Перайсці да зместу

Кхмерская імперыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Кхмерская імперыя
កម្វុជទេឝ
802 — 1431

Сталіца Ангкор
Мова(ы) аўстраазіяцкія мовы
Афіцыйная мова санскрыт і Кхмерская мова
Рэлігія індуізм, будызм
Форма кіравання манархія
дэвараджа
 • 802850 Джаяварман II
 • 14171431 Понья Ят
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Старажытная Кампучы́я (кхмер.: កម្វុជទេឝ, чытаецца як «Камвучтэс»), Кхме́рская імперыя (кхмер.: អាណាចក្រខ្មែរ), Ангко́рская імперыя (кхмер.: ចក្រភពអង្គរ) — сярэднявечная дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі (8021431 гг.)

Заснавальнікам Кхмерскай імперыі лічыцца Джаяварман II. Згодна з запісам XI ст., знойдзеным на стэле на мяжы сучасных Камбоджы і В’етнама, ён валадарыў у Індрапуры на рацэ Меконг. Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Джаяварман II і яго бацька Джаяварман I мелі прамое дачыненне да старажытнай кхмерскай дзяржавы Чэнла. Аднак паходжанне дынастыі Джаяварманаў таксама звязваюць з дзяржавамі Чампа і Шрывіджая[1]. Сувязь з Шрывіджаяй падкрэслівае падабенства ранняй архітэктуры Кхмерскай імперыі з яванскай[2], а таксама тытул кхмерскіх манархаў дэвараджа (санскр.: देवरजः «божы валадар»), які паўтараў тытул манархаў Шрывіджаі.

Згодна з легендай, пасля паспяховай ваеннай кампаніі на поўначы ад возера Танлесап слон Джаявармана II спыніўся перад разлівам. Манарх загадаў заснаваць на гэтым месцы сталіцу[3]. Пазней яго пераемнікі будавалі каля яе свае сталічныя цэнтры. Такім чынам узнік кангламерат гарадоў, вядомы ў нашы дні як Ангкор, адзін з найбуйнейшых метраполісаў сярэднявечча ў свеце.

Меркаваная выява галавы Джаявармана VII, каля 1190 — 1210 гг.

Першай дынастыі Джаяварманаў было наканавана нядоўгае існаванне. Каля 877 г. трон заняў Індраварман I, пляменнік жонкі Джаявармана II[4]. Ён знакаміты арганізацыяй будаўнічай дзейнасці. Аднак яго сыны і ўнукі болей вядомы сваімі разладамі. Пасля чарговага з іх уладу ў захапіў Джаяварман IV (928941 гг.), унук Індравармана I па жаночай лініі. Нягледзячы на ўнутраныя разлады, манархі Кхмерскай імперыі стала пашыралі яе межы. Да пачатку XI ст. яна прасціралася ад ракі Менам-Чао-Прая да дэльты Меконга.

У 1002 г. захоп улады Джаявіраварманам, які, відавочна, дагэтуль быў удзельным князем, прывёў да дзевяцігадовай вайны. Тым не меней, яго сын Сур’яварман I (10101050 гг.) стаў адным з найвялікшых валадароў пасля Джаявармана II. У барацьбе з малайскай дзяржавай Тамбралінга і яе магутным саюзнікам Шрывіджаяй ён заключыў саюз з паўднёвай індыйскай дзяржавай Чола і ў выніку дасягнуў перамогі. Спроба пашырыць межы на захад была спынена паганскім валадаром Анаўрахта Мінсаў. Сур’яварман I адмовіўся ад індуізму і прыняў будызм[5], пашырыў дзяржаўны апарат, актыўна займаўся будаўніцтвам, славіўся справядлівымі законамі.

