Куш (дзяржава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Куш
Куш у V ст да н.э.
Куш у V ст да н.э.
1070 г. да н.э. — 330 г.

Сталіца Напата, Мероэ
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Куш — старажытная дзяржава ва Усходняй Афрыцы (1070 г. да н.э. — 330 г.).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Егіпецкае кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненню дзяржавы Куш у Верхняй Нубіі папярэднічала амаль тысячагадовае існаванне дзяржавы Керма, якая да 1450 г. да н. э. была заваявана Егіптам. Відавочна, улада фараонаў Новага царства распаўсюджвалася да чацвёртага парога ракі Ніл. У Нубіі мелася егіпецкая адміністрацыя, апарат чыноўнікаў і армія. Заваяваныя землі, асабліва Ніжняя Нубія, трапілі пад моцны культурны ўплыў егіпцян.

Нубія з’яўлялася важным пастаўшчыком золата, рагатай жывёлы, дарагіх парод драўніны, а таксама пасрэднікам у гандлі з трапічнай Афрыкай. Аднак кантроль зямель, што знаходзіліся за парогамі, быў складаным. Намеснікі фараона, якія мелі тытулы «валадарскі сын, верхавод паўднёвых краін» і «валадарскі сын Куша», адрозніваліся значнай самастойнасцю. Акрамя таго, у егіпецкіх дакументах узгадваюцца «ўладары», а таксама «вялікія» (у тым ліку «вялікія Куша») — прадстаўнікі мясцовых высакародных колаў, што выплочвалі даніну і выконвалі даручэнні егіпецкай адміністрацыі.

Перыяд Напаты[правіць | правіць зыходнік]

Каля 1070 г. да н. э. Новае царства распалася, і намеснікі Куша атрымалі самастойнасць. Цэнтрам новай дзяржавы стала Напата. Яе галоўны сакральны цэнтр Джэбель-Баркал быў прысвечаны богу Амону і ўзвялічваў уладу мясцовых уладароў корэ да статуса фараона. Існаваў звычай пахавання корэ і членаў іх сям’і ў пірамідах.

У сярэдзіне VIII ст. да н. э. кушыцкі валадар Кашта авалодаў Верхнім Егіптам і стварыў XXV дынастыю фараонаў. Яго спадчыннік Піанхі далучыў Верхні Егіпет. З гэтай нагоды ў Напаце была усталявана гранітная пліта. Аднак канчатковае далучэнне Егіпта да Куша адбылося толькі пры корэ Піанхі. Кушыцкія фараоны Егіпта працягвалі кіраваць у Напаце, пасля смерці іх хавалі ў Нуры і Эль-Куру. Апошнія кушыцкія фараоны Тахарка і Танутамон былі выгнаны з Егіпта асірыйцамі.

У 591 г. да н. э. у час паходу ў Егіпет персы ўварваліся таксама на поўнач Нубіі. Ад іх нашэсця пацярпела Напата. Хаця ў 525 г. да н. э. персідскія войскі спыніліся на паўночнай мяжы Куша, існавала далейшая пагроза з боку персаў. Пры нявысветленых абставінах цэнтр дзяржавы Куш быў перанесены ў Мероэ. У V ст. да н. э. Герадот ужо называў Мероэ галоўным горадам Эфіопіі[1]. Разам з гэтым, Напата заставалася асноўным рэлігійным і культурным цэнтрам да сярэдзіны III ст. да н. э.

Перыяд Мероэ[правіць | правіць зыходнік]

У эпоху персідскага і пталамееўскага валадарання ў Егіпце адносіны паміж Кушам і поўначчу былі даволі складанымі. Археолагі заўважаюць, што да I ст. да н. э. памежная Ніжняя Нубія заставалася амаль незаселенай. Корэ Аркамані (295 — 275 гг. да н. э.)[2] канчаткова перанёс цэнтр дзяржавы ў Мероэ і спыніў практыку пахавання манархаў каля Напаты. Дыядор Сіцылійскі паведамляў, што Аркамані жыў у згодзе з Пталамеем II, дзякуючы знаёмству з грэчаскай філасофіяй ён вырашыў вызваліцца з-пад уплыву жрацоў Напаты і загадаў забіць іх. Некаторыя даследчыкі лічаць, што такім чынам ён ператвараў сваю тэакратычную ўладу ў больш свецкую. Аднак археолагі, якія даследуюць Напату, не ўпэўнены ў праўдзівасці апавядання Дыядора.

Раскопкі ў Мероэ пацвярджаюць, што Куш доўгі час заставаўся эканамічна актыўнай дзяржавай, падтрымліваў гандлёвыя сувязі з Міжземнамор’ем, Аравійскім паўвостравам і Індыяй. Верхняя Нубія была багатым сельскагаспадарчым рэгіёнам. Тут працягвалі здабываць золата, выплаўлялі чыгун. Заваяванне Рымам Егіпта спрыяла пашырэнню пасрэдніцкіх кантактаў, адбылося засяленне Ніжняй Нубіі. У 23 г. да н. э. у адказ на напад кушытаў на поўдзень Егіпта рымляне арганізавалі карную экспедыцыю, якая зруйнавала Напату. Але ў далейшым захоўваліся мірныя сувязі.

У першыя стагоддзі н. э. улада Мероэ паступова прыходзіла ў заняпад. Магчымай прычынай быў экалагічны крызіс, выкліканы пахаладаннем. Саванны вакол Ніла пачалі апустыньвацца, і жывёлагадоўцы мігрыравалі на поўдзень. Значныя міграцыі з Мероэ часткова пацвярджаюцца раскопкамі ў раёнах трапічнай Афрыкі. Акрамя таго, каля Куша з’явіліся моцныя супернікі. Імператар Дыяклетыян перасяліў у Ніжнюю Нубію набатэйцаў, якія занялі заходні бераг Ніла і стварылі дзяржаву Набадыю. На ўсходзе хутка набірала моц Аксумская дзяржава. Каля 330 г. н. э. на стэле аксумскага валадара з’явіўся надпіс аб заваяванні ім Мероэ. Гэты год лічыцца апошнім у гісторыі існавання дзяржавы Куш.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Герадот, II:29
  2. Joshua J. Mark, Ergamenes

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]