за руска-польскай вайны. Як адзначаюць гісторыкі, пасля захопу Оршы ў 1656 г. расійскі цар Аляксей Міхайлавіч наведаў лаўру і быў у захапленні ад дзейнасці мясцовых майстроў. Па яго загадзе з манастыра ў Маскву былі вывезены лепшыя разьбяры па дрэве, гравёры, якія пасля працавалі ў Аружэйнай палаце Крамля, аздаблялі Каломенскі палац. Паводле некаторых крыніц, абсталяванне друкарні было дастаўлена ў Маскву ў 1675 г. і перададзена пад кантроль Сімяона Полацкага.

Заняпад манастыра[правіць | правіць зыходнік]

Богаяўленскі манастыр у прадмесці Куцейна, другая палова XIX ст.

Канчатковы заняпад манастыра адбыўся пасля вайны 1812 г., калі лаўра была цалкам разрабавана. І хоць у канцы XIX ст. былі спробы аднавіць манастыр, і на яго тэрыторыі нават з’явілася школа для бедных, тым не менш, у XX стагоддзі будынкі манастыра выкарыстоўваліся хіба што пад гаспадарчыя патрэбы, а ў 30-х гадах там нават размяшчалася ваенная частка. Сёння манастыр хоць і павольна, але адраджаецца. У канцы 1980-х ён быў перададзены Праваслаўнай Царкве, і цяпер там жыве некалькі манахаў. Не так даўно адбыўся першы неабходны рамонт страхі будынка былой друкарні.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Святадухаўская царква на малюнку Д. Струкава, XIX стагоддзе

Помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 г. на рацэ Куцеінцы як праваслаўны мужчынскі манастыр пасля скасавання ў Магілёве шэрага праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыра на сродкі і па хадайніцтву Магілеўскага праваслаўнага брацтва. Размешчаны ў паўночна-заходняй ускраіне горада ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню, у 1632 г. яе ўзначаліў ігумен Іоіль Труцэвіч. Да 1654 г. тут надрукавана каля 20 выданняў, якія былі шырока вядомыя на Беларусі, Украіне, у Расіі. У 1655 г. абсталяванне друкарні вывезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам.

Манастыр складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Свята-Духаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гаспадарчых пабудоў, быў з трох бакоў абнесены мураванай сцяной. Захаваліся Святадухаўская царква, манастырскі будынак, частка сцяны.

Богаяўленскі сабор[правіць | правіць зыходнік]

Богаяўленскі сабор

Драўляны Богаяўленскі сабор (пабудаваны ў 1623—35 гг., гарэў у 1885 г. і 1888 г.) — чатырохзрубны крыжова-купальны храм быў крыты гонтай, з 1880 г. — бляхай. Тры зрубы пяцігранныя, заходні прамавугольны ў плане, накрытыя шматсхільнымі дахамі з галоўкамі ў месцы схілаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся светлавы васьмярык з гранёным купалам. Пры ўваходзе ў сабор адкрытая галерэя. У інтэр'еры ў 1639 г. зроблена 38 насценных размалёвак. У 1778 г. быў падрыхтаваны і зацверджаны ў кансісторыі праект рэканструкцыі храма. У 1885 г. сабор загарэўся ад удару маланкі і быў знішчаны пажарам.

Свята-Духаўская царква[правіць | правіць зыходнік]

Бакавы фасад Святадухаўская царква

Мураваная Святадухаўская (з 1762 г. Траецкая) царква пабудаваная ў 1-й палове XVII ст. У канцы XVIII ст. было зроблена драўлянае перакрыцце, якое падзяліла храм на два ярусы: унізе быў прастол у імя Раства Багародзіцы, наверсе — святога Апостала Андрэя Першазванага. У другой палове XIX ст. рэканструяваны (перакрыцце дэмантавана), у 1870 г. спічасты дах заменены на вальмавы (крыты бляхай) з купалам на барабане, у 1885 г. царква ўпрыгожана перадалтарным плафонам і новым іканастасам. Да асноўнага прамавугольнага ў плане аб'ёма па восі ўсход — захад прылягаюць пяцігранная апсіда і квадратная ў плане двух'ярусная вежа-званіца, з паўднёвага боку — невялікая рызніца. Сцены апрацаваныя пілястрамі, ляпнымі абрамленнямі аконных праёмаў, плоскімі арачнымі нішамі і завершаны развітым прафіляваным карнізам. Не захаваліся першапачатковыя вальмавыя дахі з галоўкамі, якія завяршалі аб'ём царквы, скляпенні, шасціярусны разны іканастас і фрэскі работы майстра Рыгора.

Манастырскі корпус[правіць | правіць зыходнік]

Двухпавярховы мураваны манастырскі будынак складаецца з дзвюх частак — былога духоўнага вучылішча з вялікай трапезнай і ўсходняга крыла галерэйнага тыпу з жылымі памяшканнямі (келлі). Цагляны першы паверх рэканструяваны, амаль поўнасцю перабудаваны драўляны другі паверх (захавалася ў першапачатковым выглядзе толькі мураваная тарцовая сцяна з плоскімі паўцыркульнымі нішамі). Першапачатковы дэкор XVII ст. (рэшткі фігурных паліхромных франтонаў) захаваўся на абодвух тарцах корпуса.

Іншыя пабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Званіца-брама, паводле апісання 1812 г., была драўляная з падвойнымі варотамі. На званіцы меліся чатыры званы. Паблізу мураванай царквы стаяў драўляны флігель, у якім размяшчаліся чатыры келлі, сені і кладовая. Да драўлянага флігеля прымыкаў мураваны будынак, падзелены дваімі сенямі на тры часткі. У першай частцы знаходзіліся тры келлі, у другой — памяшканні ігумена (чатыры пакоі і прыхожая), свіран, кладоўкі, пякарня, за другімі сенямі знаходзіліся трапезная і кухня. Упрытык да агароджы стаялі два мураваныя свірны, некалькі драўляных і мураваная вазоўня. У мураванай агароджы меліся дзве брамы. Пры браме з боку Дняпра былі прыбудаваны мураваная кузня і лазня. Пазней, у канцы XIX ст., былі зроблены брамы ў заходняй і ўсходняй манастырскіх сценах. Брама з усходняга боку вяла на гаспадарчы двор манастыра, які знаходзіўся асобна. У 1889 г. у паўночнай сцяне замест драўлянай старой пабудавана мураваная трох'ярусная званіца з брамай[1].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін, А. Праваслаўнаыя храмы Беларусі: Энцыкл. давед. /А.М.Кулагін. Маст. Э.Э.Герасімовіч, У.П.Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 302—305. — 656 с.
  • Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўі інш.; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.; БелЭн, 2001. — С. 174. — 368 с.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.