У другой палове XII ст. у Кхмерскай імперыі выявіўся моцны супернік на ўсходзе — Чампа. Войны з валадарамі гэтай дзяржавы саслабілі становішча Харшавармана III (10661080 гг.). Ён быў зрынуты паўстанцамі на чале князя Карата, які пасля перамогі прыняў імя Джаявармана VI. Пасля яго смерці ў 1107 г. зноў разгарнулася барацьба за ўладу. У 1113 г. пры спрэчных абставінах трон заняў малады і амбіцыйны Сур’яварман II. Яго афіцыйная каранацыя адбылася толькі пасля некалькіх гадоў кіравання. Прычынамі гэтага магло быць тое, што ён працягваў барацьбу супраць асабістых ворагаў, або неабходнасць выканаць пэўныя індуісцкія рытуалы, паколькі ён не меў рэчаісных правоў займаць пасад манарха. Сур’яварман II праславіўся дзякуючы будаўніцтву храма Ангкор-Ват[6]. Ён заваяваў шэраг тэрыторый на поўначы сучаснага Тайланда і поўдні Лаоса. Аднак ваенныя кампаніі супраць чамаў і в’етаў не мелі поспеху. Каля 1145 г. яго войска ўвайшло ў сталіцу Чампы і, відавочна, рушыла далей на в’етаў, але ў выніку пацярпела паражэнне. У Чампе адбылося паўстанне, якое скончылася выгнаннем кхмераў. Многія даследчыкі мяркуюць, што кхмерскі валадар не перажыў гэтых падзей.

У 1177 г. чамы ўварваліся па сушы і на караблях у Кхмерскую імперыю і атрымалі бліскучую перамогу на возеры Танлесап. Кхмерскі валадар загінуў. Супраціўленне чамам узначаліў дасведчаны вайскавод Махапарамасаўгата. У 1181 г. ён быў каранаваны як Джаяварман VII[7]. Ён здолеў аб’яднаць вакол сябе высакародныя колы і працягваў вайну супраць Чампы, пакуль у 1191 г. не заваяваў яе. У пачатку XIII ст. гэта дзяржава была фактычна падзелена паміж кхмерамі і в’етамі. Свае бліскучыя перамогі Джаяварман VII адлюстраваў на сценах пабудаванага ім храма Баён. Цэнтрам Ангкора стаў умацаваны горад Ангкор-Тхом. Падобна Сур’яварману I, ён спавядаў будызм, адзначыўся будаўніцтвам дарог, уздоўж якіх былі адкрыты 121 гасцёўня для гандляроў і 102 шпіталі.

Нашчадкі Джаявармана VII, Індраварман II (12191243 гг.) і Джаяварман VIII (12431295 гг.), не мелі яго ваенных здольнасцей і магчымасці кантраляваць разрослую імперыю. Тайцы і моны фактычна адасобіліся ад Ангкорскай дзяржавы і пачалі рабіць напады на кхмераў. У 1285 г. Джаяварман VIII, баючыся нашэсця манголаў, прызнаў сябе даннікам дынастыі Юань. Яго падданныя былі разачараваны вяртаннем да індуізму і закрыццём будысцкіх храмаў, таму віталі, калі ён адрокся ад улады на карысць свайго зяця Індравармана III (12951308 гг.). Той садзейнічаў распаўсюджванню будызму ў форме тхеравада[8].

XIV — першая траціна XV стст. сталі перыядам заняпаду Ангкорскай імперыі. Пасля 1300 г. запісы на сценах храмаў у Ангкоры не рабіліся. Насельніцтва паступова пакідала навакольныя тэрыторыі і перасялялася бліжэй да Меконга. Адной з прычын былі нашэсці тайцаў, якія ў XIV ст. двойчы захоплівалі сталіцу. Пасля тайскага нашэсця ў 1431 г. Понья Ят, апошні кхмерскі валадар Ангкора, рушыў на поўдзень і стварыў новы дзяржаўны цэнтр у раёне сучаснага Пнампеня[9]. Археалагічныя знаходкі сапраўды сведчаць пра тое, што пасля зыходу кхмераў у Ангкоры некаторы час панавалі тайцы, але і яны пакінулі яго да XVI ст.[10]

