Кэхокія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кэхокія*
Cahokia**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Тып культурны
Крытэрыі iii, iv
Спасылка 1076
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1982  (6 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Кэхокія (англ.: Cahokia) — помнік археалогіі на месцы буйнога дакалумбава паселішча. Знаходзіцца ў штаце Ілінойс (ЗША). У 1982 г. уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча - 1600 га, з якіх 541 га уваходзіць у ахоўваемую зону.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Месца Кэхокіі была населена каля 600 г. У сярэдневяковы цёплы перыяд адбыўся росквіт паселішча. У IX ст. пачалося будаўніцтва земляных курганоў. Да XIII ст. Кэхокія ператварылася ў найбуйнейшы цэнтр Місісіпскай культуры. Паміж 1050 г. і 1200 г. яго насельніцтва вагалася ад 10 000 да 20 000 чалавек, таму Кэхокію называюць першым горадам Паўночнай Амерыкі. Мясцовыя жыхары займаліся земляробствам, вырошчвалі кукурузу, фасолю, тытунь і гарбузы. Яны выраблялі кераміку, былі выдатнымі мастакамі. Аднак больш важным для развіцця паселішча сталі здабыча і апрацоўка медзі, крэменю і лупняка.

Забудова паселішча вялася па плану з арыентацыяй восяў з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход. Цэнтральны раён быў адлучаны ад астатніх тэрыторый плотам даўжынёй каля 3 км. У самым цэнтры ўзвышаўся пірамідальны курган Монкс. На захад, усход, поўнач і поўдзень ад яго месціліся шырокія плошчы. Найбольшая з іх паўднёвая займала 20 га. Знакамітыя курганы з'яўляліся штучнымі насыпамі 3 тыпаў — платформы, канічныя і рабрыстыя. Яны былі неабходнымі, паколькі каля Кэхокіі знаходзілася некалькі рэк, здараліся сезонныя паводкі. На курганах будавалі жытлы, майстэрні, храмы, ладзілі могілкі. На некаторай адлегласці ад вялікага паселішча месцілі больш дробныя, яны былі злучаны дарогамі.

У сярэдзіне XIV ст. горад сутыкнуўся з крызісам і быў пакінуты жыхарамі. Прычыны крызісу да канца не высветлены. Мяркуюць, што перанаселенасць магла выклікаць праблемы з забеспячэннем драўніны, недахоп зямель для сельскай гаспадаркі. Заняпад Кэхокіі супаў з малым ледавіковым перыядам.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Французскія гандляры адкрылі Кэхокію ў канцы XVII ст. Назва была дадзена ў гонар племені індзейскай канфедэрацыі Ілінойс. Другое адкрыццё і першае навуковае апісанне адбылося дзякуючы амерыканцу Генры Бракенрыджу ў 1810 г., якому вялізарныя курганы гэтага месца нагадалі егіпецкія піраміды. У 1923 г. штат Ілінойс абвясціў, што Кэхокія знаходзіцца пад яго аховай і стварыў гістарычны парк плошчай 890 га.

Пасля II Сусветнай вайны праграма будаўніцтва федэральных шляхоў прадугледжвала разбурэнне некалькіх курганаў для пракладкі шашы. Гэта выклікала пратэсты навукоўцаў і грамадскіх актывістаў. Для ўрэгулявання сітуацыі федэральныя ўлады і ўрад штата вылучылі фінансавую падтрымку для арганізацыі археалагічных раскопак, якія працягваюцца да нашых дзён.

Кэхокія займае агульную плошчу 1600 га і ўключае 120 штучныхт курганоў, а таксама колападобны Вудхэндж — рэканструяваную рытуальную пляцоўку. У 1989 г. былі створаны музей і асветніцкі цэнтр. Штогод парк наведваюць болей за 1 млн турыстаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 198
рус.англ.фр.