Сучасныя даследчыкі таксама прапануюць іншыя версіі прычын заняпаду Ангкора. Яны лічаць, што масавае перасяленне з гэтай мясцовасці пачалося за 100 гадоў да рашэння Понья Ята. Рост міжнародных гандлёвых сетак мог заахвоціць кхмерскую эліту і яе падданых мігрыраваць бліжэй да Паўднёва-Кітайскага мора[11]. Але болей важкай прычынай быў заняпад складанай ірыгацыйнай сістэмы, якая забяспечвала вялізны горад і навакольныя палеткі вадою, а таксама стварала транспартныя сувязі паміж агламерацыямі. Рост гарадскога насельніцтва прывёў да вырубкі лясоў і засмечвання каналаў. Іх ачыстка патрабавала ўсё большых намаганняў. Сітуацыя ўскладнілася экалагічнымі бедствамі. У XIV ст. наваколлі Ангкора пацярпелі з-за засухі, а потым паводак[12][13], што і прывяло да зыходу насельніцтва і марнасці ўзнаўлення фартыфікацыйных пабудоў.

Дзяржава і грамадства

[правіць | правіць зыходнік]
Керамічная пасудзіна ў форме чалавека, XI ст.

Кхмерская імперыя была манархіяй, чые валадары з самога пачатку карысталіся тытулам дэвараджа, запазычаным у індуісцкіх краінах. Іх улада лічылася свяшчэннай, таму прыняццю тытула папярэднічалі асаблівыя рытуалы, якія рабілі манархаў у вачах падданых вышэйшымі заступнікамі і суддзямі. Кіраванне дзяржавай адбывалася дзякуючы працы вялізарнага і даволі складанага дзяржаўнага апарата. Пры Сур’явармане I ён падзяляўся на 4 часткі. Адну ўзначальваў сам манарх, другую — яго папярэднік, які адмовіўся ад трона, трэцюю — спадкаемца, чацвёртую — маці валадара[14]. Кожная з гэтых частак уяўляла сабою аўтаномную адміністрацыю з падначаленымі ёй тэрыторыямі.

Вышэйшыя пасады ў адміністрацыі валадара займалі прадстаўнікі высакародных сем’яў, так або іначай звязаныя з сям’ёй манарха сваяцкімі адносінамі. Але часцяком найбольш блізкіх або магутных сваякоў высылалі ў правінцыі. Пасады падзяляліся на ўнутраныя і знешнія. Унутраныя адміністратары працавалі пры двары. Найбольш уплывовымі з іх былі першы дарадца, дарадца па пытаннях права, дарадцы, адказныя за ваенны і цывільны транспарт, вайскавод, скарбнік. Іх праца аплочвалася шчодрымі дарамі і вылучэннем долі дзяржаўных даходаў, прычым на манапольнай аснове. Пры двары таксама мелася мноства другарадных пасад, накшталт назіральніка за сланамі, кухараў і трымальнікаў апахалаў. Уладальнікі знешніх пасад належалі да 10 розных рангаў і стала знаходзіліся за межамі двара. Пасады часцяком куплялі і прадавалі, перадавалі па спадчыне, адзін чалавек мог займаць шэраг пасад. Яго сацыяльны статус вызначаўся рэчаісным уплывам і блізкасцю да манарха. Відавочна, існавала форма залежнасці простых падданых ад уплывовых, падобная на кліентэлу[14]. Толькі ў Ангкоры штат чыноўнікаў налічваў некалькі тысяч чалавек. Манарх даведваўся пра жыццё падданых не толькі дзякуючы справаздачам адміністратараў, але і сетцы ўнутраных шпіёнаў.

Большую частку гісторыі Кхмерскай імперыі яе афіцыйнай рэлігіяй быў індуізм. Валадары Ангкора аддавалі яўную перавагу шываізму, хаця вядомы іх надпісы, прысвечаныя Вішну, Харыхары (увасабленню Шывы і Вішну), а таксама Будзе[15]. Будызм і будысцкія абшчыны прысутнічалі са старажытных часоў і мелі заступніцтва валадароў. Джаяварман VII зрабіў будызм формы махаяна дзяржаўнай рэлігіяй[16], але з канца XIII ст. дамінаваў будызм у форме тхеравада. Святары абедзвюх рэлігій, храмавыя арганізацыі і кляштары мелі велізарны ўплыў на дзяржаву і грамадства, карысталіся значнымі прывілегіямі, займалі прыдворныя пасады, атрымоўвалі ў дар матэрыяльныя сродкі і землі.

Існаванне дзяржаўных і рэлігійных устаноў было не магчыма без поспехаў у эканоміцы, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Клімат Камбоджы мае мусонны характар з выразным падзелам на сухі і вільготны сезоны. Каб атрымоўваць некалькі ўраджаяў за год, кхмеры пабудавалі вакол Ангкора складаную ірыгацыйную сістэму з сеткай вадасховішчаў і каналаў. Апошнія выконвалі не толькі меліярацыйную, але і транспартную функцыю. Ірыгацыйная сістэма дазваляла назапашваць ваду ў вільготны сезон, а яе лішкі скідваць у возера Танлесап. Заснаваныя на археалогіі геаграфічныя даследаванні сучасных і мінулых сістэм Ангкора дазваляюць меркаваць, што кхмерскія інжынеры стварылі новую пастаянную вадазборную зону, стварыўшы тры вадазборныя плошчы там, дзе раней было ўсяго дзве[17]. Дзякуючы рэгуляванню ўзроўню грунтавых вод стала магчымым манументальнае дойлідства, адбываўся рост насельніцтва. Мяркуецца, што ў канцы XIII ст. у Ангкоры жыло 700 тысяч — 900 тысяч чалавек[18]. Такім чынам, гэта быў адзін з найбуйнейшых гарадоў свету ў перыяд сярэднявечча.

Догляд ірыгацыйнай сістэмы, сталая ачыстка каналаў былі важным клопатам дзяржавы. Аднак абрашаемыя землі з’яўляліся прыватнай маёмасцю. Пра гэта кажуць шматлікія запісы пра куплю, продаж і перадачу ў дар надзелаў[14]. Асабіста валадару і блізкім чальцам яго сям’і належалі толькі некаторыя дзяржаўныя сядзібы, раскіданыя па тэрыторыі ўсёй дзяржавы. На іх маглі працаваць залежныя сяляне, што па розных прычынах страцілі свае надзелы, і рабы. Рабства было звычайнай з’явай. Большасць рабоў былі ваеннапалоннымі, але таксама існавала пазыковае рабства. У канцы XIII ст. пасля доўгатэрміновай вайны з тайцамі значная частка насельнікаў Ангкора валодала рабамі. Іх стан быў прыніжаным, яны нават не мелі права спаць у гаспадарскім доме[19].

Сетка дарог у Кхмерскай імперыі

У Кхмерскай імперыі была створана добра прадуманая сістэма транспартных зносін, якая ўключала сетку дарог, каналаў і рачных шляхоў. Дарогі, пабудаваныя Джаяварманам VII, абслугоўваліся гасцёўнямі для падарожнікаў. Палягчэнне ўнутраных зносін садзейнічала развіццю гандлю і рамёствам. Старажытныя кхмеры не карысталіся ткацкімі станкамі, але славіліся вырабам тканін. Кхмерская паліваная кераміка адрознівалася вельмі высокай якасцю[20]. Галоўным раёнам развіцця металургіі стаў Пном-Дэк[21], дзе здабывалі і першасна апрацоўвалі жалеза. Мяркуюць, што мясцовыя майстэрні залежалі ад дзяржавы[22]. Але металаў хранічна не хапала, таму ангкорскія клямары для шчаплення камянёў пры пабудове храмаў сплаўлялі з жалеза рознага паходжання[23].

Пэўныя звесткі пра пабытовае жыццё Ангкора ў канцы XIII ст. пакінуў юаньскі дыпламат Чжоў Дагуань[19][24]. Ён паведамляў, што жытлы высакародных асоб былі болей прасторнымі, чым у звычайных жыхароў, дахі крыліся саломаю. Дахоўка ўжывалася толькі для сямейных магільняў і галоўных спальняў. Штодзённым гандлем займаліся жанчыны. Манеты не ўжываліся, таму кошт прызначалі ў мерах рысу, расплочваліся тканінамі, у выключных сітуацыях — золатам і срэбрам. Кхмерскія жанчыны хутка старэлі, паколькі рана выходзілі замуж і нараджалі шмат дзяцей. Адзінай вопраткай былі адрэзы тканін. Большасць, у тым ліку ваенныя, хадзіла басанож. Усе паўсядзённыя лісты і афіцыйныя дакументы рабілі на скуры, афарбаванай у чорны колер, пісалі вапнавым парашком, які лёгка сціраўся.

Славутыя помнікі старажытнай кхмерскай архітэктуры

[правіць | правіць зыходнік]
Ангкор-Ват
Ангкор-Тхом і Баён
Бантэай-Срэй
  1. Michael Vickery A legend concerning Jayavarman II
  2. Uday Dokras Comparison between Angkor Wat and Borobudur temple
  3. Дмитрий Самохвалов Камбоджа: Загадка Ангкора Архівавана 27 студзеня 2022.
  4. Indravarman I king of Angkor — Encyclopedia Britannica
  5. Suryavarman I king of Angkor — Encyclopedia Britannica
  6. Suryavarman II of Cambodia
  7. Jayavarman VII — National Museum of Cambodia
  8. Timeline of the Khmer Empire
  9. John D. Ciorciari Thailand and Cambodia: The Battle for Preah Vihear
  10. Polkinghorne, M., Pottier, C., & Fischer, C. (2018). Evidence for the 15th Century Ayutthayan Occupation of Angkor. In The Renaissance Princess Lectures: In Honour of Her Royal Highness Princess Maha Chakri Sirindhorn (pp. 99-132)
  11. The Fall of Angkor Was More Than a Century in the Making
  12. Angkor Wat’s Collapse From Climate Change Has Lessons for Today
  13. The surprising discovery at Angkor Wat
  14. а б в I.W. MABBETT KINGSHIP IN ANGKOR
  15. Khmer Religion — Encyclopedia.com
  16. Medieval Khmer Society: The Life and Times of Jayavarman VII
  17. K. Kris Hirst The Khmer Empire Water Management System
  18. New research shows how many people lived in the Angkor Empire
  19. а б David Chandler A History of Cambodia
  20. WONG WAI YEE A Preliminary Study on some Economic Activities of Khmer Empire: Examining the Relationship between the Khmer and Guangdong ceramic Industries during the 9th-14th Centuries
  21. [1]
  22. Mitch Hendrickson, Stéphanie Leroy, Quan Hua, Phon Kaseka, and Voeun Vuthy Smelting in the Shadow of the Iron Mountain: Preliminary Field Investigation of the Industrial Landscape around Phnom Dek, Cambodia (Ninth to Twentieth Centuries a.d.)
  23. Ginevra Boatto Ironing the Wrinkles in the History of Angkor’s Metal Industries
  24. The Way of Life in the Khmer Empire
  • Higham, Ch. The Civilization of Angkor. — Berkeley, Los Angeles: University of California Pres, 2001. — С. 192. — ISBN 0-520-23442-1.
  • Riboud, M. Angkor ― sérénité bouddhique. — Paris: Imprimerie Nationale, 1992. — С. 155. — ISBN 2-11-081154-4.
  • Wolters, O. Early Southeast Asia: Selected Essays. — Ithaca, New York: Cornell University, 2008. — С. 236. — ISBN 978-0-877277-73-6.